Алена Анісім: Лукашэнка будзе яшчэ чапляцца за ўладу, але яго палітычны лёс ужо вырашаны

«Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі няпростая, можна сказаць, тупіковая», — лічыць старшыня Таварыства беларускай мовы, былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

1509278973__98090975_042106636_833x400.jpg

Так сталася з–за таго, што за 26 гадоў не створана, а наадварот, знішчана сістэма пераемнасці ўлады.
— Таму ўсе мы зʼяўляемся закладнікамі менавіта такога стану рэчаў. Сёлетняя выбарчая кампанія была цалкам праваленая ўладамі. Тое, што рабілася падчас працэсу рэгістрацыі кандыдатаў, ужо паказала, што насамрэч ніхто і не збіраўся ладзіць выбарчую кампанію як такую. То-бок адбылася імітацыя выбарчага працэсу, фактычна маляванне нейкай уяўнай перамогі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Нягледзячы на тое, што папярэдне неаднаразова рабіліся закіды Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку пра тое, што можа варта было б ужо яму і не вылучацца, грамадства атрымала недвухсэнсоўны адказ, што менавіта Аляксандр Рыгоравіч будзе правіць баль у гэтай краіне столькі, колькі ён сам пажадае. У выніку атрымалася тое, да чаго ніхто не быў гатовы. народ не захацеў болей цярпець, народ недвухсэнсоўна выказаўся адносна таго, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка не зʼяўляецца пасля 9 жніўня легітымным кіраўніком краіны. І ўсе мы зараз сведкі таго, што народ, не абіраючы лідара, не абіраючы нейкай канкрэтнай палітычнай сілы, партыі, ініцыятывы дэманструе, што менавіта ён зʼяўляецца легітымным уладным органам, то-бок менавіта народ вызначае, як яму жыць, з кім яму жыць і хто павінен прамаўляць ад імя народа. На сённяшні дзень гэта робіцца вуснамі розных людзей. Але паколькі ў народа няма рэальных рычагоў уплыву на прыняцце палітычных рашэнняў, то гэтыя масавыя выхады вельмі эфектныя, але не маюць таго эфекту, на які мы ўсе разлічвалі. На жаль, палітычнай эфектыўнасці, таго выніку, якога б мы хацелі, пакуль мы не маем. Адным словам, мы бачым, што ўсё зайшло ў тупік.
— А якое выйсце з гэтага тупіка?
— Сітуацыя склалася заканамерна таму, як развіваліся ўсе працэсы на працягу гэтых 26 гадоў, — калі палітычнае поле зачышчана, калі няма ніякай магчымасці займацца палітыкай усім тым, хто пачувае ў сабе такое жаданне. Таму што палітыка — гэта найвышэйшая форма праяўлення чалавечага розуму, адказнасці, патрыятычнасці. А ў нас гэта пад забаронай, кажучы так, як ёсць. Таму адзінае выйсце — гэта вяртанне ў прававое поле, гэта пачатак дыялогу ў грамадстве і пачатак нармальнай дэмакратыі. Без гэтага ніяк і нікуды. У прыватнасці, ёсць пляцоўка, якую стварыла Рада інтэлігенцыі разам з аргкамітэтам па правядзенні Кангрэса ў абарону Незалежнасці. Гэтая пляцоўка раз-пораз збіраецца. І мы гатовы стаць, можа быць, той пачатковай пляцоўкай для шырокага грамадскага дыялогу.
— А да вас хто-небудзь хаця б мягка і асцярожна з боку ўлады звяртаўся хаця б з намёкамі пра такую магчымасць?
— Былі пэўныя размовы. Але наша пазіцыя ясная, — мы настойваем, што павінна быць прызнанне таго, што выбары прэзідэнта ў Беларусі не адбыліся. Гэта асноўная наша пазіцыя. Калі мы пачынаем з таго, што ў Беларусі выбараў не было, прэзідэнт у нас не быў абраны, значыць, павінна дзейнічаць па Канстытуцыі іншая структура ўлады. Калі мы на гэта пагаджаемся, зыходзім з гэтага, то далей мы пачынаем размаўляць: якія крокі павінны быць зроблены ў той ці іншых сферах. І далей пайшлі да наступных крокаў.
— Пакуль мабыць улады ўсё ж не гатовыя да гэтага. Не так даўно Лукашэнка казаў — а з кім размаўляць?
— Размаўляць трэба з людзьмі, размаўляць трэба з народам. А ўжо якім чынам прадстаўнікі народа будуць вылучацца, гэта ўжо пытанне другое. Каму народ будзе давяраць, каму будзе дэлегаваць свае паўнамоцтвы, гэта вельмі проста і лёгка арганізаваць. Было б жаданне.
