Ці знойдзе Герда свае шчасце?
Сумная гісторыя Герды падобная на сотні іншых, знаёмых валанцёрам. Гэта невялічкая асцярожная дзяўчынка — ахвяра дачнага сезону. Хтосьці пагуляўся ды і пакінуў жывую цацку сярод зачыненых дач. Шмат такіх, як яна, гіне падчас халадоў, але Гердзе пашанцавала — яе вывезлі валанцёры.
Можна доўга распавядаць пра гэтага дзіўнага сабаку. Герда вельмі тактоўная, трохі нясмелая, далікатная. Яна ніколі не кінецца ў першыя шэрагі, каб атрымаць прысмакі, будзе ціхенька чакаць, ну, а калі ласунак ёй не дастанеца — проста пойдзе на свае месца.
Да новых людзей ставіцца з недаверам, можа праяўляць напружанасць у адносінах да дзяцей. Але ўсё гэта роўна да таго часу, пакуль Герда не зразумее, што яна для вас важная і вы яе любіце. І вось тады сабака раскрые перад вамі сваю душу, і вы літаральна патонеце ў моры любові і пяшчоты.
Як жа выдатна, калі яна штурхае вас у далоньку сваім халодным мокрым носам, калі вы можаце абняць яе і зазірнуць у вочы — у Герды яны, як у чалавека, можна глядзець і разумець, пра што думае гэты сабака.
І зусім не мае значэння, што яна беспародная, Герда ўмее любіць і быць адданай не горш, чым тытулаваныя суродзічы.
Герда прышчэпленая, стэрылізавана, мае ветпаспорт, у ежы не пераборлівая.
Шукаем таго Чалавека, з кім сабака будзе шчаслівая! У прыватны дом, у кватэру, з ненадакучлівым адсочваннем лёсу. Тэлефануйце: +375293267627 Настасся, +375296941493 Ірына.