Прадстаўнік Дзярждэпа ЗША: Мы знаходзімся ў сітуацыі, калі Украіна выйграе вайну

У амерыканскім Дзярждэпе лічаць, што на гэты момант Украіна выйграе вайну, і гэта можа падштурхнуць РФ да перамір'я. Экс-прэзідэнт Польшчы лічыць, што гэты мір наўрад ці будзе трывалым. Але Расія не слухае экспертаў і палітыкаў — яна рыхтуецца да мабілізацыі, і ўжо ёсць тэрміны яе абвяшчэння. Ідуць 1583-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

490696474_1021311030181975_8366608828400352603_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 232 баявых сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 32 штурмаў расіян у раёнах Сухецкага, Новааляксандраўкі, Грышына, Котліна, Дарожнага, Радзінскага, Удачнага, Новападгароднага, Філія і іншых.

На Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках расійцы штурмавалі па 19 разоў на кожным.

На Ліманскім кірунку армія РФ 16 разоў спрабавала уклініцца ў абарону Украіны, атакуючы ў бок Шыйкаўкі, Дробышава, Ліману, Азёрнага, Навасёлаўкі, Дзіброва.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак у бок Гіркага, Дабраполля, Уздвіжаўкі, Стараўкраінкі, Гуляйпольскага і Чароўнага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 11 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Ветэрынарнага, Старыцы, Сінельнікава і ў бок Ізбіцкага, Вільчы, Калодзезнага.

* * *

Вечарам 24 чэрвеня расійскія войскі нанеслі ўдар беспілотнікамі па Сумах, у выніку атакі пацярпела дзіця, пашкоджаны дамы і аўтамабілі.

Раніцай 25 чэрвеня расійцы атакавалі аўтазаправачныя комплексы ў Сумах і Запарожжы. Пра пацярпелых не паведамляецца.

У некаторых раёнах акупаванага Крыма прагрымела серыя выбухаў у ноч на 25 чэрвеня. Маніторынгавыя каналы паведамляюць пра выбухі ў раёне Севастопаля, Сімферопаля, населенага пункта Сакі і пра выбухі ў раёне Балаклаўскай ЦЭС.

У часова акупаваным Севастопалі (Крым) увялі рэжым абмежавання электразабеспячэння без дакладнага графіка, заявіў так званы губернатар горада Міхаіл Разважаеў. Па яго словах, гэта неабходна для ліквідацыі перагрузкі электрасетак за межамі рэгіёна, каб «не дапусціць аварыі ва ўсёй энергасістэме». Ён заклікаў жыхароў не выкарыстоўваць магутныя электрапрыборы.

Краснадарскі край РФ атакавалі беспілотнікі, у выніку ўспыхнуў пажар на тэрыторыі нафтабазы «Палтаўская», якая з’яўляецца стратэгічнай для рэгіёна. Пажар пацвердзілі расійскія ўлады: па іх інфармацыі, на нафтабазу ўпалі абломкі збітага дрона.

* * *

730771610_1033234472618590_8939072455068122648_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна працягвае адказваць на расійскія ўдары, і не дазволіць Расіі выкарыстоўваць захопленыя тэрыторыі як інструмент зацягвання вайны і ператварэння акупацыі ў бясконцую.

«Наша аперацыя, у прыватнасці, у адносінах да Крыма, дакладна пралічана, і тое, як яна праходзіць, абсалютна даказвае: калі менавіта тое, пра што мы гаварылі з партнёрамі ў рамках G7, з’явіцца ва Украіны — а гэта залежыць ад рашэння партнёраў, — мы аператыўна створым умовы, пры якіх Расія будзе вымушана выбраць мір.

Мы разлічваем на станоўчы адказ ад нашых партнёраў. Яны выразна ведаюць, аб чым ідзе размова. Цяпер нашы вайскоўцы знішчаюць на часова акупаванай тэрыторыі Украіны і на тэрыторыі самой Расіі тое, што працуе на расійскую вайну, тое, што робіць гэтую вайну і расійскую агрэсію наогул магчымымі», — сказаў Зяленскі ў звароце 24 чэрвеня.

Ён заўважыў, што «Ёсць вельмі адчувальныя страты акупантаў на нашай зямлі… Расійская ваенная лагістыка на часова акупаванай тэрыторыі Украіны і само знаходжанне акупантаў там надзвычай абцяжараны. І гэта правільны сігнал Расіі. Сігнал аб тым, што ў Расіі дакладна не атрымаецца беспакарана і лёгка ўкрасці зямлю ўкраінскага народа і любога іншага народа з тых, каму цяпер пагражаюць расійскія амбіцыі».

* * *

У Дзяржаўным дэпартаменце ЗША лічаць, што Украіна цяпер знаходзіцца ў той момант, калі яна выйграе вайну. Па словах намесніка дзяржаўнага сакратара ЗША па пытаннях знешняй дапамогі, гуманітарных пытанняў і свабоды веравызнання Джэрэмі Левіна, Украіна цяпер робіць многае для таго, каб замацаваць новую фазу вайны і ў канчатковым выніку выйграць яе. Па яго ацэнцы, ужо цяпер сітуацыю ўдалося пераламаць.

«На гэты момант мы знаходзімся ў сітуацыі, калі Украіна выйграе вайну», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпа ЗША.

