Інспектаванне Запарожскай АЭС будзе доўжыцца некалькі дзён — МАГАТЭ

Пасля некалькіх тыдняў абстрэлаў на тэрыторыі Запарожскай АЭС туды здолела трапіць місія ААН. Зараз спецыялісты МАГАТЭ будуць спрабаваць стабілізаваць сітуацыю і прадухіліць аварыю.

Запарожская АЭС. Фота: wikipedia.org

Запарожская АЭС. Фота: wikipedia.org


Агенцтва «Reuters» паведамляе, што місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) у складзе аўтакалоны з Кіева прыбыла ў Запарожжа, дзе інспектары, верагодна, правядуць ноч перад наведваннем у чацвер станцыі, якая знаходзіцца на тэрыторыі, акупаванай Расіяй.
Расійскія вайскоўцы, пад чыім кантролем зараз знаходзіцца АЭС, спадзяюцца, што візіт працягнецца ўсяго адзін дзень, але прадстаўнікі МАГАТЭ і Украіны мяркуюць, што ён будзе доўжыцца больш.
«Місія зойме некалькі дзён. Калі мы зможам устанавіць пастаянную або працяглую прысутнасць, тады ўсё будзе даўжэй. Але гэты першы сегмент зойме некалькі дзён», — заявіў журналістам кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі.
«У нас вельмі важная задача — ацаніць рэальную сітуацыю там, дапамагчы стабілізаваць яе настолькі, наколькі мы можам», — сказаў ён, дадаўшы, што каманда МАГАТЭ атрымала гарантыі як ад Расіі, так і ад Украіны, якія дазваляюць ёй увайсці ў зону баявых дзеянняў.
Расія захапіла найбуйнейшую ў Еўропе Запарожскую АЭС у пачатку сакавіка пасля пачатку ўварвання на ўкраінскую тэрыторыю. Электрастанцыя забяспечвала 20% патрэб Украіны ў электраэнергіі, але зараз яна знаходзіцца пад кантролем расійскіх вайскоўцаў, якія рэгулярна абстрэльваюць тэрыторыю з дапамогай артылерыі і беспілотнікаў, што можа стаць прычынай радыяцыйнай катастрофы, буйнейшай за Чарнобыльскую.
Кіеў заяўляе, што Расія выкарыстала АЭС у якасці шчыта для нанясення ўдараў па населеных пунктах, ведаючы, што Украіне будзе цяжка адкрыць агонь у адказ. Міністэрства абароны Расіі заявіла, што ўзровень радыяцыі на станцыі знаходзіцца ў норме.
Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка заявіў, што інспекцыя МАГАТЭ з'яўляецца крокам да «дэакупацыі і дэмілітарызацыі» аб'екта. Расія ж пакуль не мае намеру выводзіць адтуль свае войскі. Кіраўнік МАГАТЭ заявіў, што ў яго абавязкі гэта не ўваходзіць.
«Мая місія — тэхнічная. Гэта місія, мэта якой — прадухіліць ядзерную аварыю. І захаваць гэтую важную атамную электрастанцыю», — сказаў ён.