Арсень Сівіцкі: «Крывавы разгон пратэстаў канчаткова разарваў сацыяльны кантракт»
Беларуская палітычная нацыя мае ўсе шанцы для таго, каб паўстаць з попелу яшчэ адзін раз пасля завяршэння крызісу.
«Радыё Свабода» звярнулася да беларускіх інтэлектуалаў з просьбай падзяліцца бачаннем і разуменнем падзеяў 2020 году, адказаць у шырокім сэнсе на пытанне «Што гэта было?». Сёння прапануем вашай увазе адказы дырэктара Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеня Сівіцкага
Прабуджэнне беларускай палітычнай нацыі
Беларускі палітычны крызіс, які ўзнік адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і які характарызаваўся беспрэцэдэнтным узроўнем палітычнай мабілізацыі і сацыяльнай салідарнасці беларускай грамадзянскай супольнасці, стаў вынікам шэрагу абʼектыўных і субʼектыўных фактараў і прычын, якія спелі на працягу апошніх пяці-дзесяці гадоў.
Калі гаварыць пра абʼектыўныя прычыны, то, перш за ўсё, істотна змяніліся структурныя сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі беларускага грамадства, а таксама яго каштоўнасныя арыентацыі.
Можна сцвярджаць, што беларускае грамадства за
апошняе дзесяцігоддзе здзейсніла своеасаблівы фазавы пераход — ад грамадства,
над якім панаваў светапоглядны груз савецкай спадчыны, да «пост-постсавецкай»
супольнасці, у якой каштоўнасныя ўстаноўкі на свабоду, канкурэнцыю, зніжэнне
ролі дзяржавы ў вырашэнні надзённых праблемаў, асабістую адказнасць за ўласны
лёс і дабрабыт пачалі пераважаць традыцыйныя патэрналісцкія арыентацыі,
характэрныя для пэрыяду 1990-х — пачатку 2000-х гадоў.
За гэты час беларускае грамадства стала яшчэ больш адкрытым і сучасным не толькі дзякуючы падключэнню Беларусі да працэсаў глабалізацыі, пераважна праз усталяванне гандлёва-эканамічных і палітычных сувязяў з іншымі краінамі, але і шырокаму распаўсюджванню інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогіяў і падключэнню Беларусі да «глабальнай вёскі», што адыграла вядучую ролю ў беспрэцэдэнтнай палітычнай мабілізацыі і сацыяльнай салідарнасці падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 году і пасля яе.
Паралельна, насуперак ідэалагічнай пазіцыі беларускага кіруючага класу — пазіцыі, звязанай з захаваннем дамінуючага становішча дзяржаўнай уласнасці, структурныя трансфармацыі ў эканоміцы прывялі да таго, што доля прыватнага сектару перавысіла ў 2020 годзе 50%.
Каштоўнасны зрух супаў з відавочным крызісам сацыяльна-эканамічнай мадэлі кіравання беларускай дзяржавы, якая больш-менш паспяхова выконвала свае функцыі да 2015 году, але пасля пачала ўвесь час даваць збоі з прычыны скарачэння доступу да нафтавай і геапалітычнай рэнты ў адносінах з Расіяй.
Перыядычныя эканамічныя спады і стагнацыя даходаў грамадзян на фоне трэнду росту дабрабыту ў суседніх краінах, з якімі беларусы сталі ўсё часцей і часцей суадносіць уласнае становішча, паставіла пад пытанне здольнасць дзяржавы выконваць узятыя на сябе абавязанні ў адпаведнасці з сацыяльным кантрактам з беларускім грамадствам. Неаднаразовыя і беспаспяховыя спробы рашуча пераадолець запаветную планку сярэдняга заробку «папіцот» з рухам у кірунку «па тысячы» ў доларавым эквіваленце не ўвянчаліся поспехам, а паводле ўзроўню сярэднедушавых наяўных рэсурсаў у 2020 годзе Беларусь выйшла толькі на ўзровень «папіцот» у беларускіх рублях.
Пандэмія каронавірусу і яе эпідэміялагічныя, эканамічныя і палітычныя наступствы сталі сапраўдным краш-тэстам для беларускага грамадства і дзяржавы. І калі для беларускага грамадства яна стала глыбінным матывам для беспрэцэдэнтнага ўзроўню сацыяльнай салідарнасці і ўзаемадапамогі, то дзяржава іспыт на эфектыўнасць і адэкватнасць вырашэння надзённых праблемаў беларусаў праваліла.
У выніку пандэмія каронавірусу паказала, што дзяржаве з цяжкасцю ўдаецца выконваць самыя базавыя функцыі ў рамках сацыяльнага кантракту з грамадствам — клапаціцца пра жыццё і здароўе грамадзян.
