«Леапардаў» выпусцілі з клеткі. Чаму вакол гэтых танкаў такі ажыятаж?
Заходнія саюзнікі нарэшце дамовіліся: Германія дазваляе пастаўляць УСУ танкі Leopard 2, а частку танкаў паставіць сама. УСУ атрымаюць асноўныя баявыя танкі Еўропы, якія называюць лепшымі танкамі ў свеце, піша тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».
Будзе з чым наступаць
Да вайны аснову парку УСУ складалі састарэлыя савецкія Т-72 і Т-80. Для наступу на падрыхтаваныя рубяжы расійцаў УСУ жыццёва неабходныя сучасныя танкі. Арміі еўрапейскіх краін маюць больш за 2000 Leopard 2. Іх гатоўнасць для тэрміновай адпраўкі на фронт прыцягвае саюзнікаў.
Калі каля паловы краін NATO дадуць хаця б па 14 танкаў (па аднаму эскадрону), ва Украіны будзе больш за сотню цяжкіх танкаў.
«Лепшы танк у свеце»
Некалькі вядучых заходніх ваенных выданняў называлі Leopard 2 «лепшым танкам у свеце». Гэта асноўны баявы танк Бундэсвера, ён стаіць на ўзбраенні яшчэ 20 краін. У «аснове» яны таму, што спалучаюць у сабе ўсе рысы, неабходныя фронту: цяжка браніраваныя, вельмі рухомыя і маюць высокую баявую моц.
Нямецкі танк узброены той жа гарматай, што і «Абрамс», але, у адрозненне ад амерыканскай машыны, можа эфектыўна весці агонь падчас руху. Сістэма кіравання агнём здольная самастойна выяўляць замаскіраваныя мэты па іх цеплавым выпраменьванні. У іх сучасная оптыка, якая дазваляе аднолькава эфектыўна весці бой і днём і ноччу.
Эксперты адзначаюць высокую надзейнасць і баявую жывучасць танка. «Леапарды» прасцей у абслугоўванні і спажываюць менш паліва, чым «Абрамсы».
У 2023 годзе Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў адзначаў, што Leopard 2 «мабыць, самы паспяховы з сучасных заходніх танкаў». На думку экспертаў IISS, Leopard 2 ад мадыфікацыі 2A5 і вышэй, а таксама польская мадыфікацыя Leopard 2PL дае экіпажу перавагу перад усімі расійскімі танкамі, акрамя самых апошніх расійскіх бронемашын з-за цеплавізійнай оптыкі камандзіра як дадатку прыцэла наводчыка.
Плюс Страйкеры
Па лендлізе Пентагон перадасць Украіне таксама больш за 150 БМП «Брэдлі» і 90 «Страйкераў» — колавых браніраваных машын. Браня «Страйкераў» менш шчыльная, чым у «Брэдлі», што робіць гэтыя машыны лягчэйшымі і больш і хуткімі, дазваляючы развіваць да 100 кіламетраў у гадзіну. Амерыканцы сцвярджаюць, што «Страйкеры» будуць вельмі зручныя ў будучых контрнаступленне УСУ. Іх заднія дзверы апускаюцца, дазваляючы браняванай машыне заехаць і высадзіць салдат прама ў сэрца бітвы.
У спалучэнні з «Леапардамі» гэта будзе даволі эфектыўная «звязка» на полі бою.
Як пісаў «НЧ», нямецкія СМІ пачалі казаць пра згоду Германіі перадаць танкі яшчэ ўчора. А выданне «The Wall Street Journal» паведаміла ў аўторак, 24 студзеня, што Злучаныя Штаты ў сваю чаргу разглядаюць магчымасць пастаўкі сваіх асноўных баявых танкаў «Abrams». Аналагічнае рашэнне пра пастаўку танкаў таксама разглядае і Францыя. Вялікабрытанія таксама ўжо абвясціла аб перадачы УСУ 14 сваіх танкаў «Challenger-2».