Колькасць ахвяраў у Адэсе ўзрасла да 12, з іх 5 — дзеці
У Адэсе ратавальнікі працягваюць разбіраць завалы разбуранага шматпавярховага дома. Колькасць загінулых у выніку расейскай атакі павялічылася — з-пад завалаў дасталі целы хлопчыка і дзяўчынкі. Пра гэта заявіў старшыня Адэскай АДА Алег Кіпер.
«Толькі што пад заваламі ратавальнікі знайшлі загінулага ў выніку расейскай атакі хлопчыка. Сяргею было 10 гадоў... Шчырыя спачуванні родным і блізкім», — напісаў Кіпер.
Ратавальнікі знайшлі цела і сястрычкі Сяргея. Маленькай Злаце было 8 гадоў.
«Яшчэ адно загінулае дзіця — дзяўчынка Злата. Ёй было 8 гадоў. Ратавальнікі зараз дэблакуюць іх з брацікам Сяргеем целы. Неапісальнае жудаснае гора для Адэскай вобласці і ўсёй Украіны. Расея — краіна-тэрарыст», — напісаў Кіпер.
Хлопчык і дзяўчынка сталі чацвёртай і пятай малалетнімі ахвярамі, якія загінулі з-за расійскага ўдару па Адэсе. Яны — з сям'і вайскоўца, які разам з жонкай і яшчэ адным дзіцем таксама загінуў пад заваламі гэтага дома. Алег і Таццяна Кравец пазнаёміліся на службе, потым жанчына звольнілася, каб даглядаць нованароджаную дачку. Сёння, 3 сакавіка, пад заваламі разам з мамай Таццянай знайшлі 7-месячнае немаўля. А 40-гадовага Алега мёртвым выцягнулі з-пад руін напярэдадні. Сяргей і Злата, якіх знайшлі сёння, — дзеці Таццяны ад папярэдняга шлюбу.
Уначы 2 сакавіка войска РФ нанесла па Адэскай вобласці ўдар — 8 беспілотнікаў былі запушчаныя з акваторыі Чорнага мора. Адзін з іх падчас манеўраў сярод жылых кварталаў спальнага раёна Адэсы трапіў у 9-павярховы дом, адзін пад'езд амаль цалкам разбураны. Раніцай 3 сакавіка было вядома пра 10 загінулых, сярод якіх трое маленькіх дзяцей — два немаўляты і 3-гадовы хлопчык. Малых знайшлі ў абдымках маці, якія іх прыкрылі сабой. Усяго пакуль вядома пра 12 ахвяраў расейскай атакі.
Па ўсёй Адэскай вобласці 3 сакавіка была абвешчана жалоба з-за загінулых у выніку расійскай атакі ў ноч на суботу. Паблізу разбуранага дома мясцовыя жыхары зладзілі стыхійны мемарыял, куды прыносяць кветкі, знічкі і дзіцячыя цацкі.