Украінская берагавая абарона пашкодзіла крэйсер «Масква»: той самы што быў «пасланы» на выспе Змяіны

Пра паспяховую атаку Узброеных сіл Украіны паведаміў кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Марчанка.

1_23_2.jpg


Ён заявіў, што ў ракетны крэйсер «Масква», які ўваходзіць у склад Чарнаморскага флоту РФ, трапілі дзве крылатыя ракеты «Няптун». У выніку паспяховай атакі на борце пачаўся пажар. Арыенціровачная колькасць экіпажа варожага крэйсера, паводле звестак дарадцы кіраўніка Офіса прэзідэнта Аляксея Арастовіча — 510 маракоў, паведамляе РБК-Украіна.

«Пацвердзілі, што ракетны крэйсер "Масква" сёння пайшоў менавіта туды, куды яго паслалі нашы памежнікі на востраве Змяіны. Ракеты "Няптун", якія стаяць на варце Чорнага мора, нанеслі расійскаму караблю вельмі сур'ёзныя пашкоджанні» — напісаў Марчанка.

Узброеныя сілы Украіны таксама пацвердзілі, што расійскі крэйсер «Масква» падвергнуўся ўдару ўкраінскай ракетай «Няптун». Афіцэр Украінскага аператыўнага камандавання «Поўдзень» Уладзіслаў Назараў сказаў, што на крэйсеры ўзнік пажар. «Іншыя адзінкі карабельнай групоўкі спрабавалі аказаць дапамогу, але шторм і магутны выбух боезапаса перавярнулі крэйсер і ён пачаў тануць», — заявіў афіцэр.

Міністэрства абароны Расіі паведаміла, што крэйсер «Масква» захоўвае плывучасць. «Асноўнае ракетнае ўзбраенне не пашкоджанае. Экіпаж крэйсера быў эвакуіраваны на караблі Чарнаморскага флоту, якія знаходзяцца ў раёне», — прыводзіць РІА «Навіны» паведамленне абароннага ведамства.

Вайскоўцы таксама сцвярджаюць, што ачаг узгарання атрымалася лакалізаваць, адкрытага гарэння няма, выбухі боепрыпасаў спыніліся.

Да гэтага Мінабароны РФ заявіла, што на крэйсеры здарыўся пажар. Яго прычына высвятляецца.

Крэйсер «Масква» быў спушчаны на ваду ў 1979 годзе. Ракетны крэйсер не толькі штурмаваў Змяіны ў пачатку вайны, але і блакаваў выхад украінскіх караблёў з Данузлава падчас захопу Крыма.