Была ў сабакі хата... Як Крым у адзін момант згубіў усіх, каго любіў

У Дняпры ад абстрэлу загінула сям'я. Выратавалі толькі сабаку, які ацалеў пасля ракетнага ўдару па прыватным доме ў ноч на 29 верасня.

49_main_v1664443356.jpg


У выніку ракетнага абстрэлу загінулі чатыры чалавекі: двое дзяцей, іх мама і бабуля, паведаміў гарадскі галава Дняпра Барыс Філатаў у Telegram.
Выжыў толькі сабака па мянушцы Крым — ён сядзеў на руінах і чакаў гаспадароў.
«Жыла-была сям'я. Калі пачалася вайна, то мама вырашыла перавезці дзяцей з праспекта Поля ў бяспечнае месца.
У прыватным сектары. Да бабулі. Сёння ў іх дом прыляцела расійская ракета…
Людзі літаральна выпарыліся. Бабуля Ала, мама Наташа, дачка Васіліса і хлопчык Іван. І маленькі сабачка Джэк», — напісаў Філатаў.
Дом цалкам знішчаны, аднак на яго руінах ратавальнікі ўбачылі сабаку, які ацалеў.
«Калі прыехалі ратавальнікі, на руінах сядзеў стары сабака Крым. І выў…
А ў выніку прыехаў бацька. Ён служыць ва УСУ. Пад Ліманам. Можна я далей не буду працягваць?» — напісаў Філатаў.
Сабаку забралі работнікі камунальнага прадпрыемства «Заакантроль». Праз абстрэл ён атрымаў кантузію.
«Сабаку забралі, ён пад наглядам лекараў. Кантузія, сардэчная недастатковасць. Яму вельмі страшна», — напісалі на старонцы «Заакантролю».

1bc67a7_________.jpg


Гарадскія ветэрынары ўжо колюць жывёле сардэчныя прэпараты і спрабуюць стабілізаваць яго стан.
«Яшчэ ўчора тут быў дом, у якім жыла сям'я разам з сабакам. Сабака, якога клічуць Крым, ацалеў і зараз бязмежна сумуе па родных, вые ад тугі. Яго ледзь удалося забраць адтуль валанцёрам. Так на самай справе выглядае адчай...
Мы спадзяемся, што з часам Крым зможа пераадолець гэты перажыты моцны стрэс і гора. Бо ў яго застаўся адзін родны чалавек — бацька сям'і, які цяпер на фронце абараняе Украіну ад рускіх», — дадалі ў UAnimals.
Паводле life.pravda.com.ua