Усё мае сэнс. Усё мела сэнс

І гэта не словы штучнага суцяшэння тым, хто адчувае расчараванне ад падзей 9 жніўня. Гэта квінтэсэнцыя адчування таго беспрэцэдэнтнага працэсу, што адбываецца на нашых вачах.

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Брушко, tut.by

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Брушко, tut.by


Афіцыйныя лічбы перамогі ў выбарах» і «недапушчэнне сілавога перавароту» вадамётамі-аўтазакамі — здавалася б, ёсць двайной, сакрушальнай перамогай рэжыму. І так было б, калі б барацьба, як у папярэднія дзесяцігоддзі, вялася выключна ў плоскасці кантролю за штурвал дзяржаўнага апарату.
Але сёлета барацьба перайшла ў іншае вымярэнне. Так, кіраўнік дзяржавы ўтрымаў кантроль за дзяржаўнай машынай, што ў ранейшыя гады аўтаматычна значыла кантроль над грамадскім жыццём. Людзі ў аўтарытарнай дзяржаве не мелі суб’ектнасці, іх паводзіны ў грамадстве вызначаліся выключна дзяржаўнымі рэгламентамі і здольнасцю карнага апарата прымусіць да выканання гэтых рэгламентаў.
Тут і зараз паўстае новае вымярэнне барацьбы — за выхад грамадскіх стасункаў з-пад кантролю аўтарытарнай дзяржавы і права людзей самастойна і непасрэдна рэалізоўваць свае неад’емныя грамадзянскія правы. У тым ліку, правы на свабоду сходаў і абрання прадстаўнічай улады шляхам мірнага галасавання на выбарчых участках. А ў гэтай барацьбе рэжым не атрымаў пакуль ніякай перамогі, не кажучы ўжо пра пераканаўчую.
Усё мае сэнс.  
І адмова ад гвалту. І дэцэнтралізаваныя мірныя пратэсты. І самаарганізацыя без лідараў.І нават — у гэтых умовах — галасаванне на імітацыйных выбарах.
Тое, што адбывалася ў гарадах Беларусі пасля закрыцця участкаў, — гэта не барацьба «хто каго» ў сілавым супрацьстаянні, кароткім, як бой на рынгу. Гэта наўпроставая і непасрэдная рэалізацыя права на свабоду мірных сходаў, насуперак прымусу.
Тое, што адбывалася на ўчастках, — у першую чаргу спроба непасрэднай рэалізацыі права абіраць прадстаўнічую ўладу. Спроба выкарыстання механізмаў галасавання па непасрэдным прызначэнні, насуперак татальнаму кантролю рэжыма за арганізацыяй працэсу. Тое, што максімальнай колькасці людзей сталі відавочны механізмы імітацыі, — пазытыўны, але ўзбочны эфект.
Усё мела сэнс.
Радыкалізм і памяркоўнасць.Вера і недавер.Агітацыя за ўдзел і за байкот.
І ўвесь фантастычны варушняк апошніх месяцаў — палітычная кампанія ў краіне без палітыкі, «выбары» ў краіне без выбарчай сістэмы.
І адчайнае змаганне радыкалаў, дысідэнтаў, актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў папярэднія 20 год.
Усе зерні грамадскай актыўнасці, якія сеяліся кожным неабыякавым чалавекам у розныя часы і з розных нагодаў, пачынаюць прарастаць праз асфальт разам.
Мы маем шанец на новае грамадства.
Я адчуваю, што надзея пачынае спраўджвацца. Як і належыць сапраўднай надзеі, спраўджвацца яна пачынае акурат тады, калі ўжо амаль забытая — але яшчэ канчаткова не забітая.
Падобна, што палітызацыя стэрыльнага, дэпалітызаванага за дзесяцігоддзі грамадства дае шанец на канчатковы выхад з абдымкаў таталітарнай парадыгмы. Той самай, шкодная спадчына якой пранізвае не толькі «іржавую дзяржаву», але і грамадскае і прыватнае жыццё, траўмуючы душы, атамізуючы асобы, стрымліваючы здольнасць камунікаваць і ствараць супольна.
У нас як грамадзянскай супольнасці ёсць шанец на ўваход у тыя дзверы, якія дагэтуль падаваліся такімі далёкімі.
Дзе пратэст — гэта найперш непадпарадкаванне прымусу, а не рэпетыцыя ўзброенай бітвы за ўладу. Дзе «нас шмат» — гэта не «мы вас задавім», а «нас не загнаць у куты паасобку».Дзе «аб’яднанне» — гэта не пра уніфікацыю ўсіх грамадзян пад адзіна правільную ідэю, рэжымную ці антырэжымную. А пра аб’яднанне высілкаў, там дзе магчыма іх аб’яднаць, пры захаванні розных прынцыпаў і поглядаў.Дзе адрознасць пазыцыяў і поглядаў — не нагода для падзелу, а цудоўны шанец пабудаваць новае супольнае бачанне і ўраўнаважваць адно аднога.Дзе словы маюць літаральнае значэнне, а не ёсць агітацыйным камуфляжам схаваных сэнсаў.Дзе «грамадства» — гэта супольнасць самастойных суб’ектаў, а не рэсурс палітыка.Дзе людзі, а не дзяржава і не палітыкі вырашаюць, як жыць.Дзе заклік «разыходзімся» значыць не «спыняемся і чакаем новых загадаў у іншы дзень», а «разыходзімся і арганізуемся самастойна».Дзе барацьба з рэжымам вядзецца не за ўладу, а за каштоўнасці.І дзе каштоўнасцю упершыню для відавочнай большасці грамадзян Беларусі стаў сам прынцып «перамен» а не «стабільнасці».
Не ўсё так ружова.
На шляху нараджэння новага грамадства ёсць немінучыя і страшэнныя небяспекі. Адсутнасць масавага імунітэту да папулізму і прапаганды, несфармаванасць супольных каштоўнасцяў, пагроза незалежнасці, маніпулятыўныя гульні з розных бакоў. Урэшце, нікуды пакуль не падзелася аўтарытарная сістэма, якая несумяшчальная з самастойнай грамадзянскай супольнасцю.
Але пра дрэннае — не сёння.
Яшчэ нічога не гарантавана, але цяпер шмат што магчыма.
Разам — працягнем рух!
Дзякуй!
Дзякуй усім, хто не збаяўся ўчора выйсці і меў такую магчымасць.Дзякуй тым, хто на мяжы фолу штурхануў гэтае балота, скарыстаўшы ўсе наяўныя механізмы, перакуліўшы ўсе сэнсы, запусціўшы здаровыя працэсы.Дзякуй тым, хто неабыякавы.Дзякуй тым, хто не здаваўся, і тым хто не здасца.