Хронікі 353-га дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны

Расказваем, што адбылося за мінулыя суткі на ўкраінскім фронце.

Ілюстрацыйнае фота: wikipedia.org

Ілюстрацыйнае фота: wikipedia.org


***

Калі меркаваць па ўскосных прыкметах, наступ расійскіх войскаў ва Украіне ўжо можна назваць распачатым, мяркуе «Бі-бі-сі». Выданне адзначае, што штодзённыя страты расійскіх войскаў ва Украіне рэзка павялічыліся яшчэ ў сярэдзіне снежня.

Паводле звестак з адкрытых крыніц, згодна з якімі «Бі-бі-сі» сумесна з расійскай «Медиазоной» вядуць пайменны спіс загінулых вайскоўцаў РФ, штотыднёвая колькасць толькі пацверджаных смярцей у канцы 2022 года павялічылася з 250-300 да 600-700 чалавек.

Супастаўленне некралогаў і паведамленняў з фронту паказвае на тое, што большасць з іх загінулі менавіта падчас наступальных дзеянняў у тых рэгіёнах, дзе чакалася актывізацыя расійскіх войскаў — і гэта суадносіцца з тактыкай «закідвання» праціўніка вялікім аб'ёмам жывой сілы.

***

З пачатку расійскага ўварвання больш за 8 млн жыхароў Украіны сталі бежанцамі і пераехалі ў краіны Еўропы, гаворыцца ў абноўленай справаздачы Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. З іх 4,8 млн чалавек падалі заяўкі на атрыманне статусу часовага рэзідэнта ў краінах ЕС. Яшчэ 5,3 млн чалавек, паводле падлікаў ААН, сталі вымушанымі перасяленцамі ўнутры Украіны. Больш за ўсё ўкраінскіх бежанцаў у абсалютных значэннях зарэгістравана ў Польшчы і Германіі. Калі параўноўваць з насельніцтвам краін, то больш за ўсё жыхароў Украіны прынялі Чэхія, Эстонія, Латвія і Літва, гаворыцца ў справаздачы ААН.

***

За суткі Расія выпусціла па Украіне 106 ракет і нанесла 59 авіяўдараў, 28 з якіх — беспілотнікамі «Shahed-136». Таксама было выкарыстана 32 зенітных кіруемых ракет С-300 і 74 крылатыя ракеты паветранага і марскога базавання.

На Днепрапятроўшчыне беспілотнікі пашкодзілі тры энергетычныя аб'екты, зафіксаваныя істотныя разбурэнні.

«Ноч на Днепрапятроўшчыне прайшла з трывогамі і нападамі варожых беспілотнікаў. Цэлілі па нашай крытычнай інфраструктуры. "Шахіды" пабілі два энергетычныя аб'екты ў Крыварожскім раёне і адзін — у Нікапальскім», — паведаміў старшыня Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак. Інфармацыі пра ахвяр няма.

***

З-за расійскага абстрэлу напярэдадні і ўзніклай нестабільнасці ў электрасетцы быў спынены адзін з энергаблокаў Хмяльніцкай АЭС, паведаміла Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ). Яшчэ дзве з трох дзеючых украінскіх атамных электрастанцый — Ровенская і Паўднёваўкраінская — у якасці меры засцярогі знізілі выпрацоўку электраэнергіі.

Акрамя таго, дзяржаўная інспекцыя ядзернага рэгулявання Украіны паведаміла МАГАТЭ, што дазволіць аднавіць працу Запарожскай АЭС толькі пасля таго, як яна будзе вернутая пад кантроль Украіны. На дадзены момант шэсць рэактараў станцыі знаходзяцца ў рэжымах халоднага і гарачага прыпынення.

***

Расія з лістапада 2022 года скідае ваду з Кахоўскага вадасховішча, каб не даць УСУ фарсіраваць Днепр. У выніку пад пагрозай можа аказацца забеспячэнне пітной вадой соцень тысяч жыхароў, арашэнне звыш 200 гектараў зямель і сістэма астуджэння Запарожскай АЭС. 

***

У Якаўлеўскай гарадской акрузе Белгарадскай вобласці беспілотнікамі быў атакаваны інфраструктурны аб'ект, паведаміў губернатар рэгіёна Вячаслаў Гладкоў. «Ахвяр і пацярпелых няма. Аператыўныя службы выехалі на месца для ліквідацыі наступстваў», — напісаў ён, не прывёўшы ніякіх падрабязнасцей.

***

У пракрамлёўскіх Telegram-каналах з'явілася відэа, на якім, паводле іх сцвярджэнняў, зафіксаваная атака на аўтамабільна-чыгуначны мост у Затоцы Адэскай вобласці. Як пішуць расійскія «ваенкоры», удар быў нанесены надводным беспілотнікам. Выданне «The Insider» сцвярджае, што змагло пацвердзіць геалакацыю відэа, але не дату здымкі.

Ва Украіне не пацвярджаюць дакладнасць інфармацыі пра атаку на мост у Затоцы расійскім надводным дронам, якая распаўсюджваецца расійскімі Telegram-каналамі. Спікер Адэскай АВА Сяргей Братчук заявіў пра ўкіды, якія рэгулярна з'яўляюцца з расійскага боку, піша «Нямецкая хваля». «Таму яшчэ раз: вайскоўцы паведамяць, калі нешта падобнае было. На дадзены момант такой інфармацыі няма».