Анджэй Дуда: Як нацыя, мы яшчэ раз паказваем, што такое салідарнасць

Анджэй Дуда адзначыў: цяпер не час для палітычных спрэчак, цяпер важная Польшча і яе бяспека, важная дапамога Украіне.

Фота: PR/screen

Фота: PR/screen

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда звярнуўся да народа Польшчы з пасланнем.

У сваім звароце Анджэй Дуда нагадаў аб сваім нядаўнім візіце ва Украіну: «Літаральна тыдзень таму я быў у прыгожым, ганарлівым Кіеве і размаўляў з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Праз некалькі гадзін расійскія войскі напалі на незалежную Украіну, развязаўшы супраць нашага суседа жорсткую вайну. Сёння на Кіеў падаюць бомбы, а жыхары разам з украінскім войскам абараняюць свой горад», — сказаў ён.

Анджэй Дуда таксама звярнуў увагу на злачынствы, якія ўчыняюцца расійскім войскам супраць мірнага насельніцтва. «Шматкватэрныя дамы, школы і бальніцы падвяргаюцца нападам. Шматлікія напады расійскіх войскаў носяць на сабе прыкметы генацыду. Я веру, што яны не застануцца беспакаранымі і што вінаватыя адкажуць перад міжнароднымі трыбуналамі», — сказаў прэзідэнт.

У сваім звароце прэзідэнт падкрэсліў, што «Польшча з першага дня актыўна дапамагае сваім суседзям». Ён нагадаў аб намаганнях польскіх улад па абмежаванні Расіі. — Мы дабіваліся самых жорсткіх санкцый супраць агрэсараў на міжнароднай арэне, і яны сталі фактам, — сказаў ён. Ён таксама запэўніў, што знаходзіцца ў «пастаянным кантакце» з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам, лідарамі ЕС і іншымі сусветнымі лідарамі.

Сёння польскі пункт гледжання прыняла пераважная большасць заходніх краін. Гэта вялікая змена, — адзначыў Анджэй Дуда. Ён таксама спаслаўся на просьбу ўкраінскіх уладаў надаць дзяржаве статус кандыдата ў Еўразвяз.

— Мы выступаем за Украіну ў яе імкненні стаць сябрам ЕС.

Паводле яго слоў, у рамках НАТА мы аказваем канкрэтную дапамогу Украіне, якая абараняецца.

Прэзідэнт адзначыў, што з пачатку ўварвання «Польшча ўжо прыняла больш за паўмільёна бежанцаў, якія ратуюцца ад трагедыі вайны».

Анджэй Дуда перадаў сваім суайчыннікам словы падзякі ад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

— Амаль кожны дзень я размаўляю з прэзідэнтам Зяленскім аб тым, як мы можам падтрымаць нашых суседзяў.

Прэзідэнт запэўніў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім і міністрамі. Ён падкрэсліў, што «ўся адміністрацыя, як цэнтральная, так і мясцовая, сутыкнулася з вялікім выклікам», і што «адпаведныя службы прыведзены ў падвышаную гатоўнасць».

— Я высока ацэньваю дзейнасць, распачатую ў апошнія дні. Польская дзяржава здае іспыт, — адзначыў Анджэй Дуда.

Польшча з’яўляецца лідарам дапамогі Украіне, таму мы сталі і будзем мішэнню арганізаванай, цынічнай, расійскай прапаганды і дэзінфармацыі. Мы ўсе павінны гэта ўсведамляць, — сказаў прэзідэнт. Паводле яго слоў, «у замежных СМІ ўжо былі спробы абгаварыць Польшчу, выклікаць варожыя эмоцыі ў адносінах да бежанцаў, якія прымаюцца намі».

— Такіх правакацый можна чакаць шмат у бліжэйшы час. Запэўніваю вас, што мы як дзяржава жорстка на іх адрэагуем, але таксама прашу ўсіх быць вельмі асцярожнымі і адказнымі.

Анджэй Дуда падкрэсліў неабходнасць «адзінства і адказнасці» не толькі ў грамадстве, але і на палітычнай арэне.

— Пра гэта я гаварыў сёння на Савеце нацыянальнай бяспекі з удзелам палітыкаў, якія прадстаўляюць як уладу, так і апазіцыю. На заўтра ў Прэзідэнцкі палац я запрасіў свайго суперніка па прэзідэнцкіх выбарах, прэзідэнта Варшавы Рафала Тшаскоўскага, а таксама прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, — сказаў ён.

Сёння нам неабходна супрацоўніцтва. Цяпер не час для палітычных спрэчак. Важная Польшча і яе бяспека, важная дапамога Украіне, якая змагаецца за незалежнасць. Гэтага патрабуе польскі дзяржаўны сэнс, падкрэсліў прэзідэнт.

Свой зварот ён завяршыў словамі: «Няхай жыве свабодная, незалежная і дэмакратычная Украіна! Няхай жыве Польшча!».

Паводле www.racyja.com, www.polskieradio24.pl