797-мы дзень вайны. Расія ўдарыла па Адэсе — 17 пацярпелых, у горадзе абвешчаная жалоба
Увечары 29 красавіка расійская армія нанесла ўдар па Адэсе, верагодна, балістычнай ракетай з касетнай баявой часткай. Праз атаку значна пашкоджаны Палац студэнтаў Нацыянальнага ўніверсітэта «Адэская юрыдычная акадэмія», вядомы як «Замак Гары Потэра». Плошча пажару будынка склала 600 кв. метраў.
У выніку атакі таксама пашкоджаная іншая грамадзянская інфраструктура і жылыя дамы. Загінулі пяць чалавек, таксама памёр мужчына, у якога на вуліцы падчас ракетнага ўдару здарыўся сардэчны прыступ — выратаваць яго не ўдалося.
Былі параненыя дзясяткі людзей, сярод якіх — двое дзяцей, цяжарная жанчына і былы нардэп Сяргей Ківалаў, які з'яўляецца заснавальнікам і экс-рэктарам Адэскай юрыдычнай акадэміі, а таксама прэзідэнтам Міжнароднага гуманітарнага універсітэта (МДУ).
Непадалёк ад узбярэжжа забіты сабака, які гуляў разам з уладальніцай.
Пазней стала вядома пра гібель у выніку ракетнай атакі РФ прарэктара МДУ Барыса Васільева. 44-гадовага мужчыну знайшлі мёртвым непадалёк ад палаючага будынка. Гаворка ідзе пра прарэктара па пытаннях вучэбна-інавацыйнага развіцця і эканамічнай дзейнасці названага ВНУ.
«Цела было знойдзенае на тэрыторыі Палаца студэнтаў Нацыянальнага Адэскага юрыдычнага ўніверсітэта», — адзначылі ў Адэскай пракуратуры.
Паводле слоў кіраўніка Адэскай абласной адміністрацыі Алега Кіпера, у рэгіёне сёння аб'яўлена жалоба.
«У сувязі з гібеллю пяці чалавек, у выніку расійскай ракетнай атакі па Адэсе, сёння ў Адэскай вобласці аб'яўлены дзень жалобы. Выказваю свае шчырыя спачуванні тым, хто страціў блізкі», — адзначыў чыноўнік.
Паводле даных мэра Адэсы Генадзя Труханава, па стане на раніцу 30 красавіка ў бальніцах горада застаюцца 17 чалавек, пацярпелых 29 красавіка ў выніку расійскай атакі. Сярод іх адно дзіця.
Іх стан рознай ступені цяжкасці. Лекары аказваюць усю неабходную дапамогу.
Расійскія захопнікі за мінулыя суткі ўзмоцнена ішлі ў атаку на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба УСУ.
«За мінулыя суткі адбылося 115 баявых сутыкненняў», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле даных Генштаба УСУ, увогуле, РФ нанесла пяць ракетных і 47 авіяцыйных удараў, здзейсніла 90 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх вайскоўцаў і населеных пунктах.
Пад артылерыйскім агнём былі больш за 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
У зводцы сказана, што на Купянскім кірунку ўкраінскімі вайскоўцамі адбіта дзевяць нападаў у раёнах населеных пунктаў Бераставое і Навасергіеўка Харкаўскай вобласці і Стэльмахоўка на Луганшчыне.
На Ліманскім напрамку адбіта 13 нападаў, ажыццёўленых акупантамі пры падтрымцы авіяцыі, у раёнах населеных пунктаў Цвердахлебава, Неўскае і Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці; Церны, Тарское і паўднёвей Зарэчнага Данецкай вобласці.
У той жа час, на Бахмуцкім напрамку ўкраінскімі вайскоўцамі адбіта 33 атакі ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці; Верхнекаменскае, Новы, Іванаўскае, Кляшчыеўка, Андрэеўка, Роздалаўка і Часаў Яр Данецкай вобласці, дзе РФ, пры падтрымцы авіяцыі, спрабавала палепшыць тактычнае становішча.
