Памятаеце расійскага салдата, які прызнаўся ў забойстве ўкраінца? Яго асудзілі за «фэйкі»
У расійскім Хабараўску суд у справе аб «фэйках» прызначыў 5,5 гадоў умоўна Даніілу Фролкіну — расійскаму вайскоўцу, які прызнаўся ў забойстве жыхара Кіеўскай вобласці ў першыя тыдні ўварвання ва Украіну, паведамляе выданне «Сібір.Рэаліі».
У снежні 2022 супраць 21-гадовага Фролкіна распачалі крымінальную справу ў Расіі паводле артыкула аб распаўсюдзе «фэйкаў» пра войска арганізаванай групай з карыслівых меркаванняў (арт. 207.3). Абвінавачванне запытала для яго шэсць гадоў пазбаўлення волі, але ў выніку тэрмін аказаўся ўмоўным.
Фролкін не быў пад арыштам, ён сышоў з залы суда. Яму таксама на два
гады забаранілі займаць пасады ў органах дзяржаўнай улады.
У жніўні 2022 Фролкін у інтэрв'ю выданню «Важныя
гісторыі» распавёў, што застрэліў жыхара Кіеўскай вобласці Руслана
Ярамчука. Забойства, паводле слоў Фролкіна, адбылося ў сяле Андрэеўка пад Кіевам,
дзе ён знаходзіўся ў складзе 64-й асобнай мотастралковай брыгады. Салдат
таксама прызнаўся ў марадзёрстве і назваў імёны камандзіраў, якія аддавалі
супрацьзаконныя загады.
На званкі і паведамленні журналісткі «Важных
гісторый», якая хацела высветліць падрабязнасці справы ў самога Фролкіна,
вайсковец прачытаў і не адказаў. З матэрыялаў следства незразумела, за што канкрэтна
ў дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа.
У жніўні журналістам удалося ўстанавіць асобу Фролкіна па
фатаграфіях з тэлефона, які мясцовыя жыхары знайшлі ў Андрэеўцы. Да моманту
публікацыі інтэрв'ю Фролкін звольніўся са службы ва УС РФ. З расследавання
«Важных гісторый» вынікае, што да забойстваў у Кіеўскай вобласці
могуць быць датычныя яшчэ некалькі расійскіх вайскоўцаў: Дзмітрый Данілаў,
Руслан Глотаў, Іван Шапяленка.
Ва Украіне ў дачыненні да Данііла Фролкіна таксама
распачатая крымінальная справа: яго абвінавачваюць у парушэнні законаў і
звычаяў вайны, за забойства мірнага жыхара расійскаму ваеннаму пагражае
пажыццёвы тэрмін.
Жыхары Андрэеўкі абвінавачвалі вайскоўцаў 64-й
мотастралковай брыгады з Хабараўскага краю ў рабаваннях, марадзёрстве і
забойствах грамадзянскіх.
Акрамя таго, 4 красавіка 2022 года ўкраінская выведка заявіла, што вайскоўцы 64-й асобнай мотастралковай брыгады бралі ўдзел у масавых забойствах цывільнага насельніцтва ў горадзе Буча. У гэты ж дзень украінскі вэб-сайт грамадзянскай журналістыкі InformNapalm назваў імя камандзіра брыгады — Азатбека Амурэкава.
Вайскоўцы прыбылі ў Бучу ў сярэдзіне сакавіка. На працягу наступных 18 дзён у адной лакацыі Бучы, якую брыгада ўзяла пад свой кантроль, было забіта 12 чалавек, у тым ліку ўсе жыхары шасці дамоў, дзе салдаты разбілі лагер.
18 красавіка 2022 года Уладзімір Пуцін прысвоіў брыгадзе ганаровае найменне Гвардзейская «за масавы гераізм і адвагу, стойкасць і мужнасць, праяўленыя асабістым складам».