Бітва будзільнікаў
У кожным чалавеку, асабліва калі ён Сава паводле птушынага гараскопу, ужываюцца два розныя чалавекі: Чалавек Вечаровы і Чалавек Ранішні. Пры чым гэтыя двое люта адно аднога ненавідзяць.
У кожным чалавеку, асабліва калі ён Сава паводле птушынага гараскопу, ужываюцца два розныя чалавекі: Чалавек Вечаровы і Чалавек Ранішні. Пры чым гэтыя двое люта адно аднога
ненавідзяць.
Перад тым, як легчы спаць, вечаровы чалавек засяроджана корпаецца ў мабільніку. На яго твары зьзяе садысцкая ўсьмешка. “Я яму пакажу, гэтай сволачы, гэтаму дармаеду, гэтаму
абібоку, – кажа ён пра сябе ранішняга, выстаўляючы будзільнік на 5:50 ранку. Ён цудоўна ведае, што ранішняму чалавеку ўставаць а 7-й, але акурат сёння ранішні чалавек папсаваў яму
шмат крыві, бо пасля званка будзільніка больш за гадзіну нахабна валяўся ў ложку, дасыпаючы. Паводле разлікаў вечаровага чалавека, пачуўшы будзільнік а 5:50, ранішні чалавек мусіць падумаць,
што ўжо сёмая, і таму пасьля гадзіны нахабнага валяння, роўна а 7:00, уздымецца і, чухаючы азадак, пацеляпаецца на кухню ставіць імбрык. Мелодыю для будзільніка вечаровы чалавек абірае самую
назольную, самую непрыемную для чалавечага слыха. Зазвычай гэта і не мелодыя зусім, а гнюснае бібіканне, агіднае завыванне, – такое, нібы праз ваш пакой імчыцца калона машынаў
хуткай дапамогі з уключанымі сірэнамі. Задаволены сабою, вечаровы чалавек выключае таршэр і адыходзіць да сну з чыстым сумленнем таго, хто не дарэмна пражыў дзень.
5:50 ранку. У пакоі ранішняга чалавека, які спіць сном немаўляці, пачынае дзіка завываць будзільнік, абачліва пакладзены вечаровым чалавекам у найаддаленейшы ад ложка кут. Ранішні чалавек на імгненне
ўзнімае галаву і з працяглым стогнам зарывае яе назад у падушку. “Хвіліну… трэба пратрымацца ўсяго хвіліну, – кажа ён сабе, спрабуючы заціснуць вушы: у гэтай
мадэлі тэлефона сігнал будзільніка аўтаматычна аціхае пасьля хвіліннага бібікання. Хвіліна праходзіць – і зноў шчасная цішыня. Але дзе там! А 5:55 азываецца іншае, яшчэ настырнейшае
бібіканне. Вечаровы чалавек, перастрахаваўшыся, выставіў будзільнік і на другім сваім мабільніку. “Садыст! Нелюдзь! – праклінаючы вечаровага чалавека ды
спатыкаючыся аб таршэр, дыванкі, ды крэслы, ранішні чалавек у прыцемках прабіраецца да стала і навобмацак выключае будзільнік. Потым вяртаецца і зноў бухаецца ў ложак. Ён раскусіў падступны план
вечаровага чалавека: а 6-й яго не падняць і гарматамі.
Але гэта была адно перамога ў першай бітве. А 6-й абодва будзільнікі пачынаюць выць ва ўнісон. У гэтых мадэлях тэлефонаў закладзены паўтор сігнала праз 5-10 хвілінаў, калі не выключыць будзільнік ці
выключыць яго няправільна. А сонны чалавек проста фізічна няздатны выключыць будзільнік правільна. Лепшая абарона – наступленне, вырашае ранішні чалавек і зноў цягнецца да стала. Адзін
будзільнік ён, насілу разляпіўшы вочы, умудраецца выключыць правільна, другі пасля некалькіх няўдалых спробаў перастаўляе на 7-ю. Забраўшы маленькага засранца з сабой у ложак, ён кладзе яго
ля падушкі, залазіць пад коўдру і, утульна ўладкаваўшыся, шчасьліва засынае.
Біііііууууу-бііііуууу-бііііуууу!... – азываецца а 7-й. Ааааааа! Ну навошта на вуха???? – падскоквае ранішні чалавек і з усёй злосці націскае на пімпачку выключэння
сілкавання.
А 8:10 ранішні чалавек спалохана ўсхопліваецца без усялякага будзільніка і, чухаючы азадак, вінавата целяпаецца на кухню ставіць імбрык. “Не, ну як прымусіць гэту падлу, гэтую
вечаровую паскудзіну, класціся спаць хаця б апоўначы? – задаецца ранішні чалавек рытарычным пытаннем, адмакаючы ў душы.
Разам з кубкам ратавальнай кавы пачынаецца новы дзень.