Брытанская выведка: Спроба РФ блакаваць украінскія парты паставіць пад пагрозу расійскі ваенны флот
Расія вырашыла выйсці з «хлебнай ініцыятывы», бо палічыла, што яна ўжо не ў яе інтарэсах. Астатняе — толькі дэмагогія
Мінабароны Вялікабрытаніі ў штодзённым аглядзе сітуацыі ва Украіне аналізуе, чаму Расія адмовілася ад збожжавай здзелкі, пра прычыны і наступствы такога рашэння РФ.
У прыватнасці, Брытанская ваенная разведка мяркуе, што ўлады РФ ужо даўно прынялі рашэнне не працягваць тэрмін дзеяння здзелкі, таму што яна перастала адпавядаць іх інтарэсам. Сапраўдныя прычыны, гаворыцца ў аглядзе, Расія замаскіравала дэзінфармацыяй — і абвясціла, што выхад з пагаднення звязаны з тым, нібы грамадзянскія караблі падвяргаюцца небяспецы з-за ўкраінскіх мін і што Украіна нібыта выкарыстала збожжавы калідор у ваенных мэтах. Ніякіх доказаў гэтаму, падкрэсліваюць аўтары агляду, прадастаўлена не было.
Мінабароны РФ заявіла, што пасля спынення збожжавай здзелкі ўсе караблі, якія ідуць па Чорным моры ў парты Украіны, будуць разглядацца як перавозчыкі ваенных грузаў і могуць быць знішчаныя.
З 00:00 па маскоўскім часе 20 ліпеня ўсе караблі, якія ідуць у акваторыі Чорнага мора ў парты Украіны, будуць разглядацца як патэнцыйныя перавозчыкі грузаў ваеннага прызначэння. Пры гэтым краіны, чые сцягі будуць на караблях, будуць уважацца за ўцягнутыя ва «ўкраінскі канфлікт» на баку Кіева.
Блакада чарнаморскіх партоў, гаворыцца ў аглядзе, акрамя іншых наступстваў, нясе пагрозу і для самога расійскаму флоту. Украінскія марскія дроны і крылатыя ракеты берагавой абароны, лічаць у Мінабароны Вялікабрытаніі, будуць атакаваць караблі ВМФ РФ, што задзейнічаныя ў блакадзе.
Тэрмін збожжавай здзелкі, у рамках якой збожжа з украінскіх партоў маглі вывозіць па Чорным моры праз узгоднены з Расіяй бяспечны калідор, скончыўся 17 ліпеня. Расійскія ўлады абвясцілі, што яна спыненая, бо частка дамоўленасцяў, якія тычацца Расіі, не выкананая.
Пры гэтым РФ і раней, на працягу некалькіх месяцаў, не забяспечвала стабільную працу «збожжавага калідора». Расія заблакавала праверку судоў і абстраляла збожжавыя тэрміналы адэскіх партоў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваю чаргу заявіў, што Кіеў можа працягнуць пастаўкі збожжа па Чарнаморскім калідоры без удзелу Расіі. Украіна разглядае таксама магчымасць транспарціроўкі прадуктаў харчавання праз тэрытарыяльныя воды Румыніі і Балгарыі.
ЗША не плануюць прадастаўляць ваенны эскорт для судоў са збожжам. Каардынатар Рады Нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі падкрэсліў, што ЗША не будуць адпраўляць ваенныя караблі для суправаджэння камерцыйных судоў з Украіны пасля разрыву збожжавай здзелкі. Кірбі заявіў, што збожжа з Украіны цяпер можна вывозіць толькі па сухапутным калідоры: «Адзіны варыянт — перавозіць па сушы, па чыгунцы, грузавым транспартам. Гэта больш цяжка, менш эфектыўна».
Паводле www.rbc.ua, meduza.io