«Прачніцеся, ніхто вас не абароніць»: Кіраўнік Татарстана — прадпрыемствам рэгіёна

Кіраўнік Татарстана Рустам Мініханаў заклікаў прадпрыемствы рэгіёну не спадзявацца на СПА — і самастойна абараняцца ад нападаў беспілотнікаў. Вось толькі не патлумачыў, якім чынам ім гэта трэба рабіць.

Наступствы атакі беспілотніка ў Елабузе. Фота: Осторожно Новости

Наступствы атакі беспілотніка ў Елабузе. Фота: Осторожно Новости

Кіраўнік Татарстана Рустам Мініханаў заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў рэспублікі не разлічваць на расійскія сілы супрацьпаветранай абароны і самастойна абараняцца ад нападаў беспілотнікаў. Яго заяву на рэспубліканскім форуме па энергетыцы працытаваў сайт «116.ру»

Падчас выступу Мініханаў пракаментаваў атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на Елабугу і Ніжнякамск 2 красавіка. Ён адзначыў, што «самыя пацярпелыя ўчасткі» — энергетыка і звязаныя з гэтай сферай вытворчасці.

«Мабыць, з-за таго, што Ураза і пост праваслаўны, Усявышні дае нам знак: прачніцеся, хлопцы, ніхто вас не абароніць, акрамя сябе. Не трэба чакаць, што спрацуе супрацьракетная абарона, яна вырашае іншыя задачы. Мы павінны вырашаць сваімі сіламі, кожнае прадпрыемства, кожны муніцыпалітэт, кожны горад», — сказаў кіраўнік Татарстана ў звароце да кіраўнікоў прадпрыемстваў рэгіёну. Пры гэтым ён не ўдакладніў, як прадпрыемствы павінны адбіваць атакі.

Мініханаў таксама заклікаў экстранныя службы заўсёды быць напагатове, мець запасы і брыгады.

Глядзіце таксама

Нагадаем, раніцай 2 красавіка беспілотнікі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі з Украінай атакавалі прадпрыемствы ў Татарстане

Раней украінскія дроны атакавалі памежныя рэгіёны, у тым ліку Белгарадскую, Курскую, Бранскую вобласці, Крым, а таксама Маскву, цяпер жа удар быў нанесены за 1300 кіламетраў ад Украіны.

У Ніжнякамску дроны атакавалі нафтаперапрацоўчы завод «Танека» — даччынае прадпрыемства «Татнафты». У Елабузе ў выніку атакі быў пашкоджаны інтэрнат студэнтаў каледжа «Алабуга палітэх». Паводле звестак уладаў, пацярпелі 14 чалавек, у тым ліку грамадзяне Расіі, Кыргызстана, Шры-Ланкі, Зімбабвэ, Руанды, Конга, Кеніі, Нігерыі, Паўднёвага Судана. Двое пацярпелых — непаўналетнія.


Глядзіце таксама

Пацярпелы інтэрнат «Алабуга палітэх», як паведамлялася, знаходзіцца ў некалькіх сотнях метраў ад завода, дзе збіраюць беспілотнікі-камікадзэ тыпу «Шахед», якімі Расія атакуе Украіну.

Украінскія выданні са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што атака беспілотнікаў на прадпрыемствы ў Татарстане — аперацыя вайсковай выведкі Украіны і СБУ.

Паводле meduza.io116.ru