Акрамя таго, на Аўдзееўскім кірунку, украінскімі абаронцамі адбіта 24 атакі ў раёнах населеных пунктаў Архангельскае, Новакалінава, Ачарэціна, Сокал, Салаўёва, Сямёнаўка, Арлоўка і Нетайлава Данецкай вобласці, дзе расійцы пры падтрымцы авіяцыі спрабавалі выцесніць украінскія падраздзяленні з займаных рубяжоў.
Разам з тым на Навапаўлаўскім кірунку УСУ працягваюць стрымліваць захопнікаў у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Георгіеўка і Ураджайнае Данецкай вобласці, дзе расійцы пры падтрымцы авіяцыі 20 разоў спрабаваў прарваць абарону ўкраінскіх войскаў.
На Арэхаўскім кірунку акупанты пры падтрымцы авіяцыі сем разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёне Старамайорскага Данецкай вобласці і Навадараўкі Запарожскай вобласці.
У зводцы адзначана, што на Херсонскім кірунку «вораг не адмаўляецца ад намеру выбіць ўкраінскія падраздзяленні з плацдармаў на левабярэжжы Дняпра» і за мінулыя суткі здзейсніў тры беспаспяховыя атакі на пазіцыі ўкраінскіх войскаў.
Расійскае вайсковае камандаванне цяпер разважае над некалькімі тактычнымі напрамкамі на ўсходзе Украіны, на якіх можна будзе пачаць наступ гэтым летам, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Эксперты мяркуюць, што стабілізацыя сітуацыі на паўночны захад ад Аўдзееўкі ставіць камандаванне РФ перад выбарам. У прыватнасці, яны могуць працягнуць рух на захад у бок Пакроўска або спрабаваць прасунуцца на поўнач, каб разгарнуць дадатковыя аперацыі вакол Часавага Яра.
Паводле апошніх геалакацыйных кадраў, якія апублікаваныя 28-29 красавіка, расійцы прасунуліся ў заходнім і паўночна-усходнім кірунку ад Ачарэціна уздоўж чыгуначнай лініі.
«Баі таксама працягваліся на паўночны захад ад Аўдзееўкі каля Калінавага, Архангельскага, Навабахмутаўкі, Салаўёва, Сокала, Новапакроўскага і Навасёлаўкі Першай, а таксама на захад ад Аўдзееўкі каля Арлоўкі і Уманскага», — дадалі ў справаздачы.
Некалькі ваенных блогераў заявілі, што акупанты праводзяць наступальныя аперацыі ў раёне Кераміка з мэтай прасоўвання ў напрамку Архангельскага, але таксама спрабуюць прасунуцца на захад з раёна Ачарэціна ў напрамку Сокала і на паўднёвы захад у напрамку Навапакроўскае — Навасёлаўка Першая.
Сітуацыя ў Крынках на левабярэжжы Херсоншчыны складаная, але Узброеныя сілы Украіны ўтрымліваюць пазіцыі, нягледзячы на праўзыходныя сілы ворага. Пра гэта начальнік Цэнтра стратэгічных камунікацый Сіл абароны Поўдня Дзмітрый Пляцянчук сказаў у эфіры тэлемарафона.
Паводле яго слоў, за мінулыя суткі расійскія акупанты беспаспяхова атакавалі Крынкі тры разы.
«Сітуацыя там застаецца складанай. У першую чаргу складанай з-за таго, што фактычна марпехі трымаюцца аўтаномна. Таму што паміж намі рака Днепр. І, вядома, лагістыка там вельмі складаная, як і ратацыя, так і эвакуацыя, і іншыя пытанні. Але яны працягваюць утрымліваць свае пазіцыі, нягледзячы на сілы праціўніка, якія пераўзыходзяць у колькасці», — сказаў Пляцянчук.
Ён дадаў, што ўкраінскія абаронцы, замацаваўшыся на плацдарме Крынак, трымаюцца далей.
Расійцы ўжываюць некіравальныя боепрыпасы, прыцягваючы штурмавую авіяцыю Су-25 або верталёты Мі-8 і Мі-24.