Адказнасць за выбух аўтамабіля Дар'і Дугінай узяла на сябе расійская «Нацыянальная Рэспубліканская армія»

За ліквідацыяй дачкі пуцінскага прапагандыста і ідэолага Аляксандра Дугіна Дар'і, якая сама неаднаразова апраўдвала расійскую агрэсію, стаіць «Нацыянальная Рэспубліканская армія».

7dc1e_clip_151kb_e1661101888244.webp

Падрыў яе машыны ў Падмаскоўі — гэта партызанская акцыя, мэтай якой з'яўляецца супраціў крамлёўскаму рэжыму. Пра гэта на канале «Утро февраля» заявіў расійскі апазіцыянер Ілля Панамароў.

У эфіры ён зачытаў маніфест «Нацыянальнай рэспубліканскай арміі», якая звярнулася да Іллі Панамарова з просьбай агучыць, што яна бярэ адказнасць за акцыю.

Сэнс маніфеста «НРА» ў тым, што «расійскія актывісты, вайскоўцы і палітыкі, цяпер партызаны і байцы «Нацыянальнай рэспубліканскай арміі» абвяшчаюць аб супраціве «падпальшчыкам вайны, рабаўнікам і прыгнятальнікам народаў Расіі».

«Мы аб'яўляем прэзідэнта Пуціна узурпатарам улады і вайсковым злачынцам, які <...> развязаў братазабойчую вайну паміж славянскімі народамі і адправіў расійскіх жаўнераў на верную і бессэнсоўную смерць. <...> Мы лічым, што пазбаўленыя права голасу людзі маюць права на паўстанне супраць тыранаў», — гаворыцца ў звароце.

Ілля Панамароў падтрымаў дзеянні «Нацыянальнай рэспубліканскай арміі». Па яго словах, яна не ваюе з мірным насельніцтвам і не будзе ажыццяўляць акцыі супраць цывільных аб'ектаў.

Панамароў падкрэсліў, што на тэрыторыі Украіны таксама створаныя Расійскі Добраахвотніцкі Корпус і Легіён свабоднай Расіі, якія ваююць на франтах гэтай вайны з пуцінскімі захопнікамі і гатовыя ісці да канца.

Дачка расійскага шавініста Аляксандра Дугіна загінула каля дзевяці вечара 20 жніўня пад Масквой у выніку выбуху аўтамабіля. Паводле інфармацыі відавочцаў, выбух у аўтамабілі, за рулём якога была Дар'я Дугіна, адбыўся пад дном транспарту. Пасля гэтага пазадарожнік ахапіла полымя, ён з'ехаў з дарогі і ўляцеў у пабудову каля трасы.

Знаёмы загінулай Андрэй Красноў у інтэрв'ю расійскім СМІ пацвердзіў, што машына належыць бацьку Дар'і — Аляксандру Дугіну.

Дугіна называюць кансультантам Пуціна па прапагандзе. Яго дачка Дар'я Дугіна — журналіст і публіцыст, працягвала справу бацькі і прасоўвала ідэі «еўразійства». У ліпені яна трапіла пад заходнія санкцыі.

Расійскія прапагандысты пісалі, што Дугін таксама павінен быць ехаць разам з дачкой, але ў апошні момант сеў у іншую машыну.

Паводле звестак СК, у аўто, як мяркуецца, спрацавала выбуховае прыстасаванне. Узбуджана крымінальная справа аб забойстве агульнанебяспечным спосабам.