«Любім, можам, пераможам»! Першы перадвыбарчы пікет Ціханоўскай у Мінску (фота)
Увечары 19 ліпеня ў парку Дружбы народаў адбыўся перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай разам з аб’яднанымі штабамі незарэгістраваных кандыдатаў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. У ім па розных ацэнках узялі ўдзел ад 7 да 10 тысяч чалавек.

Асноўным лозунгам пікета стаў знакаміты з мінулых выбараў слоган «Верым, можам, пераможам!», які набыў цяпер новы сэнс. Аб’яднаныя штабы Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай аб’явілі сваю праграму дзеянняў:
1. Заклік да галасавання 9 жніўня
2. Вызваленне палітвязняў 3. Новыя сумленныя выбары прэзідэнта пасля 9 жніўня 4. Заклік да назірання за галасаваннем
Пікет распачала Святлана. Ціханоўская наступнай заявай:
«Пасля таго, як Святлана Ціханоўская выйграе выбары, мы аб’явім новыя выбары з тымі кандыдатамі, якіх не дапусцілі. Будуць удзельнічаць усе альтэрнатыўныя кандыдаты. Мы верым у тое, што ў гэтым годзе мы зможам абараніць свае галасы.
Мы заклікаем усіх людзей прыходзіць у назіральнікі, каб знізіць рызыку фальсіфікацыяў. Мы абавязаныя бараніць свае галасы».

На сённяшнім пікеце аб’яднаныя штабы агітавалі галасаваць за Святлану і прыходзіць на выбары. Аднак прэтэндэнт на прэзідэнцтва, блогер і муж Святланы — Сяргей Ціханоўскі некалі выступаў за байкот выбараў. На пікеце Ціханоўская патлумачыла пазіцыю свайго мужа:
«Мой муж казаў: пакуль адзін вядомы чалавек удзельнічае і адна «вядомая» лічыць, у нас чэсных выбараў быць не можа. Гэта не азначае, што сёлета мы паверылі ў чэсныя выбары. Выбары будуць фальсіфікавацца, і мы ўсе пра гэта ведаем. Але ў гэтым годзе зможам пракантраляваць гэта. Мы б не пайшлі на гэты крок, калі б не верылі ў сваю перамогу. Але нават у выпадку фальсіфікацыі мы ведаем, што народ падымецца з канапы і абароніць свае галасы.
Я, Святлана Ціханоўская, хачу стаць прэзідэнтам Беларусі дзеля пераменаў. Дзеля новых, чэсных і адкрытых выбараў пасля 9 жніўня».

Марыя Калеснікава, кіраўніца штаба В. Бабарыкі ў сваёй прамове таксама казала аб выкрыцці фальсіфікацыяў:
«Кожная спроба чыноўнікаў нядобрасумленна выконваць свае абавязкі будзе зафіксаваная і абнародаваная. Кожнае парушэнне закону не знікне і не забудзецца. Зараз чыноўнікі, суддзі і сілавікі пакідаць сляды як ніколі раней. Гэта сляды, аб якіх даведаемся мы ўсе, іх сябры, сем’і і суседзі. Працягвайце паказваць уладзе сваю нязгоду. Не бойцеся фізічнай пагрозы, АМАПу і аўтазакаў. Аўтазак – толькі машына».

Вераніка Цапкала, жонка Валерыя і кіраўніца ягонага штаба ў сваім выступе агучыла галоўныя праблемы Беларусі: нізкая нараджальнасць, эміграцыя і адток насельніцтва. Вераніка адзначыла:
«Мы разумеем, што перамены непазбежныя. Першы раз нашая моладзь не жадае нараджаць. Кожны год мы страчваем 40 тысячаў нашых грамадзянаў, што ў пошуку лепшага жыцця выязджаюць з Беларусі. За апошнія 26 год нашая краіна страціла 750 тысячаў чалавек – гэта 2 абласных цэнтра, такіх як Віцебск і Магілёў».

Цапкала ў сваім выступе заклікала беларусаў прыходзіць на выбары з белай стужкай на руцэ: «Белы – гэта сімвал жыцця, свабоды, нечага новага». Вераніка заклікала людзей узяць удзел у кампаніі Чэсныя Людзі.
Кампанія «Чэсныя Людзі» пакліканая на тое, каб кожны змог атрымаць інфармацыю пра выбары і пазбегнуць фальсіфікацыі. Кожны можа стаць назіральнікам на выбарах, да чаго агітуе кампанія.

У пікеце моладзь выказала салідарнасць з палітвязнямі праз плакаты. Аляксандр Руткевіч з партыі «Народная Грамада» распавёў:
«Мы хацелі, каб людзі, якія працуюць на ўладу: АМАП-аўцы, суддзі маглі далучыцца. Бо заўсёды можна змяніць свой погляд. Мы ўсе – адзін народ. Я прыйшоў, каб выразіць сваё незадаволенне ўладай, якая парушае законы нашай краіны. Беларусь павінна быць вольнай і дэмакратычнай».
На пікеце таксама прысутнічалі людзі з красамоўнымі майкамі, якія сталі асаблівым сімвалам пратэсту: «Ева» Хаіма Суціна ды іншыя.


Акцыя закончылася а 18:30, але людзі працягвалі стаяць, многія выходзілі на бліжэйшыя вуліцы. Іх падтрымлівалі аўтамабілісты сігналамі гудкоў, што сталі знакам пратэсту.