Улады Украіны арыштавалі больш за 50 беларускіх вагонаў-цыстэрнаў з дызпалівам
Улады Украіны арыштавалі 51 беларускі вагон-цыстэрну па прадстаўленні ўкраінскага Дзяржаўнага бюро расследаванняў (ДБР).
Як паведаміла прэс-служба ДБР, вагоны-цыстэрны, якія знаходзяцца ва ўласнасці Беларусі, перасеклі мяжу з Украінай 23 лютага, напярэдадні пачатку вайсковага ўварвання РФ, піша АФН.
Цыстэрны былі запоўненыя 3 тыс. тон беларускага і расійскага дызельнага паліва.
«У цяперашні час ДБР прымае меры па перадачы канфіскаванага Агенцтву па вышуку і менеджменце актываў, а ў далейшым — Узброеным сілам Украіны», — дадае прэс-служба.
Дзяржаўнае бюро расследаванняў таксама паведаміла, што выявіла ў Жытомірскай вобласці Украіны каля 190 расійскіх вагонаў і ініцыявала іх нацыяналізацыю.