На актрысу Лію Ахеджакаву ў Расіі напісалі данос. Могуць пачаць крымінальную справу

Прапуцінскі актывіст Віталь Барадзін звярнуўся да генпракурора Расіі Ігара Краснова з просьбай пачаць у дачыненні да 84-гадовай актрысы Ліі Ахеджакавай справу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Тэкст звароту распаўсюдзіў тэлеграм-канал Ксеніі Сабчак «Крывавая пані».

Фота: Vida press

Фота: Vida press

Барадзін заявіў, што Ахеджакава «крытыкуе прынятыя дзяржаўнымі органамі і прэзідэнтам Расіі пастановы і палітыку ў дачыненні да спецыяльнай ваеннай аперацыі, якая праводзіцца РФ ва Украіне» і нібыта фінансуе УСУ (сама Ахеджакава гэта адмаўляла).

Аўтар даносу папрасіў пачаць у дачыненні да Ліі Ахеджакавай крымінальную справу паводле артыкулаў аб «дзяржаўнай здрадзе», «дыскрэдытацыі войска Расіі» і «распальванні нянавісці альбо варожасці». Таксама ён заклікаў абвясціць артыстку «замежным агентам» і пазбавіць яе дзяржаўных узнагарод і званняў.

Лія Ахеджакава пакуль гэта не каментавала.

Пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Лія Ахеджакава неаднаразова выступала за спыненне вайны і заклікала людзей не маўчаць пра сваю антываенную пазіцыю.

У пачатку лютага тэатр «Сучаснік» у Маскве пазбавіў Лію Ахеджакаву апошняй ролі нібыта з-за «гнеўных лістоў» у яе адрас, і артыстка звольнілася з тэатра.

Пасля таго, як у Ахеджакавай адабралі апошнюю ролю ў «Сучасніку», рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў правёў у яе падтрымку акцыю «лісты для Ліі». Ахеджакавай напісалі 15 тысяч лістоў.

Пасля звальнення з тэатра Лія Ахеджакава заявіла, што не збіраецца ўцякаць і хавацца. Таксама актрыса сказала, што любіць Расію нягледзячы на магчымае прызнанне яе «замежным агентам», звальненне з працы і штраф за «дыскрэдытацыю расійскага войска».

«Так, мяне прыбралі з «Сучасніка». Мне шкада грошай, яны бяруць штраф у кагосьці 50 тысяч, у кагосьці 100 тысяч рублёў, а потым абвесцяць замежным агентам. Ужо ляжыць пра гэта таксама данос у пракуратуры», — сказала Ахеджакава.

Лія Ахеджакава — савецкая і расійская актрыса, з 1994 года мае званне народнай артысткі Расійскай Федэрацыі. Яна таксама лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РСФСР імя братоў Васільевых (1979). Двойчы Ахеджакава атрымлівала нацыянальную прэмію «Ніка» за лепшую жаночую ролю другога плана (фільмы «Нябёсы запаветныя» і «Строячы з сябе ахвяру»). У 2015 годзе актрыса ўдастоена ганаровага прыза прэміі «Ніка» ў намінацыі «Гонар і годнасць» за 2014 год.

Паводле «Медузы».