Высокі ўзровень трывожнасці і страху значнай часткі грамадства, які стаў вынікам непаслядоўнай і супярэчлівай лініі дзяржавы ў барацьбе з сацыяльна-эканамічнымі і ўласна эпідэміялагічнымі наступствамі пандэміі (70–80% лічылі антыковідныя захады ўладаў неэфэктыўнымі і недастатковымі) лёгка трансфармаваўся ў пратэставыя настроі напярэдадні галоўнай палітычнай падзеі 2020 году — прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
Не паспеўшы купіраваць негатыўныя наступствы пандэміі, Аляксандр Лукашэнка прыняў найбольш рызыкоўнае для сябе рашэнне — праводзіць прэзідэнцкую выбарчую кампанію ў разгар першай хвалі эпідэміі.
На фоне ўвядзення надзвычайных становішчаў і локдаўнаў па ўсім свеце з прычыны пандэміі беларускае кіраўніцтва, паддаўшыся ўплыву канспіралагічных тэорыяў (згодна з якімі каронавірус — гэта глабальная авантура, зладжаная дзеля новага перадзелу свету), пайшла «ва-банк», аднак ані ў свеце, уключаючы бліжэйшага стратэгічнага саюзніка ў асобе Кітая, ані ў беларускім грамадстве такі «ковід-дысідэнцкі подзвіг» не ацанілі.
Замест таго, каб рушыць за сусветным трэндам, выкарыстоўваючы пандэмію ў якасці трыгера для рэформы сістэмы палітычнага кіравання і эканамічных рэформаў і перабудовы ўсёй сацыяльна-эканамічнай мадэлі ў адпаведнасці з посткаранавіруснымі рэаліямі ў духу «вялікай перазагрузкі» (паводле Клаўса Шваба), і нават больш — як падставы для пераносу выбарчай прэзідэнцкай кампаніі на пазнейшы тэрмін і ў больш спрыяльныя ўмовы, быў абраны самы неспрыяльны сцэнар.
Толькі практычна праз год пасля пачатку палітычнага крызісу беларускія ўлады сталі пагражаць увесці ваеннае становішча — рашэнне, якое ў цяперашніх умовах не будзе падтрыманае беларускім грамадствам, яшчэ больш паглыбіць палітычны крызіс і канчаткова замацуе за Беларуссю статус крыніцы пагрозаў для міжнароднага міру і бяспекі.
Такім чынам, сукупнасць абʼектыўных фактараў і субʼектыўных памылак з боку беларускіх уладаў прывяла да беспрэцэдэнтнай палітычнай мабілізацыі грамадства, значная частка якога вырашыла перагледзець сацыяльны кантракт з дзяржавай.
Высокі антырэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, абумоўлены неэфектыўнасцю дзеянняў рэспубліканскіх і мясцовых уладаў у адказ на праблемы, якія хвалююць беларускіх грамадзянаў, абумовіў высокую папулярнасць любога іншага з альтэрнатыўных кандыдатаў, уключаючы Святлану Ціханоўскую, якая дайшла да канца прэзідэнцкай гонкі насуперак жорсткаму сцэнару правядзення кампаніі, у адпаведнасці з якім усе асноўныя апазіцыйныя кандыдаты (Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі і Валер Цапкала) былі выключаныя з працэсу на этапе яе старту.
Правядзенне прэзідэнцкіх выбараў без спробаў імітацыі хаця б некаторых атрыбутаў дэмакратыі і адсутнасць шырокага нацыянальнага і міжнароднага назірання, абмежаванне спаборніцтва выключэннем галоўных альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты ва ўмовах вельмі нізкага даверу да інстытутаў улады (уключаючы Цэнтральную выбарчую камісію з рэйтынгам не большым за 20–30% даверу), рэгістрацыя ў якасці кандыдата Святланы Ціханоўскай (якая відавочным чынам кансалідавала ўвесь пратэставы і нейтральны электарат) і, нарэшце, «пераможны» вынік 80,1% для А. Лукашэнкі замест «прымальных 65%» у грамадстве і ў свеце — усё гэта стала фатальнымі паліттэхналагічнымі памылкамі беларускіх уладаў.
Сітуацыя канчаткова пагоршылася з прычыны беспрэцэдэнтнага ўзроўню непрапарцыйнага і хаатычнага гвалту з боку сілавых ведамстваў супраць пратэстуючых грамадзянаў, якія ў большасці сваёй выйшлі выказаць сваю нязгоду з вынікамі выбараў мірным спосабам. Гэта не выключае таго, што былі і тыя, хто выходзіў на вуліцы для сілавой дэманстрацыі сваёй нязгоды, але гэта ніяк не апраўдвае таго ўзроўню неселектыўнага гвалту з боку сілавікоў, які быў ужыты падчас пратэстаў.
У выніку крывавы разгон пратэстаў, раскрутка махавіку рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці і апазіцыі не толькі падарвалі легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі ў вачах беларускага грамадства і сусветнай супольнасці, але і канчаткова разарвалі сацыяльны кантракт паміж значнай часткай беларускіх грамадзянаў і дзяржавай (у сэнсе бюракратычных інстытуцыяў). Агульнанацыянальныя масавыя пратэсты і акцыі салідарнасці ў адказ на крывавыя разгоны сталі адказам на прыніжэнне чалавечага гонару і годнасці з боку ўлады, з якой і заключалася грамадзянская дамова.
