Яшчэ 5 чалавек затрыманыя па падазрэнні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Ці сярод іх Статкевіч — невядома

Пра гэта паведаміў тэлеканал СТБ са спасылкай на МУС Беларусі.

25 сакавіка 2017 году. Мінск

25 сакавіка 2017 году. Мінск

Ці ёсць сярод затрыманых лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч, які знік тры дні таму, і ягоны кіроўца Сяргей Кунцэвіч, у якога падчас затрымання канфіскавалі пляшкі «з пахам гаручай сумесі», невядома.
«Паступіла аператыўная інфармацыя пра тое, што некалькі грамадзян задумвалі правакацыі падчас несанкцыянаваных мерапрыемстваў», — цытуе МУС інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Паводле афіцыйнага паведамлення, падчас ператрусаў па месцы жыхарства затрыманых былі знойдзеныя пнеўматычная зброя, халодная зброя, кайданкі, лёгкаўзгаральныя рэчывы і хімічныя рэактывы, маскі з проразямі для вачэй, навучальная літаратура анархісцкага зместу. Цяпер дзеянням затрыманых даецца прававая ацэнка.
23 сакавіка КДБ паведаміла, што крымінальная справа ўжо распачатая супраць 26 чалавек. У КДБ заявілі, што затрыманыя актывісты «Белага легіёну» на чале з Міраславам Лазоўскім, а таксама «Маладога фронту» на чале са Змітром Дашкевічам. Ім інкрымінуюць навучанне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт.293 КК РБ).
UPD. Пазней прадстаўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Дзмітры Пабяржын паведаміў журналістам, што ведамства не валодае інфармацыяй, дзе можа быць Статкевіч.
Паводле «Радыё Свабода»