— Вяртаючыся да тэмы непрызнання выбараў і сітуацыі, калі па вашых словах, павінна дзейнічаць іншая структура ўлады, а па Канстытуцыі гэта прэмʼер-міністр як выконваючы абавязкі кіраўніка дзяржавы, то Лукашэнка прадугледзеў і гэты момант. 19 жніўня ён зацвердзіў прэмʼера, але без узгаднення з Палатай прадстаўнікоў. Можа быць, працэдура парушана наўмысна, каб і да прэмʼер-міністра былі пытанні аб яго легітымнасці, каб раптам не пераняў гэтую ўладу?
— Вось мы пра гэта і кажам. Дык якая ж гэта ўлада? Якая ж моц улады, калі яна сама сябе заганяе ў такую сітуацыю? Ніхто не перашкаджаў, ніхто не замінаў. А між тым улада нічога не зрабіла з таго, што трэба было зрабіць па працэдуры, што трэба было зрабіць па законе, што трэба было зрабіць па Канстытуцыі. Такім чынам, улада сама распісалася ў тым, што яна няздольная.
— Чаму традыцыйная апазіцыя не пайшла на выбары? У тым ліку і Вы, хаця спачатку планавалі?
— Я не пайшла перш за ўсё таму, што вылучаўся Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Я сказала — пасля гэтага няма чаго ў гэтым удзельнічаць. Гэта значыць падыгрываць яму, ісці на тых умовах, якія ёсць, а вынік прадказальны. Тое ж самае і для традыцыйных партыяў. Яны былі сагнаныя даўным даўно на палітычную ўзбочыну. А тое, што адбыўся ўсё ж-такі прарыў, то ў нейкай ступені ён быў прадказальны. Людзі ўжо даўно хацелі зменаў ва ўладзе, хацелі зменаў у вышэйшым палітычным кіраўніцтве. Аднак іх ніхто не збіраўся слухаць. Гэта, прабачце, прагучыць груба, але гэта так — ешце, што даюць! А народ не захацеў гэта перанесці і выказаў сваё абурэнне, і выказаў сваё стаўленне да ўсяго. І да таго, што галасы ў адных адбіраюць, і каму галасы прыпісваюць, і каму хочуць малююць. Адным словам, супраць гэтага фарсу. А нехта не захацеў удзельнічаць у гэтым фарсе, нехта меў дастаткова рэсурсаў, у першую чаргу, фінансавых, у другую тэхнічных, для таго, каб паспрабаваць прабіць гэтую сцяну, якую ўлада паставіла між сабой і народам. І ўдалося! Беларусы ўсё ж паказалі, што яны — талерантны народ, але гэта народ свабодалюбівы!
— І дарэчы, паказальна, што асноўныя лозунгі, асноўныя сімвалы гэтых пратэстаў — «Жыве Беларусь!», бел – чырвона – белы сцяг, герб «Пагоня». Што таксама нечакана.
— У людзей ёсць моцнае жаданне жыць менавіта ў незалежнай Беларусі. І для таго, каб яшчэ больш выразна гэта падкрэсліць, людзі скарысталіся нацыянальнымі сімваламі, у процівагу сімвалам сённяшняй палітычнай эліты, якая знаходзіцца на вяршыні ўлады. Вось у піку ім, у знак пратэсту, яны выкарыстоўваюць нацыянальныя сімвалы. Гэта таксама падкрэслівае, што людзі свядома абіраюць незалежнасць Беларусі. І хочуць жыць у сваёй краіне, а не ў саюзнай дзяржаве ці яшчэ ў нечым.
— Бачна, што Лукашэнка не збіраецца сыходзіць. Калі ўзімку і ўвесну ён яшчэ звяртаўся да Захаду, сварачыся з Пуціным, то зараз хутка памяняў арыентацыю, кідаецца ўжо да Пуціна ледзь не ў абдымкі.
— Сітуацыя з Расіяй зразумела ад пачатку і да канца. Менавіта Расія, а дакладней — Крэмль стаў гарантам праўлення Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, пачынаючы можа з 1994 года, а ўжо з 1996 года — то дакладна. Не будзь умяшання Расіі ў 1996 годзе, то яго праўленне магло закончыцца праз два гады. Але гісторыя распарадзілася інакш. І менавіта ад Крамля Аляксандр Рыгоравіч у першую чаргу і чакае падтрымкі. Бо Крэмль — гэта гарант ягонай улады ў Беларусі. І таму ён паехаў туды, і таму ён дзеля сваёй улады гатоў прымаць якую заўгодна позу, і казаць тыя рэчы, якія кожнаму беларусу проста рэжуць вуха і прыводзяць у няўцямны стан, — наконт агульнай нейкай айчыны, радзімы ад Берасця да Уладзівастоку.
— Чаго чакаеце рэальна ў бліжэйшы час?
— Я чакаю прагрэсу. Я чакаю таго, што здаровы сэнс усё ж-такі возьме верх. Зразумела, што сітуацыя, якая склалася зараз у Беларусі, сведчыць, як бы там хто не казаў, аб слабасці цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Таму што моцны палітык выразна адчувае, калі яму варта сысці. Калі палітык пачынае, насуперак усялякім законам, неправамерна скарыстоўваць сілу, значыць ён хавае сваю слабасць. Аляксандр Лукашэнка, безумоўна, будзе яшчэ чапляцца за ўладу. Але можна меркаваць, што яго палітычны лёс ужо вырашаны.
Паводле racyja.com