Аэрадром у Энгельсе. Фота: Maxar
26 снежня каля 01.35 па беларускім часе «сродкамі супрацьпаветранай абароны ПКС Расіі на малой вышыні пры падлёце да ваеннага аэрадрома «Энгельс» у Саратаўскай вобласці збіты ўкраінскі беспілотны лятальны апарат», распавялі ў ведамстве.
У Мінабароны РФ таксама заявілі, што ў выніку падзення аскепкаў ёсць ахвяры: «трое расійскіх вайскоўцаў тэхнічнай службы, якія знаходзіліся на аэрадроме, атрымалі смяротныя раненні. Авіяцыйная тэхніка пашкоджанняў не атрымала».
Уначы 26 снежня сацсеткі і тэлеграм-каналы са спасылкай на мясцовых жыхароў паведамілі аб выбухах у раёне аэрадрома ў Энгельсе. Паведамлялася аб трох загінулых і чатырох пацярпелых. Губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін напісаў, што ніякіх надзвычайных здарэнняў у жылых кварталах горада не было. Паводле яго слоў, «ніякай пагрозы для жыхароў абсалютна няма».
Як бачым, пагроза ёсць.
Губернатар таксама зазначыў, што аб'екты грамадзянскай інфраструктуры не пацярпелі, а інфармацыю аб здарэнні на ваенным аб'екце правяраюць сілавыя структуры.
Ваенны аэрадром «Энгельс»
атакаваны ўжо другі раз. Раніцай 5 снежня там, а таксама на аэрадроме «Дзягілева» ў Разанскай вобласці адбыліся выбухі. У Мінабароны Расіі сцвярджалі, што Кіеў спрабаваў нанесці ўдары па аэрадромах з дапамогай рэактыўных беспілотнікаў савецкай вытворчасці, аднак іх збілі з дапамогай сродкаў СПА.
Афіцыйна Кіеў
не браў на сябе адказнасць за атаку. «The New York Times»
пісала, што беспілотнікі былі запушчаны з тэрыторыі Украіны, пры гэтым як мінімум адзін з удараў быў нанесены з дапамогай украінскага спецназа, які нібыта знаходзіўся непадалёк ад базы і дапамагаў скіраваць беспілотнікі.