Цяжкія шляхі нашыя

Скончыліся валікія хрысціянскія святы, але паўсядзённае жыццё шараговага грамадзяніна працягваецца. І як было, так і застаецца яно нялёгкім. Нават у проста побытавым сэнсе.

Прыпынак "Парк чалюскінцаў"

Прыпынак "Парк чалюскінцаў"


Шляхі нашы цяжкія… Так, у літаральным сэнсе гэтага слова. Падаецца, што ўжо некалькі дзён не было вялікіх снягоў у беларускай сталіцы. Але нязручнасці, якія прынеслі завеі пры канцы мінулага тыдня, застаюцца і да сёння. Здавалася б, камунальныя службы, не абцяжараныя прыроднымі катаклізмамі апошнім часам, маглі б і спрычыніцца да палёгкі, каб зрабіць перасоўванне людзей па вуліцах, больш зручным. Але гэта не пра наш выпадак.

Тыя, хто карыстаюцца грамадскім транспартам, ужо стаміліся абурацца наконт таго, што сталічныя службы, адказныя за ўборку снега, зрабілі на многіх прыпынках аўтобусаў ды тралейбусаў. Так, трактарамі крыху пачысцілі пляцоўкі непасрэдна перад самімі прыпынкамі.

Але якім чынам? Як быццам бы паздзекваліся з патэнцыйных пасажыраў. Таму што пралезці праз штучна ўтвораныя камунальшчыкамі сумёты не могуць не тое што пенсіянеры ды інваліды, але і здаровыя людзі. Падыходы да прыпынкаў час ад часу нагадваюць «лініі Манэргейма». А калі сур’ёзна, то, каб дабрацца да месца пасадкі ў грамадскі транспарт, трэба альбо рабіць немалы абыход па слізаце, альбо караскацца праз снежную гару, што далёка не ўсім пад сілу.

Чым думалі тыя планіроўшчыкі прыборкі вуліц ды грамадскіх месцаў? Ясна, што адпаведныя службовыя адказныя асобы не часта (калі ўвогуле) карыстаюцца грамадскім транспартам, дык што ім да гэтага за справа…    

Другі момант. Гэта выпрабаванне для людзей, калі яны карыстаюцца падземнымі пераходамі ці ідуць у метро. Хто і навошта прыдумаў рабіць падлогавае пакрыццё з граніту ці нават мармуру? Ды хаця б з іх больш штучных аналагаў? Нават нягледзячы на тое, што там пастаянна шчыруюць кабеты ці мужыкі пенсійнага ўзросту з шуфелямі, падлога ўсё роўна застаецца вельмі слізкай ды небяспечнай для здароўя і нават для жыцця. Я ўжо не кажу пра крамы, дзе ледзь не кожны другі наведнік выпісвае піруэты, слізгуючы бы на катку і рызыкуючы атрымаць няхілую траўму ці, у лепшым выпадку, расцягненне цягліцаў. «Усё для людзей», як той казаў.

А вось самі людзі таксама не перастаюць здзіўляць. На Вадохрычшча каля праваслаўных храмаў і нават невялікіх царквушак 19 студзеня ад самага ранку стаялі неверагодныя чэргі. І гэта нягледзячы на працоўны дзень. Электарат, які толькі на вялікія царкоўня святы ўзгадвае, што ён, аказваецца, ахрышчаны вернік, ломіцца ў прыходы, каб назапасіцца хрышчэнскаю вадою. І гатовы дзеля гэтага выстойваць вялікія чэргі. Хоць, паводле канонаў, прыйсці ў храм за так жаданаю святою вадою можна было і 18 студзеня, пасля апоўдня, калі завершыўся чын ахрышчэння вады. І нават пасля «афіцыйнага» Вадохрышча. Дык вось не, трэба менавіта ламіцца ў царкву ў кананічны дзень. Такім чынам, людзям падаецца, што ўсе грахі змытыя, а святая вада будзе дапамагаць у жыцці надалей.


Чарга ў царкву на вуліцы Касманаўтаў у Мінску

Чарга ў царкву на вуліцы Касманаўтаў у Мінску

А дзе гэтыя «вернікі» ў звычайныя дні? Чаму яны ходзяць у царкву толькі па вялікіх хрысціянскіх святах, альбо калі, не дай Божа, здараецца ў іх блізкіх ці ў іх саміх нейкая вялікая бяда? Гэта ўжо так, рытарычнае пытанне. І гэткае наведванне цэркваў (і не толькі праваслаўных) — пытанне не веры, а, хутчэй, звычкі апошніх гадоў ці нават проста даніна модзе. І вось чэргі на сотні метраў гатовыя таптаць слоту, нават спрачацца, ледзь не да бойкаў і абразаў, хто стаў у чаргу раней за іншага. І што гэта? Ці дапаможа такім «душам» святая вада?

Святы ёсць святы. Калі яны дораць веру і надзею. Часам, шчырая вера ў штосьці сапраўды дапамагае людзям выжыць. Але спадзявацца трэба яшчэ і на сябе. Калі ў побыце чалавек не можа дабрацца да прыпынку, калі ў аўтобусе ці тралейбусе не працуюць дзверы, а ён выходзіць на рэйс, калі графікі грамадскага транспарту не адпавядаюць таму, што высвечваецца на табло, калі небяспечна спускацца ў «падземку» ці заходзіць у краму, то не трэба толькі па святах наведцацца ў храмы і папіваць ахрышчаную ваду. Трэба думаць, што мы робім самі і што робяць тыя, каго называюць «слугамі народа».

А пакуль што глядзіце, шаноўныя, пад ногі, будзьце пільныя і больш уважлівыя адзін да аднога. Хоць, як кажуць, беражонага Бог беражэ. Але і сам дапамагі Госпаду зберагчы цябе. Удачы!