Саша Марозава: «Не хачу нават чуць пра добрых рускіх»

Я прыйшла на канцэрт піяністкі і кампазітаркі Сашы Марозавай у Палерма, куды рознымі шляхамі нас абедзвюх занесла жыццё. Яна грала аўтарскі канцэрт, арганізаваны пры падтрымцы італьянскіх уладаў, у раскошным Teatro Massimo. Адчуўшы аголены нерв пасляваеннай музыкі, я не магла не запрасіць яе на інтэрв’ю.  

Саша Марозава. Фота Паўла Хадзінскага

Саша Марозава. Фота Паўла Хадзінскага


— Саша, на канцэрце прагучала музыка, якую вы пісалі цягам апошніх васьмі гадоў. Скажыце, як вы адчувалі прысутнасць вайны у краіне да 24 лютага?

— У лютым 2014-га на Майдане пачалі расстрэльваць людзей, з’явілася нябесная сотня. Гэта почырк Расіі. Тады ж яны забралі і Крым. Жыццё ўсіх украінцаў падзялілася на «да» і «пасля». Я тады грала сваю музыку на Майдане, на сцэнах у мэрыі, выступала з прамовамі. Да 2014-га мне падавалася, што ўсё можна вырашыць мірным шляхам, без гвалту.

Калі забралі Крым, гэта было вялізнай стратай. У мяне шмат сяброў адтуль, мы ездзілі туды кожны год. Крым быў нашай зонай свабоды. У маёй сяброўкі там жыве мама, яна не можа да яе прыехаць.

Раней мы не бачылі вайны, чулі, што яна недзе там… А тут яна прыйшла да нас — у Данецк, Луганск. Усе восем гадоў там ваявалі мае знаёмыя. Таму ўвесь гэты час я адчувала прысутнасць вайны, у творчым асяродзе яе ўвогуле адчуваеш надзвычай востра. Пасля нябеснай сотні я перастала граць музыку, якую напісала раней. Гэтая музыка была рамантычнай, пазітыўнай. Занадта наіўнай. Пасля ўсіх стратаў і смерцяў я не магу гучаць, як раней.

— Усе гэтыя гады людзі жылі ў ціхім чаканні новага, паўнамаштабнага ўварвання?

— Калі Расія акупавала наш Крым, было зразумела, што, калі свет не ўключыцца, не спыніць Пуціна, ён пойдзе далей. Вельмі шкада, што свет усё гэта назіраў і не спыніў яго. Так, мы разумелі, што будзе працяг, але ніхто не чакаў, што бомбы прыляцяць у Кіеў.

Проста ўсе тыя восем гадоў наша армія не страляла, быў перыяд, калі яны не адказвалі. Моўчкі чакалі. 24 лютага ўсё змянілася, нарэшце яны могуць адказаць. Нашы салдаты гераічна паводзяць сябе кожны дзень . Яны проста малайцы. Многія мае сябры пайшлі ў армію. Тыя, хто раней рабіў мантаж кіно, музыкі, мастакі — многія зараз на вайне, таму што не хочуць бачыць рускі мір у сваёй краіне.

Саша Марозава. Фота Паўла Хадзінскага

Саша Марозава. Фота Паўла Хадзінскага

— Як вы адчулі патрэбу зафіксаваць пачуцці ў музыцы? Кажуць, «калі бомбы страляюць — музы маўчаць».

— Вядома, пасля 24-га ва ўсіх быў блок, як і пасля нябеснай сотні, і пасля Крыма. Пасля такога сапраўды нічога немагчыма сказаць. Бо што ты можаш прапанаваць гэтаму свету, гледзячы на тое, што адбываецца? Але эмоцыі выспяваюць і ў выніку выліваюцца ў музычнае палатно. У мяне ёсць музыка, якую пісала, калі ўпершыню ўбачыла акіян — здараліся за гэтыя восем гадоў і добрыя моманты. Але нерв, які агаліўся пасля пачатку вайны, займае ў кампазіцыях значнае месца.

Маю ранейшую музыку можна ўявіць, як гарызантальны паток вады. Але пасля 24 лютага я ўсё часцей вяртаюся ў адну ноту. Таму новая музыка хутчэй уяўляе сабой вертыкаль. Яна пераўтварылася ў кропку, якая з’яўляецца вектарам руху. І гэты вектар — нашае выжыванне, нашая барацьба. Мы змагаемся за незалежнасць, і гэтая кропка з’яўляецца для мяне канцэнтрацыяй нашай нацыянальнай ідэі, нашай барацьбы.

— Мне падалося, што ў вашай музыцы не было эмоцыі гневу і лютасці. Хутчэй спачуванне, боль, пяшчота.

