Марская блакада: Расія збіраецца тапіць усе караблі, што пойдуць у парты Украіны
Расія паведаміла, што гатова тапіць «падазроныя» караблі ў Чорным моры — а такімі назвала ўсе караблі, якія ідуць у парты Украіны, незалежна ад таго, пад якім яны сцягам, піша korrespondent.net.
Усе караблі, якія ідуць у акваторыі Чорнага мора ў парты Украіны, будуць разглядацца як «законныя ваенныя цэлі», нібыта яны — патэнцыйныя перавозчыкі грузаў ваеннага прызначэння, адзначылі ў Маскве.
Расія фактычна пачала марскую блакаду Украіны. РФ абвясціла шэраг раёнаў у паўночна-заходняй і паўднёва-ўсходняй частках міжнародных вод Чорнага мора часова небяспечнымі для суднаходства. Пра гэта паведаміла Мінабароны РФ у сераду, 19 ліпеня.
Сцвярджаецца, што з 00:00 па маскоўскім часе 20 ліпеня ўсе караблі, якія ідуць у акваторыі Чорнага мора ў парты Украіны, будуць разглядацца як патэнцыйныя перавозчыкі грузаў ваеннага прызначэння. Пры гэтым краіны, чые сцягі будуць на караблях, будуць уважацца за ўцягнутыя ва «ўкраінскі канфлікт» на баку Кіева.
Таксама расійскае Мінабароны выдала інфармацыйныя папярэджанні, што адклікала гарантыі бяспекі мараплаўцам у сувязі са спыненнем збожжавага пагаднення.
Нагадаем, 17 ліпеня Расія абвясціла аб выхадзе са збожжавага пагаднення і адклікала гарантыі бяспекі ў Чорным моры.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што збожжавае пагадненне павінна дзейнічаць без Расіі і Украіна не баіцца працягваць экспарт збожжа. Паводле яго слоў, абмяркоўваецца пытанне марскіх канвояў.
Так, у сваім вечаровым звароце 17 ліпеня Зяленскі паведаміў, што Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву неабходна захаваць, таму дамовіліся з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам «працаваць разам і з адказнымі дзяржавамі».
Зяленскі распавёў таксама, што накіраваў афіцыйныя лісты Эрдагану і Гутэрышу з прапановай прадоўжыць працу Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы або яе аналага ў трохбаковым фармаце, без Расіі: «Украіна, ААН і Турцыя сумесна могуць забяспечыць працу харчовага калідора і інспектаванне судоў. Гэта трэба для ўсіх у свеце. І кожны, хто падтрымае, стане выратавальнікам жыцця на велізарнай прасторы ад Марока да Кітая, ад Інданезіі да Лівана».
Таксама стала вядома, што ЗША не плануюць прадастаўляць ваенны эскорт для судоў са збожжам. Каардынатар Рады Нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі падкрэсліў, што ЗША не будуць адпраўляць ваенныя караблі для суправаджэння камерцыйных судоў з Украіны пасля разрыву збожжавай здзелкі. Кірбі заявіў, што збожжа з Украіны цяпер можна вывозіць толькі па сухапутным калідоры: «Адзіны варыянт — перавозіць па сушы, па чыгунцы, грузавым транспартам. Гэта больш цяжка, менш эфектыўна».