Удар па паліклініцы ў Дняпры: вядома пра 30 параненых, сярод якіх двое дзяцей (абноўлена)
Расія ўдарыла ракетай па паліклініцы ў Дняпры. На гэты момант вядома пра аднаго загінулага, 30 параненых, трое зніклі без вестак.
У горадзе Днепр у выніку ракетнага ўдару па паліклініцы сярод пацярпелых двое дзяцей — хлопчыкі 3 і 6 гадоў. Пра гэта паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак у Telegram. Тры чалавекі лічацца зніклымі без вестак.
Ад ракетнага ўдару РФ пацярпеў цэлы квартал: медыцынская ўстанова, ветклініка і шматпавярхоўкі вакол.
Сяргей Лысак пазней напісаў, што колькасць пацярпелых вырасла: «Ужо 30 пацярпелых, сярод якіх двое дзяцей. З трыма людзьмі, якія маглі знаходзіцца тут, і дагэтуль няма сувязі».
Спачатку, каля 12 гадзін дня, Сяргей Лысак казаў пра 16 параненых. Паступова колькасць ахвяр расла. Магчыма, цяперашняя лічба таксама не канчатковая.
«Сярод параненых у Дняпры — двое дзяцей. Хлопчыкі 3 і 6 гадоў. Абодва шпіталізаваны. Лекары ацэньваюць іх стан як сярэдняй цяжкасці», — гаворыцца ў паведамленні.
Лысак таксама ў 12 гадзін дня праінфармаваў, што шпіталізаваны 11 дарослых, з іх двое — у цяжкім стане.
Усё яшчэ гасяць полымя і ў суседнім будынку. Там пажар ужо ўдалося лакалізаваць, аднак працягваюцца пошукі чалавека, які можа знаходзіцца пад заваламі.
Зараз паўсотні ратавальнікаў і 17 адзінак тэхнікі спрабуюць патушыць пажар на месцы ракетнага ўдару.
А ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец распавёў, што чатыры чалавекі лічацца зніклымі без вестак пасля расійскага ўдару па медустанове ў Дняпры.
«Дняпро. Падступны вораг нанёс ракетны ўдар па медыцынскай установе. Цяпер вядома пра аднаго загінулага чалавека і 16 параненых. Чатыры чалавекі — без вестак зніклыя», — заявіў амбудсмен.
У пятніцу, 26 траўня, расіяне нанеслі ракетны ўдар па Дняпры — патрапілі ў паліклініку і ветэрынарную клініку. Адразу паведамлялася аб гібелі аднаго чалавека і 15 параненых. Узнік пажар.
Пра гэта прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў у Telegram. «Расійскія тэрарысты яшчэ раз пацвярджаюць свой статус змагароў з усім чалавечным і сумленным. Ракетны ўдар па паліклініцы ў горадзе Днепр. На дадзены момант адзін чалавек загінуў, 15 атрымалі раненні», — сказаў ён.
Па словах Зяленскага, на месцы працягваецца ліквідацыя наступстваў абстрэлу і выратаванне пацярпелых, задзейнічаны ўсе неабходныя службы.