— Музыка — гэта энергія, якая перадаецца людзям. Таму я думаю, чым буду з імі дзяліцца. Калі я буду несці гнеў і лютасць — што мы ўсе ў выніку атрымаем? Мне жадаецца, каб мая музыка несла сабой нешта падобнае да катарсісу, каб, прайшоўшы ўвесь гэты боль, мы выходзілі ў ачышчэнне. Мы ўсе не былі гатовыя ўбачыць так шмат зверстваў, забойстваў мірных людзей. Гэта жах, але мы навучыліся з ім жыць, і я не хачу перадаваць яго ў музыцы.

Я жадаю скінуць гэтых кляшчоў з нашай зямлі, і каб праз маю музыку людзі адчувалі, што мы выходзім у свабоду, у пабеду.

— Якім было вашае 24 лютага?

— 23-га да мяне прыехала сяброўка, мы прасядзелі з ёй да трох начы. Прыемна паразмаўлялі, выпілі віна. Вырашылі, што нічога не будзе, ніякай вайны. Потым патэлефанаваў сябар, сказаў, што ў яго была панічная атака, і што ён закурыў упершыню за шмат гадоў. Я сказала: «Расслабся, усё добра!». Сяброўка паехала дадому, а я заснула і хутка прачнулася ад гуку колаў валізак, бо побач з маім домам інтэрнат, адтуль беглі студэнты.  Я ўзяла свайго сабачку, пайшла гуляць з ім і шукаць паблізу бомбасховішча. Узяла сабе каву, сустрэлася з суседам, мы разам знайшлі бомбасховічша і я вырашыла, што нікуды не паеду. У мяне нарэшце з’явілася свая кватэра, у добрым раёне. Там усё было ідэальна. Я прыйшла дадому і пачала займацца на піяніна, таму што больш я нічога рабіць не магу.

У мяне ёсць сяброўка Соня, яны жыла каля Кіева, у Козіне. Туды не дабраліся расійцы, у адрозненне ад Гастомеля, дзе жыла мая мама. Соня ўвесь час тэлефанавала мне, запрашала прыехаць. Таму што я жыву адна, на першым паверсе, і калі прыйдуць расіяне — адной не вельмі іх сустракаць. Я спрабавала выклікаць таксоўку, але было без шанцаў. І пад канец дня раптоўна Uber паведаміў, што машына будзе праз 8 хвілін. Таму ў мяне было 8 хвілін, каб сабрацца. Я ўзяла сабаку, яго корм, авоську з ласінамі і кофтай. Паехала і больш не вярнулася ў тую кватэру. І вось зараз я з гэтай авоськай прыехала ў Палерма.

— Як зараз ваша кватэра, дом? Яны цэлыя?

— Так, пакуль пашчасціла. Зараз там жыве мая сяброўка з маленькім сынам. Яе муж пайшоў на вайну, а ў яе дома няма гарачай вады, ацяплення. У мяне на першым паверсе даволі цёпла.

Дома ў сяброўкі Соні мы пражылі недзе тыдзень, а потым у нас усё скончылася — паліва, ежа ў крамах. У Соні чацьвёра дзяцей, трое жывуць з ёй. Калі у нас усё сканчвалася, дзеці садзіліся на ровар і прывозілі нейкае малако. Гэта быў вясёлы час. Мы вельмі баяліся, што рускія прыйдуць. І ў адзін дзень Соня знайшла паліва, мы ўсіх сабралі, селі ў машыну і паехалі. Спачатку ў Вінніцу, потым хацелі ў Львоў, але быў такі трафік, што мы даехалі толькі да Хмяльніцкага. Мой знаёмы, музыкант з Хмяльніцкага, патэлефанаваў сваёй маці, яна жыла там са сваёй маці, якая не хадзіла. І з сябрам Толікам, ён сляпы.

Так я прыехала з Соняй, дзецьмі, сабакам да Толіка, мамы, мамы мамы, і мы ўсе засталіся ў Хмяльніцкім. І разам хаваліся ў падвалах, калі раўлі сірэны. У нас было вясёлае жыццё. Потым доўга думалі, куды ехаць далей. У выніку Соня неяк трапіла ў Румынію, а я вырашыла паехаць у Польшчу.

Але мая мама заставалася ў акупаваным Гастомелі. Рускія бамбілі яго тры тыдні. Мы звалі маму ў Козін, дзе жылі з Соняй, але ж мама звала мяне да сябе. Я, вядома, не паехала, а яны вырашыла не ехаць да мяне. Гэта была страшная памылка. Я не здагадвалася, што ўсё будзе так. Адтуль ніхто не мог выехаць. Усе, хто спрабаваў, — усе дзеці, жанчыны — былі расстраляныя рускімі на выездзе. Я малілася, каб мама была жывая.

