ISW: РФ рыхтуецца ўзмацніць удары па Украіне, пакуль у той ёсць дэфіцыт перахопнікаў
Расія разгортвае новыя мадыфікаваныя беспілотнікі, якія могуць быць выкарыстаны для ўзмацнення ўдараў па ўкраінскай інфраструктуры і прыфрантавых раёнах. Украіна ў адказ рыхтуе новыя кантракты на сістэмы СПА, ракеты да іх, і боепрыпасы для F-16. Вайна перамяшчаецца ў паветра. Ідуць 1686-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 184 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 кастрычніка.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка і ў кірунку Папаснага, Іллінаўкі, Асікава, Райскага, Русінага Яру, Вольнага, Кучарава Яру і Залатога Калодзежа.
На Пакроўскім кірунку зафіксавана 23 атакі ў кірунку населеных пунктаў Ганнаўка, Новы Данбас, Дабраполле, Светлае, Навагрышына, Васільеўка, Сяргееўка, Навапаўлаўка, Чарнігаўка і Мірнае.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі восем разоў, на Купянскім і Гуляйпольскім кірунках украінскія падраздзяленні адбілі па пяць атак на кожным.
* * *
5 кастрычніка расійскія войскі нанеслі ўдар па Харкаву як мінімум трыма кіраванымі авіябомбамі і баявым дронам. У жылым квартале пашкоджаны шматкватэрныя дамы і аўтамабілі. 6 чалавек загінулі, 59 пацярпелі.
Вечарам 5 кастрычніка расійскія войскі нанеслі ўдар па жылым доме ў Запарожжы, 5 чалавек пацярпелі.
Раніцай 6 кастрычніка ў Кіеве з-за падзення абломкаў узнік пажар на даху навучальнай установы ў Абалонскім раёне. Пажар ліквідавалі.
У ноч на 6 кастрычніка расійскія войскі атакавалі інфраструктуру Адэсы, абышлося без пацярпелых.
У ноч на 6 кастрычніка Маскоўскую вобласць атакавалі ўдарныя дроны. Пад удар, па ўсёй верагоднасці, трапіў Маскоўскі НПЗ у Капотні, адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі.
Пасля маштабнай атакі БПЛА на Падмаскоўе адбыўся пажар на лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі «Валадарская» каля пасёлку Валадарскага. Адзначаецца, што гэтая ЛПДС з'яўляецца найбуйнейшай нафтабазай і дыспетчарскім пунктам магістральных нафтапрадуктаў у Маскоўскім рэгіёне.
* * *
* * *
Расія разгортвае новыя мадыфікаваныя беспілотнікі, якія могуць быць выкарыстаны для ўзмацнення ўдараў па ўкраінскай інфраструктуры і прыфрантавых раёнах, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Па даных аналітыкаў, расійскія распрацоўшчыкі працягваюць удасканальваць дроны: нарошчваюць іх вытворчасць, павышаюць хуткасць і манеўранасць, і выкарыстоўваюць розныя платформы для запуску. Па меркаванні ISW, гэта можа быць часткай падрыхтоўкі да ўдараў па энергетычнай і лагістычнай інфраструктуры Украіны восенню, а затым — да маштабнай кампаніі зімой.
Аналітыкі таксама паказваюць, што расійскія войскі ўжо паспяхова прымянялі рэактыўныя беспілотнікі супраць украінскай чыгуначнай інфраструктуры і рухомага складу. «Расія, верагодна, будзе імкнуцца эскалаваць гэтую кампанію», — рэзюмуюць у ISW.
* * *
Хутка Украіна атрымае партыю боепрыпасаў для знішчальнікаў F-16. Пакеты ўжо ў шляху, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце.
«Фактычна па ўсім свеце зараз мы знаходзім аснашчэнне для F-16 — гэта адзін з самых магутных на сёння інструментаў для збівання рэактыўных "шахедаў". Ужо ёсць пакеты ў шляху, і будзе яшчэ дадаткова», – заявіў прэзідэнт Украіны.
Ён таксама расказаў, што абмяркоўваў пытанне ўзмацнення супрацьпаветранай абароны з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, а таксама з прэм'ер-міністрамі Польшчы і Нідэрландаў.
Па словах Зяленскага, Украіна рыхтуе новыя кантракты на сістэмы СПА і ракеты да іх. Дэталяў ён не раскрыў, але адзначыў, што «могуць быць добрыя крокі».
* * *
Індыя пачала актыўна працаваць над перамір’ем РФ і Украіны ў Чорным моры, бо суднаходства ў рэгіёне закранае яе гандлёвыя інтарэсы, піша Bloomberg.
Міністр замежных спраў Індыі Субраманьям Джайшанкар заявіў, што Індыя адыгрывае больш непасрэдную ролю па спыненні вайны паміж Расіяй і Украінай. Для гэтага, па яго словах, краіна ўцягвае абодва бакі ў рашэнне такіх пытанняў як суднаходства і памяншэнне ваенных дзеянняў.
Дыпламат выступаў на канферэнцыі па бяспецы ў мінулыя выходныя і сказаў, што Індыя ў апошнія месяцы стала «крыху больш прыцягнутай, чым проста адвакацыя».
«Мы вядзем перамовы як з Расіяй, так і з Украінай на гэты конт. Мы стараемся быць карыснымі, пачынаючы з пытання бяспекі суднаходства ў Чорным моры», – сказаў ён.
Раней міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга прызнаў ролю Індыі ў спробах дасягнуць перамір’я. Ён сказаў, што Індыя была адной з чатырох краін, якія вылучылі прапановы па спыненні вайны, і яе прапанова была найбольш змястоўнай.
Перамовы Індыі з Расіяй і Украінай пачаліся пасля нападу ў ліпені, у выніку якіх загінулі і былі параненыя індыйскія маракі. Гэта падштурхнула Нью-Дэлі абмяркоўваць гэтае пытанне з Масквой і Кіевам, адзначае Bloomberg.