Андрэй Хадановіч пераклаў верш забітай украінскай пісьменніцы, але пазней вымушана выдаліў пост

Паэт Андрэй Хадановіч апублікаваў у фэйсбуку пераклад верша ўкраінскай пісьменніцы Вікторыі Амелінай — некалькі дзён таму яна памерла ад ранення пасля ўдару па Краматорску. Але, як распавядае «Наша Ніва», вымушаны быў выдаліць пераклад — украінская супольнасць пісьменнікаў абурылася такім крокам. «Яна б не была рада гвалтоўнаму перакладу», — напісалі паэту.

1_249_logo_1_logo.jpg.webp

Андрэй Хадановіч быў знаёмы з Вікторыяй Амелінай. Яны перасякаліся на розных літаратурных імпрэзах яшчэ да поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Перапісваліся некалькі разоў і пасля.

«Яна была адной з першых украінак, якія напісалі мне пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. І справа якраз тычылася перакладу — не мастацкага. Я перакладаў украінскі зварот да беларускіх вайскоўцаў. Вікторыі было істотна, каб ён быў агучаны па-беларуску, — расказвае Хадановіч. — Потым яшчэ некалькі разоў яна звярталася па іншых пытаннях.

Была аднойчы жартаўлівая фраза: «Мы пасля цябе паб’ём, а зараз давай рабіць агульную карысную справу». На што я адказаў смайлікам, і мы рабілі агульную справу».

Вікторыя Амеліна памерла ў бальніцы пасля таго, як была параненая падчас удару па Краматорску.

«Паколькі я яе ведаў і як чалавека, і як пісьменніцу і сімпатызаваў, я не мог не зрэагаваць і зрабіў тое, што мне здавалася самым адэкватным — напісаў некалькі слоў пра тое, кім яна была, пра абставіны смерці і выбраў тэкст, які мяне найболей уразіў у часы вайны, бо ён сведчыць пра яе паэтычны талент, з аднаго боку, а з другога — пра светлыню гэтай асобы. Гэты верш («Історія для повернення») пра дом і бяздомнасць настолькі ж падтрымлівае ўкраінцаў, як і беларусаў», — разважае паэт.

Аднак пасля публікацыі перакладу ў фэйсбуку сваё абурэнне выказалі ўкраінскія пісьменніцы.

«Віка пісала, што ніколі не будзе выступаць ні з рускімі, ні з беларускімі пісьменнікамі. Яна б не была рада гвалтоўнаму перакладу», — пакінула каментар пісьменніца Люба Якімчук.

«Дарагі Андрэй, не маю мэты вас пакрыўдзіць, але сапраўды, сям'я Вікі просіць устрымацца ад перакладаў. Па-першае, Вікіна сям'я павінна пахаваць яе і акрыяць ад страшнага гора. Сябры, сям'я супраць перакладаў на рускую і беларускую [мовы]. Уся наша супольнасць дзякуе вам загадзя за разуменне», — выказалася пісьменніца і перакладчыца Аксана Луцышына.


Глядзіце таксама

Андрэй Хадановіч такой рэакцыі не чакаў.

«Я пра гэта не ведаў, але магу ўявіць, што Вікторыя магла гаварыць такое, магу ўявіць гэтыя эмоцыі, абвостраныя вайной, боль. І, зразумела, пачуўшы ад вядомай пісьменніцы як бы ад імя ўсёй украінскай грамады выказаную просьбу, я выбачыўся, прыбраў пераклад і замяніў яго арыгіналам. Мне здаецца, тут ніякіх крыўдаў, абраз няма — мне зрабілі заўвагу, я яе ўлічыў», — дзеліцца ён.

Паэт разважае пра тое становішча, у якое трапіла беларуская мова і самі беларусы праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне.

«У кожнага беларуса, я думаю, застаецца гэта пачуццё горычы, што беларуская мова атаясамліваецца з беларускім рэжымам, які ёсць суагрэсарам расійскага акупанта. Крыўдны стэрэатып, які, канечне, трэба разбураць.

Прычына перш за ўсё — што мы замала ведаем адно аднаго. Далёка не ўсе ўкраінцы ведаюць месца беларускай мовы ў сённяшняй Беларусі. Тое, што беларуская мова — такі самы, як і ўкраінская, вораг нашых усходніх імперыялістычных суседзяў, якія стагоддзямі яе намагаліся знішчыць.

А па-другое, у канкрэтныя перадваенныя і ваенныя часы беларуская мова — гэта мова, на якой не гавораць ворагі Украіны. Ворагі Украіны ў Беларусі гавораць на іншай мове.

Затое на беларускай гаворыць частка абаронцаў Украіны ў палку Каліноўскага, па-беларуску гаварыў мой знаёмы Міраслаў Лазоўскі, які нядаўна загінуў за Украіну. Важна, каб болей украінцаў пра гэта ведалі, тады, можа, будуць іншыя асацыяцыі».

Паэт мяркуе, што дзяліцца вершамі часу вайны і перакладаць іх важна яшчэ і таму, што прапаганда сее нянавісць і падзяляе беларусаў і ўкраінцаў, а мастацтва, у тым ліку паэзія, гаворыць пра любоў і аб’ядноўвае, нясе падтрымку ў цяжкія часы.