«Цяпер вельмі важны момант. Украіна можа працягваць аказваць ціск на полі бою», — канстатаваў таксама Левін.

Ён нагадаў, што ЗША разглядаюць магчымасць адмены выключэння з санкцый у дачыненні да расійскай нафты і запэўніў, што Вашынгтон працягне супрацоўніцтва з еўрапейскімі партнёрамі ў пытанні санкцый.

* * *

Кіраўнік Белага дома Дональд Трамп заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі «някепска спраўляецца». Пра гэта ён заявіў падчас прэс-канферэнцыі з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ, адказваючы на пытанне журналіста пра тое, ці лічыць Трамп, што «Зяленскі цяпер перамагае».

«Ну, у яго ўсё даволі добра. Паслухайце, як ні круці, у яго ўсё даволі добра. Прынамсі, ён трымаецца. Вельмі шмат людзей гіне з абодвух бакоў, але, думаю, ён някепска спраўляецца… Паслухайце, трэба прызнаць, што ён смелы. У яго выдатная тэхніка, але ў яго і выдатныя людзі. У яго ёсць байцы», — заявіў Трамп.

* * *

Былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі перакананы, што сітуацыя ў расійска-ўкраінскай вайне ў бліжэйшыя месяцы наблізіцца да рэальнага перамір’я. Пра гэта ён заявіў на дыскусіі YES, арганізаванай у Гданьску напярэдадні URC-2026 фондам Віктара Пінчука.

Квасьнеўскі падкрэсліў, што цяпер вайна падышла да асаблівага моманту дзякуючы ўкраінскай рашучасці і зброі, якую Украіна вырабляе і можа прымяняць супраць агрэсара.

«Я думаю, важна зразумець – і гэта маё меркаванне: нешта адбудзецца ў бліжэйшыя месяцы. Не мір. Таму што я не веру, што пакуль Пуцін з’яўляецца лідарам Расіі, гэтая краіна будзе зацікаўлена ў рэальным міры, і, вядома, не ў справядлівым міры. Але я думаю, што мы блізкія да пэўнага перамір’я, да новай сітуацыі», – сказаў Квасьнеўскі.

Ён падкрэсліў, што гэтую сітуацыю неабходна эфектыўна выкарыстоўваць для падтрымкі Украіны.

«Таму што калі перамір’е ў гэтай сітуацыі будзе азначаць для РФ рэарганізацыю ўзброеных сіл, вытворчасць большай колькасці зброі і навучанне паўночнакарэйскіх салдат, то гэта будзе поспехам Расіі. Нам неабходна выкарыстоўваць гэты час для таго, каб не словамі, а справамі падтрымаць Украіну», – сказаў экс-прэзідэнт Польшчы.

* * *

Расійская ўлада абмяркоўвае магчымасць новай мабілізацыі для папаўнення арміі, якая ваюе ва Украіне, пасля намечаных на верасень выбараў у Дзярждуму. Згодна з данымі расійскіх выданняў «Вёрстка» і «Важныя гісторыі», якія спасылаюцца на крыніцы ў ваенкаматах, а таксама інфарматараў, блізкіх да Крамля і спецслужбаў, падрыхтоўка да магчымага прызыву працягваецца ўжо некалькі месяцаў. Аднак афіцыйна гэта не называюць мабілізацыяй.

Па інфармацыі адной з крыніц, з кастрычніка армія будзе гатова прымаць новых рэкрутаў на паскораныя праграмы падрыхтоўкі. Пасля навучання іх накіруюць у дзеючыя падраздзяленні. З просьбамі аб дадатковай дапамозе рэгулярна выступаюць камандзіры на фронце, адзначаючы востры недахоп асабовага складу. Кіраўніцтву даручана актыўна рыхтаваць сістэму да магчымых маштабных набораў.

Адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта РФ адзначае, што мабілізацыя можа быць рэалізавана восенню 2026 года, пасля чарговых выбараў. Прызыў да мабілізацыі павінны ініцыяваць новаабраныя дэпутаты, паведамілі выданню «Можам патлумачыць» крыніцы ў ніжняй палаце парламента.

«Па задуме АП, некалькі дэпутатаў выступяць з трыбуны парламента са зваротам да Пуціна аб неабходнасці новай мабілізацыі», — сказаў адзін з суразмоўцаў. Ён сказаў, што гэта можа адбыцца на першым пасяджэнні новага склікання.

Па даных «Вёрсткі», прыток кантрактнікаў, якіх завабліваюць на фронт мільённымі бонусамі ад Мінабароны, скарачаецца. У першым квартале ён упаў да 800-1000 чалавек у дзень і, па ацэнках заходніх разведак, перастаў пакрываць страты на перадавой. Тэмпы набору ў Маскве ўпалі амаль удвая — да 1378 у траўні, што на тысячу менш, чым годам раней.

Крыніцы сцвярджаюць, што перадумоў для новай мабілізацыі дастаткова шмат: ад правалу наступальных аперацый да неэфектыўнай работы сістэмы супрацьпаветранай абароны. Аднак унутры палітычнай эліты ёсць асцярогі, што новая хваля мабілізацыі выкліча сацыяльную незадаволенасць і пагоршыць эканамічнае становішча краіны.