Выратавала тое, што ў іх доме была крама, і дырэктар крамы патэлефанаваў людзям, сказаў выбіваць дзверы, забіраць сабе ўсё адтуль. Інакш бы яны без ежы не выжылі. Рускія расстралялі ўсё супермаркеты, усё разрабавалі.

Людзі недзе знайшлі генератар, сядзелі ў падвале. Мама варыла вялізны рондаль баршчу, каб накарміць усіх, прыносіла ў падвал. Людзі дзяліліся тым, у каго што было, і так выжылі.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

А потым быў двухдзённы калідор. Дыпламаты добра папрацавалі, і два дні рускія не расстрэльвалі людзей. Мама неяк зарадзіла тэлефон і набрала мне. Я тады ўжо прыехала ў Польшчу, але не ведала, дзе мама. У Польшчы знайшла піяніна, грала і малілася, каб нейкі сігнал прыйшоў ад мамы. Калі яна патэлефанавала, я сказала: «Бяжы, сустрэну на польскай мяжы». Мама прыехала, з коткай. Да гэтага мне патэлефанаваў сябар, выдатны музыка Міша Герасімаў. І спытаў: «Саша, табе патрэбная дапамога?». Адказала: «Так, я ў Польшчы, не ведаю, што рабіць. Мая мама хутка будзе на мяжы». Ён прыехаў, забраў мяне, мы паехалі за мамай. Потым прывез нас у Люблін, заплаціў за гатэль, усё арганізаваў… Калі б не ён, я проста не ведаю, што б рабіла.

Мама была ў вельмі дрэнным стане, яна губляла прытомнасць. У яе быў вельмі высокі ціск, хоць раней заўжды быў паніжаны. Яна столькі часу слухала гэтыя выбухі, кожны дзень… Мне складана ўявіць, што яна перажыла. Калі я сустрэла маму, зразумела, што павінна сабрацца. Паабяцала ёй, што мы ўсё прыдумаем.

У мяне ёсць знаёмы — рэжысёр Андрэй Ткач. Ён здымаў кіно «Generation maidan: a year of revolution and war film», а я запісвала для яго музыку. Мы былі на сувязі ў першыя дні вайны. У выніку Андрэй сказаў, што мы з мамай можам прыехаць у яго дом у Францыі. І я вырашыла ехаць, таму што маме было дрэнна, мне жадалася знайсці месца, дзе яна зможа неяк расслабіцца. Так мы засталіся ў Францыі.

— Саша, а за што вы жылі, калі беглі і магчымасці зарабляць не было?

— У мяне былі нейкія зберажэнні. Да таго ж, аднойчы я спытала ў фэйсбуку, як лепш зрабіць банкаўскую картку, і два маіх фэйсбук-фрэнда прапанавалі даслаць мне грошаў. Я тады адмовілася, але ніколі не забуду, як людзі гатовыя прыйсці на дапамогу, нават калі не просіш. Зараз ведаю, што калі здарыцца нейкая вялікая праблема, тады я магу звярнуцца да іх. Таму паніка крыху сышла.

А потым мы аформілі неабходныя дакументы і французская дзяржава пачала выплачваць дапамогу. Праўда, зараз яны яе значна паменшылі. Таму што, каб працягнуць часовую пратэкцыю, трэба адказаць на два пытанні — ці плаціш за жыллё, і ці маеш сродкі заробку. Тады мяне пасяліла ў сваім доме адна жанчына і сказала, што плаціць не трэба. Таму ў дакументах я пазначыла, што не плачу. А потым яна раптоўна папрасіла мяне з’ехаць. Зараз я здымаю кватэру, але тады ўжо падала дакументы ў прэфектуру. І зараз 100 еўра дамаогі — гэта для Францыі ні пра што. Думаю пра тое, за што буду жыць наступныя паўгады. У мяне няма планаў наконт наступных канцэртаў, не ведаю, што буду рабіць далей. Цудоўна, што я прыехала ў Палерма — дзякуючы гэтаму, зараз ёсць некаторы час, каб падумаць, куды рухацца.

— Як вы лічыце, узровень міжнароднай дапамогі, які вы атрымалі — дастатковы?

— Вельмі ўдзячная Францыі. Ніколі ў жыцці ніхто проста так ніхто не даваў мне грошы. Вельмі прыемна і тое, як нас сустракалі палякі. Падтрымка Еўропы адчуваецца надзвычай моцна.

