Раніца вайны ва Украіне. Пра што маўчыць Генштаб УСУ?

Генеральны штаб УСУ апублікаваў зводку адносна ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну па стане на раніцу серады, 7 верасня. Аднак гэтая зводка, як часта здараецца апошнім часам, цікавая не толькі тым, што ў ёй сказана, але і тым, чаго ў ёй няма.

2766166.jpg


Згодна паведамленню Генштаба УСУ, праціўнік працягвае засяроджваць намаганні на ўсталяванні поўнага кантролю над тэрыторыяй Данецкай вобласці, утрыманні часова захопленых раёнаў Херсонскай, Харкаўскай, Запарожскай і Мікалаеўскай абласцей. Захоўваецца далейшая пагроза авіяцыйных і ракетных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны.

За мінулыя суткі вораг нанёс больш за 7 ракетных і 25 авіяцыйных удараў па ваенных і грамадзянскіх аб'ектах на тэрыторыі Украіны. Для гэтага здзейсніў да 20 самалётавылетаў. У прыватнасці, пацярпела інфраструктура ў раёнах населеных пунктаў Харкаў, Вялікія Праходы, Белагорка, Кастромка, Сухі Пруд і Безыменнае. Праціўнік здзейсніў абстрэлы ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры з танкаў, баявых машын, ствольнай і рэактыўнай артылерыі.

Расіяне нанеслі ракетны ўдар па Харкаве. Пад яго трапіў прамысловы будынак і аўтамабілі. Пра ахвяр не паведамляецца.

Падраздзяленні сіл абароны не даюць ворагу прасоўвацца ўглыб тэрыторыі Украіны. «Нашым воінам удалося паспяхова адбіць атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Грыгараўка, Зайцава, Саледар, Бахмуцкае, Бахмут, Вясёлая Даліна і Вопытнае. На працягу сутак для падтрымкі дзеянняў наземных груповак авіяцыя сіл абароны здзейсніла 27 удараў і знішчыла склад боепрыпасаў, нанесла ўдары па амаль 40 апорных пунктах і месцах навалы жывой сілы і тэхнікі. Падраздзяленні супрацьпаветранай абароны нашых войскаў па розных напрамках знішчылі: самалёт Су-25, верталёт Ка-52, БпЛА і пяць крылатых ракет тыпу Х-101», — паведамляюць у Генштабе.

«Прыватныя ваенныя кампаніі, якія дзейнічаюць на часова захопленых тэрыторыях, у прыватнасці, у населеным пункце Аляксандраўка Харкаўскай вобласці, нясуць істотныя страты. Асобныя падраздзяленні налічваюць больш за 40 адсоткаў цяжка параненымі і забітымі. Целы многіх загінулых не ідэнтыфікуюцца і лічацца прапаўшымі без вестак», — гаворыцца ў паведамленні Генштаба.

Аднак у зводцы Генштаба няма ані слова, ані намёку на наступ украінцаў на Балаклею ў Харкаўскай вобласці, пра які шмат кажуць і пішуць неафіцыйныя крыніцы з абодвух бакоў.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у штодзённай справаздачы заўважае, што ўкраінскія сілы правялі контратаку ў Харкаўскай вобласці ў раёне Балаклеі, і, верагодна, адкінулі расійскія сілы на левы бераг (паўночны бок) Северскага Данца і Сярэдняй Балаклейкі.

bezymjannyj121313313.jpg


Верагодней за ўсё, украінскія войскі вызвалілі Вербаўку (менш за 3 км на паўночны захад ад Балаклеі). На кадрах з геалакацыяй, апублікаваных 6 верасня, бачна ўкраінская пяхота ў Вербаўцы. Некалькі расійскіх крыніц прызналі ўкраінскія поспехі ў Вербаўцы і паведамілі, што расійскія войскі разбурылі непазначаныя масты на ўсходніх ускраінах Балаклеі, каб прадухіліць далейшае прасоўванне ўкраінскіх войскаў, адзначылі аналітыкі.

У ISW падкрэслілі, што расійскія сілы, верагодна, больш не захоўваюць сваіх ранейшых пазіцый у Байраку і Новай Гусараўцы — на поўдзень ад Балаклеі на правым беразе ракі Северскі Данец.

«Рускія войскі, верагодна, пакінулі Байрак і Новую Гусараўку напрыканцы жніўня. На кадрах, размешчаных 30 жніўня, відаць, што расійскія войскі ўзарвалі мост праз раку Северскі Данец каля Байрака. Дзеянні па зносе моста ўказваюць на запланаваны сыход расійцаў», — гаворыцца ў справаздачы.

Ваенныя эксперты лічаць, што перакідка Расіяй сіл з Харкава і Усходняй Украіны на паўднёвы кірунак дазволіць УСУ контратакаваць у рэгіёне.