Ад пачатку пуцінскага «перамір'я» Расія ўдарыла кіраванымі авіябомбамі па Сумшчыне
Пуцін анансаваў «святочнае перамір'е» дастаткова даўно, каб пра яго пачулі ўсе. І сапраўды, звыклых маштабных атак гэтай ноччу ва Украіне не было. Тым не менш, расійскія кіраваныя авіябомбы падалі на Сумскую вобласць Украіны. Ідзе 1170-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Усяго, за мінулыя суткі зафіксавана 196 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 61 наступальнае дзеянне расіян ў раёнах Елізаветаўкі, Пакроўска, Траецкага, Малінаўкі, Лісоўкі, Котліна, Удалага, Новасергіеўкі, Новааляксандраўкі, Багданаўкі, Андрэеўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 24 разы ў раёнах Капанак, Грэкаўкі, Калодзежаў, Рэдкадуба, Новага Свету і Альгоўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 32 атакі арміі РФ паблізу Канстанцінопаля, Навасёлкі, Вольнага Поля, у напрамках Наваполя, Атраднага.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 13 атак непадалёк Шчарбінаўкі, Тарэцка і ў напрамку Дыліеўкі. На Харкаўскім кірунку армія Р 11 разоў штурмавала пазіцыі УСУ паблізу Ваўчанска, Каменкі.
На Краматорскім кірунку зафіксавана 10 баявых сутыкненняў у раёнах Белай Гары, Часавага Яру і Прадцечына.
На Купянскім і Северскім кірунках адбылося па шэсць атак расіян на кожным.
У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ адбілі 19 атак расійскіх войскаў.
* * *
Сілы абароны Украіны, верагодна, прасунуліся ў Курскай вобласці. Разам з тым фіксуецца прасоўванне з боку расійскіх захопнікаў пад Валчанскам, Часавым Ярам, Тарэцкам, Новапаўлаўкай і Вялікай Навасёлкай, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 6 траўня, паказваюць, як войскі РФ наносяць авіяўдар па будынку ў паўднёвай частцы Цёткіна ў Курскай вобласці, што паказвае на тое, што УСУ, верагодна, узялі пад кантроль пазіцыі ў гэтым населеным пункце, гаворыцца ў справаздачы ISW.
6 траўня расійскія «ваенкоры» заявілі, што УСУ захапілі да двух вуліц у паўднёвай частцы Цёткіна, і 7 траўня працягвалі сцвярджаць, што сілы абароны Украіны ўтрымліваюць пазіцыі ў населеным пункце. Адзін блогер сцвярджаў, што УСУ ўзялі пад кантроль вёску Новы Шлях, але ISW не назіраў геалакацыйных запісаў, якія б паказвалі, што ўкраінскія сілы ўвайшлі ў гэты населены пункт.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 траўня, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся паблізу агрэгатнага завода ў цэнтры Валчанска Харкаўскай вобласці.
Апублікаваныя 7 траўня геалакацыйныя кадры паказваюць, што войскі РФ прасунуліся да шахты Паўночны на поўнач ад Часавага Яру ў Данецкай вобласці.
Апублікаваныя 6 траўня кадры з геалакацыяй паказваюць, як войскі РФ падымаюць трыкалор у паўночнай частцы Новаеленаўкі (на захад ад Тарэцка), што можа сведчыць, што расійцы нядаўна акупавалі населены пункт. Расійскі блогер заявіў, што УСУ контратакавалі пад Новаеленаўкай.
Геалакацыйныя кадры ад 6 і 7 траўня паказваюць, што войскі РФ прасунуліся да ўсходняй ўскраіне Новасергіеўкі (на паўночны ўсход ад Новапаўлаўкі) і ва ўсходняй частцы Траецкага (на паўднёвы ўсход ад Новапаўлаўкі).
Таксама геалакацыйныя кадры ад 7 траўня паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на ўсход ад Новаполя (на паўднёвы захад ад Вялікай Навасёлкі).
* * *
Сілы абароны Украіны аднавілі пазіцыі паблізу вёскі Ліпцы ў Харкаўскай вобласці, піша аналітычны праект DeepState.
Як паведамляецца, 13-я брыгада Нацыянальнай гвардыі Украіны «Хартыя» ва ўзаемадзеянні з іншымі падраздзяленнямі Сіл абароны Украіны завяршыла маштабную аперацыю па вызваленні ляснога масіву на поўнач ад Ліпцаў Харкаўскай вобласці. Агульная плошча дэакупаванай тэрыторыі складае больш за 200 гектараў.
Сілы абароны Украіны змаглі адціснуць расійцаў далей ад Харкава і аднавіць кантроль над важным прыродным і тактычна значным участкам мясцовасці, адзначаецца ў паведамленні.