Я не ўзяла з Украіны аніякага адзення, усё, што зараз маю, мне далі людзі — куртку, кофту, спадніцу… Ужо назбіралася даволі добрая калекцыя адзення. Мяне пасяліла ў сябе адна сям’я, потым іншая. Людзі проста адчыняюць дзверы свайго дома, і ты жывеш там, нібы частка сям’і, хоць ты ніхто для іх. І гэтыя людзі змяняюць для цябе ўвесь свой побыт, таму што ты з’яўляешся — і кожны дзень трэба, напрыклад, дзяліць ванну.

Не чакала, што хтосьці дасць мне ключы ад сваёй кватэры, хтосьці будзе выплачваць матэрыяльную дапамогу. Длч мяне гэта шок, бо раней такога не было ў жыцці. У Парыжы ёсць атэлье для артыстаў у выгнанні. Я прыйшла тыда, мне дапамаглі зрабіць CV на французскай, арганізавалі мне інтэрв’ю на Radio France, а таксама некалькі канцэртаў. Увогуле мне вельмі шчасціць на людзей. І музыка ў гэтым вельмі дапамагае, таму што граеш — і чалавек адразу перад табой адкрываецца.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

— Раскажыце, як вы атрымалі запрашэнне ад палермскага TeatroMassimo?

— Мне проста напісалі прадстаўнікі тэатра. Тады я пагугліла, што такое Teatro Massimo, і была вельмі ўражаная. Гэта адзін з самых раскошных тэатраў у Еўропе. Па шчырасці, дагэтуль не разумею, як яны мяне знайшлі. Нават да апошняга моманту не верыла: ці сапраўды гэта з тэатру мне пішуць? У выніку ўсё прайшло проста выдатна. Тут такая цудоўная каманда, і галоўны менеджар — выбітны чалавек.

Да таго ж спецыяльна для маіх выступаў арэндавалі раяль Steinway. Гэта фантастычны інструмент. Кожны вечар пасля канцэрта я праводзіла з ім. Не магу яго проста так адпусціць.

— Як вам публіка на сіцылійскіх канцэртах?

— Публіка выдатная. Кожны раз у зале было некалькі ўкраінцаў. Таксама прыходзілі паслы розных краін. Пасол Аўстрыі на першым канцэрце сказаў «Слава Украіне!». Гэта было вельмі прыемна.

А яшчэ, памятаю, як падышла адна парачка. Яны доўга чакалі, пакуль я з усімі паразмаўляю. І хлопец падышоў з такімі натхнёнымі вачыма! Сказаў, што гэта адзін з найлепшых вечароў у ягоным жыцці. Дадаў, што яго ўвогуле не шмат, што ўражвае. Але ўразіла мая музыка. Я была рада гэта чуць, бо тады зразумела, што знаходжуся на сваім месцы.

— Саша, не магу не спытаць. Што вы, як украінка, адчуваеце, калі чуеце слова «Беларусь»?

— Мой былы хлопец беларус. Беларусы вельмі мірныя людзі, нават занадта мірныя. Калі ў вас былі пратэсты, мяне здзіўляла, што некаторыя беларусы казалі, маўляў, мы не ўкраінцы, мы не будзем рабіць Майдан. Няўжо вы думаеце, што мірным шляхам можна зрынуць Лукашэнку?

— Ці ўспрымаеце вы грамадзян нашай краіны як агрэсараў?

— Хутчэй не. Думаю, вашыя людзі ў закладніках. Чула шмат інтэрв’ю расіян, якія падтрымліваюць вайну, Пуціна. Яны вельмі абазлёныя, многія з іх сапраўды хочуць захапіць Украіну. Скажу шчыра, не хачу кантактаваць ні з кім з рускіх. Учора на маім канцэрце была дзяўчына, мы павінны былі потым сустрэцца. Але я спытала: «Адкуль ты?» Яна адказала: «З Расіі, з Сібіры». Я сказала, што напішу ёй пазней і зразумела, што не магу. Яна была ўражаная маёй музыкай і ўвогуле, падаецца, класная. Але гляджу і думаю: рабяты, вы ўвесь гэты час маўчалі. Я бачыла 80 тысяч іранцаў у Берліне і ніводнага рускага ні на адным пратэсце ў Еўропе. Іх вельмі шмат у Парыжы, яны прыходзяць у атэлье для артыстаў у выгнанні, добра там пачуваюцца і ніхто не арганізаваў ніводнага пратэста, каб сказаць, што «мы не падтрымліваем тэрарыстычны рэжым нашай краіны». Таму не хачу нават чуць пра добрых рускіх.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага