Энергаатам Украіны: расіяне спрабавалі захапіць яшчэ адну АЭС
Расійскія вайскоўцы ўслед за Запарожскай атамнай электрастанцыяй спрабавалі захапіць Паўднёваўкраінскую АЭС, але ўкраінскія вайскоўцы спынілі наступ.
![176421_0.jpg 176421_0.jpg](/img/v1/images/176421_0.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта паведаміў выконваючы абавязкі кіраўніка «Энергаатама» Пётр Коцін.
«Была вельмі вялікая пагроза — туды спрабавалі прарвацца, але іх адкінулі, у Вазнясенску іх спынілі. Там былі падарваныя два масты, каб яны не прайшлі. І нашы вайскоўцы прынялі бой і адкінулі за Мікалаеў. У іх нічога не атрымалася. Але яны сапраўды спрабавалі адразу пасля ЗАЭС захапіць Паўднёваўкраінскую», — сказаў ён
Паводле яго слоў, на Паўднёваўкраінскую АЭС улічылі вопыт захопу Запарожскай АЭС, і спынілі расійскія войскі на падыходзе да станцыі. «Гэтага не змаглі зрабіць на ЗАЭС — яны падышлі занадта блізка. Мы да апошняга не верылі, што яны пойдуць на Запарожскую АЭС, пакуль яны не падышлі і не пачалі яе абстрэльваць. Але мы ўсё вернем», —сказаў Коцін.
Паўднёваўкраінская АЭС мае тры блокі па 1 тыс. МВт, па магутнасці такіх жа, як на ЗАЭС. Два блокі працуюць, адзін у рамонце.
Коцін падкрэсліў, што Расія на чале з Пуціным звяртаецца да «ядзернага тэрарызму». «Тое, што адбываецца — захоп мірных атамных аб'ектаў — гэта акт ядзернага тэрарызму. Ніхто ў свеце такога яшчэ не рабіў. Пуцін піша гісторыю, і мярзотную гісторыю. Ён стаў першым дыктатарам, які бамбуе і абстрэльвае мірныя ядзерныя аб'екты, і будзе за гэта адказваць як за акт ядзернага тэрарызму. Ні ў каго няма сумневаў на гэты конт. Гэта меркаванне не толькі маё, але і меркаванне МАГАТЭ, Еўракамісіі, ААН», — заявіў Коцін.
Расійскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС у першы ж дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны — 24 лютага, а Запарожскую АЭС — 4 сакавіка. Паўднёваўкраінская АЭС размешчана непадалёк ад горада Паўднёваўкраінск у Мікалаеўскай вобласці.
Ва Украіне знаходзяцца пяць атамных электрастанцый: Запарожская АЭС, Паўднёваўкраінская АЭС, Ровенская АЭС, Хмяльніцкая АЭС, Чарнобыльская АЭС. ЧАЭС не эксплуатуецца.