Дзяжпрапаганда ўзялася за Ганну Смілевіч
Супрацоўнік дзяржаўнага агенцтва тэлевізійных навінаў Канстанцін Прыдыбайла ў сваім аўтарскім відэаблогу на YouTube «Придыбайло. Субъективно» выказаўся наконт вучэбнай паспяховасці кіраўніцы Моладзі БНФ Ганны Пахолкі (Смілевіч).
У відэа аўтар крытыкуе Ганну за нізкую паспяховасць падчас усіх навучальных сесій. Цікава, што публічнай інфармацыі пра адзнакі дзяўчыны ў першым семестры не было. Блогер не раскрывае свае крыніцы. Магчыма, гэта атрымалася не без дапамогі дзяржаўных рэсурсаў ад АТН, як гэта было з фільмам «Белый легион черных душ».
Але, насамрэч, Ганна ўсе прадметы за першы курс здала: можа, не лепшым чынам, але задавальняюча і без пераздач.
Варта адзначыць, што першая сесія для студэнтаў Інстытута журналістыкі самая цяжкая: здаецца адразу 9 іспытаў, некаторыя з іх – у форме разнастайных інтэграваных модуляў. І толькі адзін прадмет – «Асновы журналістыкі» мае непасрэднае дачыненне да будучай спецыяльнасці Ганны.
Нагадаем, што сам Прыдыбайла працаваў нейкі час у расійскім скандальнавядомым тэлеканале Life (былы Lifenews). Пазіцыя аўтара відэаблога відавочная: напрыклад, у нядаўнім канфлікце вакол барбершопа «Чэкіст» ён падтрымаў бок цырульнікаў.