Люстраны прынцып, або IKEA-hacking "па-багатаму"
Беларуская масавая культура – калька з расійскай калькі заходняй масавай культуры. Гэта, здаецца, агульнавядома. І розныя тэлеперадачы аўчыннага ТБ рэгулярна гэта пацвярджаюць.
Беларуская масавая культура – калька з расійскай калькі заходняй масавай культуры. Гэта, здаецца, агульнавядома. І розныя тэлеперадачы аўчыннага ТБ рэгулярна гэта пацвярджаюць.
Па айчынных каналах на выходных паказваюць аналаг расійскай перадачы “Квартирный вопрос. Беларускі варыянт практычнейшы: уласна змене колераў ды канцэпцыі жытла надзяляецца менш увагі. Больш энэргіі стваральнікаў “хата-шоў прыпадае на прыктычныя парады гледачам. Майстравіты беларус можа даведацца, як правільна класці ламінат, пад якім вуглом трымаць шпатэль пры апрацоўцы аконных адкосаў і як збудаваць у звычайнай мінскай ці баранавіцкай кватэры калону з гіпсакардону. “Калона з гіпсакардону неабходная нам, каб замаскіраваць ТРУБУ! – вяшчае вядучы, і ты разумееш галоўнае беларускае пытанне . Яно не ў тым, што савецкае мінулае адыходзіць і новаму жыццю патрэбныя новыя рашэнні . Яно ў тым, што – якое б ноў-хаў ты ні планаваў ва ўласным жытле (і жыцці), якую б практычную перастаноўку ні рабіў, усе імкненні да пераменаў упіраюцца ў адно: тырчыць труба. Трубу немагчыма перанесці або зусім прыбраць. З трубой даводзіцца лічыцца: выпілоўваць пад яе дзіркі ў навюткай фінскай мэблі або – як варыянт – хаваць яе ад свету, узводзячы гіпсакардонную калону.
Але й праўда: ну што ты пробіш з гэтай трубою? Не кожнаму хопіць адвагі пафарбаваць сваю трубу ў яркія колеры, выставіўшы напаказ, як самастойны і цікавы аб’ект інтэр’еру. Так што хай гіпсакардон, хай труба... Самы вялікі ўдар для мяне ў хвіліны выпадковага ўключэння тэлевізара падчас такіх шоў – іншая калька з расійска-заходніх кватэрных зрабі-самаў: пяціхвілінныя ролікі, дзе дызайнеры раяць, як можна надаць новы выгляд старым рэчам у хатніх умовах.
Напрыклад, у адной з кватэраў стваральнікі перадачы знайшлі крэсла ў стылі каторагасьці з Людовікаў (наяўнасць такога ў беларускім доме – выразны сігнал таго, што ў доме ўсё “па-багатаму). З крэсла абадралі рэшту габеленавай абіўкі і “адрэстаўравалі яго – аксамітам фіялетавага колеру айчыннай вытворчасьці і залачоным шнуром, які прыляпілі на аксаміт сталярным клеем. Выглядала гэта мізэрна і тандэтна, хоць у момант абцяжкі крэсла аксамітам спрытны майстар паказаў, як менавіта трэба трымаць тканіну, каб не было перакосаў і зморшчынаў. Фіялетавае крэсла паставілі ў нішу, якая ўтварылася фінскай канапай і карынфскай калонай з гіпсакардону, якая закрывае трубу. Па-багатаму.
Але два іншыя выпадкі “рэдызайну абурылі мяне значна больш за апаганенага Ілжэлюдовіка, Магчыма, таму, што гвалт чыніўся над рэчамі, якія ёсць у маім хатнім ужытку.
Напрыклад, аднойчы айчынны дызайнер узяў круглую сырную дошку. Такую, дзякуючы братэрскім сувязям з Кітаем і Расіяй, можна купіць у любым беларускім гіпермаркеце.
Да яе яшчэ дадаецца спецыяльны сырны нож і некалькі гатункаў дэлікатэснага сыру. Дошку, поўную сыру, прыносяць на стол гасцям, пасля чаго кожны сам абірае сабе ўпадабаны гатунак і смакуе разам з аліўкамі, сухім чырвоным віном ці якім іншым мілым напоем. Усё, як прапісала нам заходняя цывілізацыя.
Сырная дошка – рэч практычная, простая і самадастатковая. Але ж не. Айчынны дызайнер бярэ сырную дошку і кажа: “Ну вось, перад вамі – абычная, нічым не прымячацельная раздзелачная даска. Мы здзелаем её па-настаяшчаму красівай".
На сырную дошку лепіцца перавадная карцінка класу “грыбочкі-клубнічкі , пасля чаго дошка пакрываецца падвойным слоем лаку. Рэзаць сыр на ёй цяпер немагчыма. “Да і паднімецца лі ў каго рука на такую красату? – рэзюмуе вядучы карыснага шоў пра дызайн інтэр’ераў.
Сырную дошку цяпер паставяць да сценкі на беларускую кухню, кахляваную па палове перыметра дарагой італьянскай кахляй з самых крыклівых калекцыяў і абклееную па другой палове перыметра нямецкімі шпалерамі “Венецыя. Па-багатаму.
І трэці сумны прыклад. Ёсць у сусветна вядомай шведскай кампаніі IKEA некалькі дызайнаў, яікя сталі не проста класічнымі, а культавымі і ўжо аднымі сваімі абрысамі рэкламуюць гэтую вядомую мільёнам мэблевую фірму. Гэтак жа, як сілуэт бутэлькі кока-колы рэкламуе слаўнавядомы напой без згадкі брэнду. Сярод іх – квадратнае люстэрка Malma. Вось такое:
Сярод дызайнераў свету даўно прынята трактаваць гэтую непамерна шырокую рамку як творчую прастору і на свой капыл упрыгожваць шведскае люстэрка. Можна так:
Існуе нават цэлы дызайнерскі рух - Ікея-хакеры, хобі якіх - перарабляць простыя ідэі і фактуры шведаў на свой капыл.
І вось у перадачы “Добрай раніцы, Беларусь – чарговая пяціхвілінка дызайну. Перад намі джэнтэльменскі набор – вядучая, дызайнер і чарговая ахвяра. Ахвяра – тое самае шведскае люстра Malma. Толькі ў перадачы яго называюць “абычным зеркалам. Па беларускім тэлебачанні нельга паказваць варожыя брэнды – яны вераць, што гэта іх прарэкламуе. Калі беларускае тэлебачанне запісвае інтэрвію ў кавярні, “фанту пераліваюць у непразрыстыя пластыкавыя кубачкі, а замест філіжанак з надпісам “Lavazza афіцыянта просяць прынесці “что-то нейтральное.
Беларуская дызайнерка бярэ люстэрка ад IKEA і кажа усё тую ж фразу, якая не звястуе нічога добрага: “С віду обычное зеркало. Но мы сделаем его по-настояшчему красівым.
Па ўсім перыметры люстэрка на рамку ў некалькі радоў налепліваюць шкляную мазаіку, такую можна здабыць на любым будаўнічым рынку. Рэшту прасторы на шырокай рамцы абкручваюць усё тым жа залачоным шнуром. Канцы шнура замацоўваюць зздаду люстра сталярным клеем. Па-багатаму.
Характэрна, што рама люстра, аздобленая шкляной мазаікай, – гэта таксама ідэя ІКЕA:
Такім чынам, айчынны дызайнер бярэ люстра, распрацаванае IKEA, і гадзіну вожкаецца з ім, ужываючы дызайнерскую ідэю, рапрацаваную IKEA. Аўтарскі элемент падзелкі дасягаецца беларускім аўтэнчычным залачоным шнуром.
Трэба думаць, імпартазамяшчэнне ў сферы інтэр’еру выглядае менавіта так. Люстраны прынцып у дзеянні.
Я чамусьці перакананая, што любы з айчынных дызайнераў, якіх паказваюць у падобных перадачах, – умее іначай. Але не смее. Бо – “нашы людзі гэтага не зразумеюць. Сучасны беларускі дызайн – гэта няспыннае намацванне лейтматыву, які зразумеюць людзі. Па-багатаму.