У выніку беларускі палітычны крызіс можна ахарактарызаваць як раскол паміж, з аднаго боку, бюракратычнымі інстытуцыямі ў шырокім сэнсе і той часткай грамадства, чый дабрабыт залежыць ад карпаратыўнай лаяльнасці ў адносінах да іх, а з другога — грамадзянскай супольнасцю, чыё існаванне наўпрост не залежыць ад дзяржавы. То-бок гэта раскол паміж дзвюма сацыяльнымі структурамі і каштоўнаснымі сістэмамі — «адкрытым» грамадствам, якое імкнецца да зменаў і праявы свабоды, і «закрытым» грамадствам, якое супраціўляецца любым зменам і не гатовае браць на сябе адказнасць за ўласны лёс.
Менавіта таму геапалітыка спачатку не прысутнічала ў пратэставым руху ані ў якай форме, бо пратэсты былі прадуктам мабілізацыі супраць палітычнага свавольства, несправядлівасці і расчалавечвання з боку ўласнай дзяржавы, а не знешніх геапалітычных актараў на Захадзе ці Усходзе, пагрозамі з боку якіх палохала дзяржаўная прапагандысцкая машына як падчас прэзідэнцкай кампаніі, гэтак і на працягу ўсяго палітычнага крызісу.
Адным з эфектаў адсутнасці геапалітычнага вымярэння стаў акцэнт на нацыянальных формах і ўсеагульнае выкарыстанне пратэставым рухам нацыянальных гістарычных сімвалаў — бел-чырвона-белага сцяга і гербу «Пагоня», аднак на гэтым нацыянальны змест быў вычарпаны. Гэта звязана з тым, што глыбінным матывам пратэставай дынамікі стаў запыт на абарону «ўніверсальных каштоўнасцяў», уласцівых грамадствам так званай заходняй цывілізацыі — самакаштоўнасці чалавечай асобы, жыцця, гонару, годнасці, свабоды і інш.
Палітычны крызіс 2020 году стаў крыніцай абуджэння беларускага грамадства і пачаткам зараджэння беларускай палітычнай нацыі. Аднак гэты ж крызіс выявіў усю крохкасць беларускай дзяржавы ў сэнсе здольнасці бюракратычных інстытутаў і ўладных структураў падтрымліваць агульнанацыянальны кансенсус паміж рознымі часткамі беларускага грамадства, прадстаўнікамі «адкрытай» і «закрытай» сацыяльных прастораў.
Ён жа паставіў пад пытанне здольнасць беларускай дзяржавы да самазахавання і ўзнаўлення з прычыны адсутнасці стратэгічнага бачання вырашэння гэтага крызісу ў беларускага кіроўнага класу. Па меры яго ператварэння ў глабальную праблему беларускае грамадства і дзяржава рызыкуе трапіць у геапалітычную пастку, у якой іх лёс і будучыню будуць вызначаць іншыя глабальныя і рэгіянальныя гульцы. І як гэта часта бывае — без уліку нацыянальных інтарэсаў беларускага грамадства, не кажучы ўжо пра інтарэсы беларускай дзяржавы і кіроўнай элітнай групы.
У гэтай сувязі адзінае магчымае і прымальнае рашэнне
гэтага крызісу — шырокі і інклюзіўны дыялог паміж «адкрытай» і «закрытай»
часткамі беларускага грамадства, прычым імкненне да паразумення і суперажывання
з’яўляецца неабходнай перадумовай для пераадолення гэтага расколу. Нягледзячы
на шматлікія сусветныя войны і канфлікты, якія праходзілі праз тэрыторыю
Беларусі як праз еўразійскі калідор для ўварванняў з Захаду на Усход і з Усходу
на Захад, на ўнутрыпалітычныя канфлікты, якія прыводзілі да грамадзянскіх
войнаў і расколаў, якімі карысталіся імперыі на Захадзе і на Усходзе, —
нягледзячы на ўсё гэта, беларусы кожны раз паўставалі з попелу і зноўку
выбудоўвалі свой дом і саміх сябе.
І гэта было магчыма дзякуючы волі да суіснавання насуперак палітычным адрозненням і супярэчнасцям, экзістэнцыйным крыўдам за мінулае і сучаснасць, дзякуючы салідарнасці і ўзаемадапамозе спачатку ўнутры родавых структураў і семʼяў, прафесійных супольнасцяў, а цяпер — на больш шырокім узроўні грамадзянскай супольнасці. Гэтая энергія, якая вызваляецца дзякуючы абуджэнню беларускай палітычнай нацыі, мае як творчы, гэтак і разбуральны патэнцыял. Таму аніякі зыход не гарантаваны, але палітыка — сфера магчымага, і беларуская палітычная нацыя мае ўсе шанцы для таго, каб паўстаць з попелу яшчэ адзін раз пасля завяршэння крызісу.
Наперадзе нас чакае нялёгкі і напоўнены выпрабаваннямі шлях вялікага адраджэння беларускай нацыі.