«Саюзмультфільм» абвяргае блакаванне мульціка з патанулым ваенным караблём

«Саюзмультфільм» абвяргае абмежаванне доступу да мультфільма «Скарбы патанулых караблёў» на YouTube, сюжэт якога падобны на гісторыю з гібеллю расійскага флагмана «Масква».

pic_1_1.jpg


Крэйсер «Масква» быў задзейнічаны пры атацы на востраў Змяіны ў першыя дні нападу Расіі на Украіну. 13 красавіка ўкраінскі бок заявіў аб нападзе на крэйсер супрацькарабельнымі ракетамі «Няптун». «Масква» атрымала сур'ёзныя пашкоджанні. Мінабароны Расіі пацвердзіла пажар на судне, заявіўшы, што яно захоўвае плывучасць, яго буксіруюць у порт. 14 красавіка расійскае абароннае ведамства вымушана было прызнаць, што крэйсер затануў, нагадвае REFORM.by.

У мультфільме 1973 года дзеці адпраўляюцца на падводнай лодцы «Няптун» у падарожжа па дне мора і знаходзяць патанулы карабель з літарай «Z», якой абазначаюць сваю тэхніку расійскія войскі і выкарыстоўваюць прыхільнікі так званай «спецаперацыі». Паміж персанажамі адбываецца наступны дыялог:

— Вось яна, пірацкая пасудзіна. Усё зразумела, фашысцкі эсмінец.

— Адкуль ты ведаеш?

— Чытаў. Фашысцкія эсмінцы пазначаліся літарай «Z».

У сеціве з'явіліся здагадкі, што «Саюзмультфільм» абмежаваў доступ да роліка на афіцыйным Ютуб-канале.

«Саюзмультфільм не блакаваў які-небудзь кантэнт на сваім афіцыйным канале. Ютуб-канал “Мульцікі Саюзмультфільма”, на які спасылаюцца аўтары паведамленняў, не з'яўляецца афіцыйным каналам кінастудыі», — распавялі ў прэс-службе «Саюзмультфільма».

Па прадстаўленай інфармацыі, на афіцыйным аднайменным канале не размяшчаецца класічны кантэнт кінастудыі, які з 2020 года засяроджаны на вядучых расійскіх відэасэрвісах — Okko, Кинопоиск, Premier. На гэтых рэсурсах анімацыйны фільм «Скарбы патанулых караблёў» знаходзіцца ў вольным доступе.