«Мне сорамна быць рускім»: Дэпардзье просіцца назад у Францыю
Французскі акцёр Жэрар Дэпардзье, які перабраўся ў Расію ў 2013 годзе, ратуючыся ад вялікіх падаткаў, просіцца назад у Францыю, піша «Le Figaro».
Паводле выдання, пасля 24 лютага 2022 года Дэпардзье раскрытыкаваў Пуціна і вырашыў змяніць жыццё ў краіне, якая закрываецца «жалезнай заслонай», на свабоду ў Еўропе. Дэпардзье назваў уварванне Расіі на тэрыторыю Украіны «вар'яцтвам і недапушчальным эксцэсам» Пуціна.
«Мне сорамна быць рускім. Мне вельмі балюча, што нас асацыююць з оркамі і бандытамі, фашыстамі і крымінальнікамі... Атрыманыя фінансы ад продажу мардоўскай кватэры я перавёў на дапамогу УСУ. Звяртаюся да ўлад Францыі за падтрымкай і прашу даць мне статус уцекача ад вайны», — кажа цяпер Дэпардзье.
У Расіі Дэпардзье ўжо назвалі «здраднікам», які, нібыта, доўгія гады карыстаўся ўласнай папулярнасцю, «трымаючы дулю ў кішэні». Дэпутат Дзярждумы Аляксей Жураўлёў абураны, што грошы за расійскую нерухомасць акцёр перадаў УСУ: «Добра, што «спецаперацыя» прарэдзіла шэрагі такіх вось хлуслівых прыхільнікаў Расіі, ад якіх раней мы саромеліся пазбавіцца».
Нагадаем, Жэрар Дэпардзье перабраўся ў Расію ў 2013 годзе, каб пазбавіцца ад занадта вялікіх падаткаў на радзіме. Ад Крамля ён атрымаў розныя бонусы: грамадзянства Расійскай Федэрацыі, кватэры ў Грозным і Саранску, нават запускаў мегапраект па развіцці вінаробства ў Крыме.
Але потым Дэпардзье ахапіла любоў да Алжыра. У адным з інтэрв’ю ён прызнаўся, што вырашыў перабрацца жыць у адзін з алжырскіх гарадоў і нават асудзіў злачынствы французскіх каланізатараў у гэтай краіне.
Быў Жэрар Дэпардзье і ў Беларусі. У ліпені 2015 года ў рамках працы над фільмам «Нармандыя — Нёман» ён наведаў сінявокую, сустрэўшыся з Лукашэнкам, які паказаў яму ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі і вучыў акцёра касіць траву ручной касой.
Тады акцёр станоўча выказаўся пра падатак на дармаедаў, а потым у інтэрв’ю таму ж «Le Figaro» заявіў, што пераедзе ў Беларусь і будзе «жыць сярод сялян, таму што там прыгожа і прэзідэнт добры чалавек».
У лістападзе мінулага года Дэпардзье закрыў свой прадзюсарскі цэнтр у Маскве, а таксама прыпыніў працу над стужкай «Нармандыя — Нёман», бо французскі бок выйшаў з гэтага праекта пасля ўварвання Расіі ва Украіну.
Паводле «Люстэрка» (Азербайджан), «Фокус»