У Марыупалі арыштаваныя больш за 10 тысяч мірных жыхароў: дзе яны і што з імі — невядома
У Марыупалі, часова захопленыя расейскім войскам, арыштаваныя больш за 10 тысяч мірных жыхароў — за чытанне ўкраінскіх навін, за перапіску са сваякамі ва Украіне. Месцы ўтрымання захопленых і іх далейшы лёс невядомыя.
Пра гэта паведаміў у Telegram дарадца мэра МарыупаляПётр Андрюшчанка,піша «Укрінформ».
«Штотыдзень у Марыупалі ў рамках праверак і вышукаў дыверсантаў затрымліваюць дзясяткі чалавек... Усяго акупантамі арыштавана больш за 10 тысяч мірных жыхароў Марыупаля, месцы іх утрымання і далейшы лёс невядомыя», — напісаў Андрюшчанка.
Ён адзначыў, што рускія захопнікі проста затрымліваюць звычайных людзей за перапіску з эвакуіраванымі марыупальцамі і за чытанне ўкраінскіх навін. Іх затрымліваюць проста па падазрэннях і даносах.
Дарадца мэра апублікаваў відэа камеры катаванняў у Марыупалі, куды трапляе большасць затрыманых.
Пад відэа ён напісаў: «Абсалютная большасць трапляе сюды. Галоўная камера катаванняў Марыупаля — былы РУУС Цэнтральнага раёна. Тут людзі «прызнаюцца», падпісваюць нейкія паперы і далей, у лепшым выпадку — пад нагляд. У горшым выпадку яны знікнуць назаўжды».
Як пісаў НЧ, з нядаўна апублікаванага расследавання расійскіх СМІ вынікае, што кватэры ў напаўразбураным горадзе цяпер масава купляюць расіяне. Адзначаецца, што шукаюць нерухомасць у Марыупалі расіяне з розных рэгіёнаў. Яны разглядаюць дамы і кватэры «ў любым стане» і гатовыя аднавіць іх пасля абстрэлаў, хтосьці збіраецца пераехаць жыць туды сам, хтосьці лічыць гэта ўдалай інвестыцыяй.
Нагадаем, агрэсія Расіі стала прычынай адной з найбуйнейшых гуманітарных катастроф у Марыупалі. У выніку расійскіх абстрэлаў горад разбураны амаль на 90%, дагэтуль адсутнічае нармальная падача электрычнасці, вады, газу. Акрамя таго, каб схаваць сляды сваіх злачынстваў, захопнікі зносяць пашкоджаныя імі дамы. Некаторыя пакупнікі расказалі журналістам, што прызнаюць Марыупаль «часткай Расіі» і не лічаць куплю нерухомасці ў акупаваным горадзе рызыкоўнай. Пры гэтым большасць суразмоўцаў ніколі не былі ў Марыупалі.
Расійская армія ператварае горад і навакольныя вёскі ў ваенны вузел матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.
Нагадаем, яшчэ год таму мэр Марыупаля адзначаў, што да 24 лютага 2022 года ў Маскве ведалі дакладна, што яны будуць цалкам руйнаваць Марыупаль, а таксама фізічна знішчыць жыхароў горада. Доказам гэтага, нібыта, з'яўляецца распрацаваны загадзя план аднаўлення горада, лічыць мэр Марыупаля: "Цяпер Расія актыўна распаўсюджвае інфармацыю пра аднаўленне Марыупаля. Такі план яна мела яшчэ да акупацыі горада. Ужо 24 сакавіка з'явілася інфармацыя аб аднаўленні, калі яшчэ працягваліся актыўныя баі. Такі тэхнічны дакумент немагчыма якасна падрыхтаваць за кароткі тэрмін, для гэтага патрэбныя месяцы. Гэта сведчыць, што яго распрацавалі яшчэ да пачатку баявых дзеянняў. Такім чынам, знішчэнне Марыупаля і масавае забойства яго жыхароў уваходзілі ў планы маскоўскага рэжыму", — гаворыцца ў паведамленні.