Больш за 100 ракет. Расія нанесла па Украіне самы масавы ўдар ад пачатку вайны

Новыя абстрэлы Расіяй энергетычных аб'ектаў Украіны адаб'юцца і на энергасістэмах суседніх дзяржаў.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Расійскія войскі ў аўторак, 15 лістапада, нанеслі самы масавы ракетны ўдар па энергасістэме Украіны з пачатку поўнамаштабнай вайны. Новыя ўдары могуць паўплываць не толькі на ўкраінскую, але і на энергасістэмы шэрагу дзяржаў-суседзяў. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка на сваёй Facebook-старонцы.

«Зноў Расія наносіць маштабныя ракетныя ўдары па аб'ектах энергетыкі. Гэта самы масавы абстрэл энергасістэмы з пачатку вайны. Гэтая атака можа паўплываць не толькі на энергасістэму Украіны, але і на энергасістэмы некаторых нашых суседзяў. Траплянні адбываюцца па ўсёй украінскай энергасістэме: як па аб'ектах генерацыі, так і па сістэме перадачы электраэнергіі», — адцеміў міністр энергетыкі.

Вораг робіць чарговую спробу тэрарыстычнага рэваншу, лічыць украінскі міністр. У сувязі з гэтым Масква спрабуе нанесці максімальную шкоду ўкраінскай энергасістэме пасля шэрагу паразаў Расіі на ваеннай і міжнароднай арэнах.

Кіраўнік МЗС МалдовыНіку Папеску напісаў, што кожная бомба, якая падае на іх краіну, закранае Малдову і яе народ. Паводле яго слоў, у некаторых рэгіёнах Малдовы адключылі электраэнергію з-за таго, што расійскія ракеты трапілі ў гарады і жыццёва важную інфраструктуру Украіны.



Нагадаем, сёння, 15 лістапада, Расія ўдарыла ракетамі па Кіеве і яшчэ дзесяці рэгіёнах — Хмяльніцкай, Ровенскай, Валынскай, Львоўскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Кіраваградскай, Днепрапятроўскай, Палтаўскай і Харкаўскай абласцях. У многіх гарадах знікла святло.

Паводле інфармацыі УСУ, гэтая атака стала самай маштабнай — расіяне выпусцілі не менш за 100 ракет. Большую частку ўкраінская СПА здолела збіць.

Уладзімір Зяленскі звярнуўся з гэтай нагоды да ўкраінцаў і сказаў, што яны ўсё адновяць:

Зразумела чаго хоча вораг — але ён свайго не даб'ецца, — сказаў кіраўнік Украіны і папярэдзіў, што магчымыя яшчэ каля 20 ракетных удараў. Зяленскі папрасіў украінцаў некаторы час заставацца ва ўкрыццях.

Зяленскі сказаў, што ракетныя ўдары «адключылі нашу энергетыку» ў многіх гарадах, але ўжо ідзе праца над яе аднаўленнем.

«Мы працуем, усё адновім, усё перажывём! Слава Украіне! Вы малайцы!» — рэзюмаваў Зяленскі.