* * *
З 0:00 гадзін 8 траўня павінна дзейнічаць трохдзённае перамір'е з боку Расіі — пра гэта казаў Пуцін. Ва Украіне не зафіксавана масавых дронавых атак і пускаў балістычных ракет. Тым не менш, армія РФ уночы (падчас дзеяння «перамір'я») ўдарыла кіраванымі авіябомбамі па Сумскай вобласці. Удар прыйшоўся на домаўладанні мірных жыхароў. У выніку загінула 55-гадовая жанчына, два чалавекі атрымалі раненні.
* * *

* * *
Украіна правяла серыю анлайн-сустрэч з партнёрамі ЗША, ЕС, Паўночнай Еўропы і Балтыі па 30-дзённым перамір'і. У перамовах бралі ўдзел спецпрадстаўнікі прэзідэнта ЗША Стывен Уіткаф і Кіт Келаг, паведаміў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.
Паводле слоў Ярмака, Украіна падчас перамоў адзначыла, што першым крокам да справядлівага і ўстойлівага міру павінна стаць поўнае і безумоўнае спыненне агню. У той жа час прапанова Крамля адносна так званага «трохдзённага перамір'я» тычылася толькі бяспечнага правядзення параду ў Маскве і была палітычнай маніпуляцыяй.
* * *
Новы міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфуль пацвердзіў падтрымку Украіны з боку Германіі і Еўропы, паведамляе Der Spiegel.
«Кожны ў Маскве павінен ведаць, што нас давядзецца ўлічваць. Еўропа будзе абараняць і падтрымліваць Украіну ўсімі сродкамі», — заявіў Вадэфуль на палях сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС у Варшаве.
У той жа час стала вядома, што Германія перадала Украіне новы пакет ваеннай дапамогі: ракеты для сістэм супрацьпаветранай абароны IRIS-T, колавыя гаўбіцы Zuzana-2, машыны кінэтычнай абароны, боепрыпасы для танкаў Leopard-2, снарады і іншае абсталяванне і боепрыпасы.
* * *
Міністр фінансаў ЗША Скот Бесент пагадзіўся, калі яго спыталі, ці ўважае ён лідара Расіі Уладзіміра Пуціна за вайсковага злачынцу.
Падчас выступу Бесента ў Кангрэсе ЗША і штогадовых паказанняў перад Камітэтам фінансавых паслуг Палаты прадстаўнікоў ЗША, на пытанне кангрэсмена-дэмакрата Хуана Варгаса «Ці лічыце вы Пуціна ваенным злачынцам?», Бессент адказаў: «Так».
На пытанне Варгаса: «Вы б вялі перамовы з ваенным злачынцам?», Бесент адказаў: «Я лічу, што гэта сутнасць дыпламатыі — трэба весці перамовы з абодвума бакамі».
Бесент таксама заявіў, што папярэдняя адміністрацыя на чале з былым прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам аказала Украіне дапамогу, але ўвяла «вельмі слабыя» санкцыі супраць Расіі.
* * *
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс заявіў, што яшчэ «не губляе аптымізму» адносна магчымасці завяршыць вайну паміж РФ і Украінай і сказаў, што Вашынгтон цяпер чакае згоды Украіны і Расіі на прамое ўзаемадзеянне адзін з адным.
Віцэ-прэзідэнта спыталі, як далей плануюць дзейнічаць ЗША ў сітуацыі, калі ўрад РФ, падобна, не зацікаўлены спыняць баявыя дзеянні. «Я б не быў занадта песімістам і не казаў, што расійцы "не зацікаўленыя". Я б сказаў, што цяпер расійцы просяць пэўны набор саступак для таго, каб спыніць канфлікт. Мы лічым, што яны просяць занадта шмат», — адказаў Вэнс.
«Крок, які мы хацелі б цяпер — мы хацелі б, каб расійцы і ўкраінцы пагадзіліся на нейкія базавыя прынцыпы, каб сесці за стол і пачаць перамовы. Бясспрэчна, ЗША рады ўдзельнічаць у гэтай размове. Але вельмі важна, каб Расія і Украіна пачалі гаварыць адзін з адным», — сказаў Джэй Дзі Венс.
Ён прызнаў, што рознагалоссі паміж пазіцыямі Расіі і Украіны ў тым, як яны бачаць для сябе прымальнае завяршэнне вайны, вельмі вялікія. «На нашую думку, наступным крокам у перамовах павінна быць спроба закрыць гэты прабел», — адзначыў Вэнс, дадаўшы, што без прамых перамоваў паміж двума бакамі не абысціся.
«Калі "халодныя галовы" возьмуць верх, гэта можна будзе скончыць доўгім мірам, гэта будзе эканамічна выгадна для Украіны і Расіі, і, што больш важна, гэта спыніць знішчэнне чалавечых жыццяў», — дадаў ён.