Ініцыятыва «Сумленныя людзі» запусціла пляцоўку ўзаемадапамогі для беларусаў

У Беларусі запрацаваў сэрвіс «Хуткая ўзаемадапамога», прызначаны для дапамогі пацярпелым праз сваю грамадзянскую пазіцыю. Праект запусцілі актывісты ініцыятывы «Сумленныя людзі», якія дамагаюцца правядзення ў краіне справядлівых і празрыстых выбараў. Яны заклікаюць усіх жадаючых далучыцца да працы сэрвісу з любога боку: папрасіць дапамогу і падтрымку або аказаць яе.
Пляцоўка прызначана для сувязі тых, каму патрабуецца дапамога, і гатовых яе прапанаваць. Гаворка ідзе не толькі аб фінансавай падтрымцы, але і аб працаўладкаванні звольненых, навучанні, перакваліфікацыі і кар'ерным кансультаванні.

Пацярпелыя падчас выбарчай кампаніі запаўняюць на сэрвісе спецыяльную форму, паказваючы, што з імі здарылася (гэта могуць быць штраф, звальненне ці ціск на працы, а таксама любыя іншыя праблемы, выкліканыя іх грамадзянскай пазіцыяй) і якая дапамога ім патрабуецца (фінансавая, працаўладкаванне, навучанне ці нешта іншае). Дадаткова карыстальнік паведамляе сваё імя і кантакты для сувязі.

Дадзеная форма была прадстаўлена за некалькі дзён да старту старонкі сэрвісу на сайце, і яе ўжо запоўнілі 59 чалавек, якія папрасілі дапамогу іншых людзей.

Тыя, хто гатовы дапамагчы людзям, якія аказаліся ў цяжкай сітуацыі, могуць зрабіць гэта прама на сайце, адрасна пералічыўшы грошы абраным людзям або пазначыўшы гатоўнасць дапамагчы ў будучыні любому чалавеку, якому патрэбна дапамога. Для гэтага прадугледжана тры формы:

• першая прызначана для патэнцыйных працадаўцаў;
• другая — для гатовых бязвыплатна навучыць людзей, якія страцілі працу;
• у трэцяй жадаючыя могуць заявіць пра намер дапамагчы пазней любому, каму спатрэбіцца дапамога.

Паколькі гісторыі ўсіх, хто пакідае заяўкі на дапамогу, абавязкова праходзяць верыфікацыю, якая займае 1-2 дні, то ў першы дзень працы сэрвісу было прапанавана дапамагчы 5 чалавекам. Менш чым за 2 гадзіны была сабрана неабходная сума ў амаль 4 000 рублёў, і яшчэ каля двух дзясяткаў людзей заявілі пра сваё жаданне дапамагчы тым, чые гісторыі будуць прадстаўлены пазней. З дапамогай сэрвісу «Хуткая ўзаемадапамога» атрымалася аплаціць паслугі адвакатаў траім грамадзянам, у судовым парадку абскардзіць адхіленне іх кандыдатур у сябры ўчастковых выбарчых камісій, а таксама былому сакратару сталічнага «Зелянбуда», якога папрасілі звольніцца пасля прыёму дакументаў ад актывістаў на правядзенне мітынгу для рэферэндуму.

Актыўная на пляцоўцы і кампанія падтрымкі былога экскурсавода Нацыянальнага мастацкага музея Мікіты Моніча, які напісаў заяву на звальненне пасля патрабавання кіраўніцтва выдаліць адзін з пастоў у сацсетках. Яму можна прапанаваць супрацоўніцтва.

Больш за 50 арганізацый ужо пацвердзілі гатоўнасць працаўладкаваць і навучыць тых, хто пацерпіць з-за сваіх дзеянняў па забеспячэнні сумленных выбараў.

«Упэўненыя, мы аднолькава перажываем расчараванне ад несправядлівасці, якая адбываецца, — каментуюць валанцёры ініцыятывы "Сумленныя людзі". — І нам няма сэнсу вам яго тлумачыць. Таму мы хочам паказаць вам адваротны бок падобных падзей: сябры пазнаюцца ў бядзе. Спачатку мы сталі дапамагаць збіраць грошы на адвакатаў пры падачы скаргаў у суды. У нас атрымалася. Мы вырашылі дапамагчы як мага большай колькасці людзей, якім важна, каб выбары прайшлі сумленна і празрыста».

Арганізатары пляцоўкі «Хуткая ўзаемадапамога» яшчэ да старту дамовіліся аб тым, што будуць працаваць у звязку і дапамагаць адзін аднаму з астатнімі ўжо запушчанымі ініцыятывамі, якія падтрымліваюць пацярпелых праз грамадзянскую пазіцыю. Да прыкладу, праваабарончую дапамогу аказвае цэнтр «Вясна», а збор грошай для аплаты штрафаў асуджаным за ўдзел у мірных акцыях пратэсту праводзіць ініцыятыва BY_help.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: