Аснова магчымай перамогі

Сустрэча з кандыдаткай у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай 19 ліпеня на плошчы Бангалор у Мінску ператварылася ў мітынг аб’яднаных штабоў. Рэй вялі, адпаведна, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава — піяр-менеджар Віктара Бабарыкі, і Вераніка Цапкала, жонка Валерыя Цапкалы.

photo_2020_07_16_15_51_22_1.jpg


Такім чынам, «Жаночае Трыо» аб’ядналася для дасягнення супольнай палітычнай мэты. Жанчыны ў беларускай палітыцы найноўшай гісторыі адыгрываюць усё больш і больш важную ролю. У чым жа сакрэт поспеху аб’яднанага штабу, і якую ролю з пункту гледжання піяру ў ім грае кожная з жанчын?

Беларуская Д’Арк ці ахвяра абставінаў?

Фота Ірыны Арахоўскай — Святлана Ціханоўская

Фота Ірыны Арахоўскай — Святлана Ціханоўская

Мне, як пачаткоўцу ў PR-журналістыцы і былому маркетолагу вельмі цікава сачыць за кранальным поспехам у вачах народа новай палітычнай сілы. «Трыо» паказала сябе досыць паспяхова — упершыню за амаль 15 гадоў палітычны пікет сабраў каля 10 тысячаў удзельнікаў.
Святлана Ціханоўская кажа, што яна пайшла на рашучыя крокі праз любоў да свайго мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага. У сваёй ролі яна найбольш шчырая — яна маці, жонка і «змагарка» паводле лёсу і паклікання. Адразу ўзгадваецца савецкая «Каўказская палонніца» Ніна. Яна таксама ахвяра абставінаў, прыгожая і моцная жанчына, што змагаецца з «рэжымам».



fota_2_8.jpg


Толькі вось палітычнае змаганне — куды больш складаная гульня. Гэта гульня, якая патрабуе адмысловых інструментаў: паліттэхналогій і піяр-рашэнняў.

Піяр-менеджар — новы палітычны гулец

Фота Белсата — Марыя Калеснікава

Фота Белсата — Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава — прадстаўніца штаба Віктара Бабарыкі, даволі прафесійна выглядае ў сваёй ролі палітычнага гульца. Марыя, арт-дырэктар «ОК16», кіравала міжнароднымі культурнымі праектамі. Яе рыторыка выдае ў ёй паспяховага маркетолага, які праз маркетынгавы інструмент выбудоўвае палітыку. У інтэрв’ю КУКУ яна сама адзначае:

«Прадстаўнікі ўлады — гэта толькі нанятыя народам менеджары, але вызначае і ўплывае на тое, што адбываецца ў краіне — народ. Беларусаў ніхто не чуе: ні апазіцыя, ні ўлада».

Падобная рыторыка слушная ў дэмакратычных краінах з адпаведнымі інстытуцыямі ўлады. Таму Марыя выглядае як замежны палітык, які шчыра жадае разабрацца ў беларускай справе і шчыра абураецца дзеяннямі нашых уладаў.

Яе вобраз адлюстроўвае беларускі народ, які шчыра жадае паразумецца ў беларускай палітыцы. І разумеючы, што такое «беларуская палітыка ўладаў», ён, як і Марыя, шчыра абураецца.

З гледжання маркетолага-піяршчыка, яе вобраз даволі добра дазваляе праводзіць дыялог з масамі. Яна стараецца ўлічыць інтарэс кожнага абуранага беларуса, не заходзячы пры гэтым за межы закона.

У сваёй рыторыцы яна абмінае «вострыя куты», імкнецца не закранаць тэму пратэстаў і антызаконных дзеянняў. І такую ж пазіцыю займае значная частка народа, які пратэстуе праз мірныя акцыі, такія як чэргі да ЦВК і перадвыбарчыя пікеты, выказваючы незадаволенасць уладамі.

Новы пачаткоўца-палітык — Вераніка Цапкала

Фота TUT.BY — Вераніка Цапкала

Фота TUT.BY — Вераніка Цапкала

Вераніка Цапкала, жонка прэтэндэнта ў прэзідэнты, выглядае каардынальна інакш. Яна выступае больш нечакана, радыкальна. У ейных словах чуецца апеляцыя да ўсіх, яна звяртаецца праз эмоцыі да розума:

«Мы разумеем, што перамены непазбежныя. Першы раз нашая моладзь не жадае нараджаць. Кожны год мы страчваем 40 тысячаў нашых грамадзянаў, што ў пошуку лепшага жыцця выязджаюць з Беларусі. За апошнія 26 год нашая краіна страціла 750 тысячаў чалавек — гэта два абласных цэнтра, такіх як Віцебск і Магілёў».

На пікеце Вераніка прадстаўляе грамадзе ініцыятыву «Сумленныя Людзі», выказваецца за нашэнне на ўчастках белай стужкі як знака абнаўлення. Яна выглядае як рашучы палітык, што дзейнічае ў складанай сітуацыі.

Такая рыторыка, на маю думку, не зусім адпавядае жонцы палітычнага дзеяча. Яна, хутчэй, заяўляе сябе як асобны і незалежны палітык, які мае ўласны план дзеянняў. Яна разумее настрой народа і жадае скарыстацца ім для нейкіх рашучых дзеянняў.

Такім чынам мы бачым гісторыю трох моцных жанчынаў, якія трапна выкарыстоўваюць патэнцыял пратэста ў палітычнай барацьбе. Аб’яднаныя высілкі — добры піяр-ход. Высілкі моцных жанчынаў — новы трэнд сучаснасці, які выслаўляецца, напрыклад, у заходнім кінематографе. Карыстальнікі фэйсбука нават падабралі акторак на ролі ўдзельніц "Жаночага трыо". 



Нягледзячы на высілкі ўладаў раскалоць пратэст і кандыдатаў, мы назіраем адваротную з’яву — аб’яднанне. У гэтай сітуацыі самае галоўнае — аб’яднаць аўдыторыі гэтых штабоў. І, калі гэта атрымаецца, мы зможам стварыць адзіны фронт пратэстаў.