Пентагон пацвярджае, што ракету «Кропка-У» па вакзале ў Краматорску выпусціла Расія

Ракетны ўдар з комплекса «Кропка-У» па чыгуначным вакзале ў Краматорску Данецкай вобласці 8 красавіка, у выніку якога загінулі больш за 50 чалавек, быў здзейснены менавіта расійскімі вайскоўцамі, нягледзячы на спробы расійскага камандавання зняць з сябе адказнасць за гэта, паведаміў высокапастаўлены чыноўнік Міністэрства абароны ЗША на закрытым брыфінгу для журналістаў 8 красавіка.

lkffeschkyl.webp


«Відавочна, мы не купіліся на пярэчанне расійцаў пра тое, што яны не нясуць адказнасці (за гэты ракетны ўдар — Заўв. рэд.). Спачатку яны заявілі пра паспяховы ўдар, але потым адмаўлялі гэта, як толькі паступіла паведамленне пра наступствы», — паведамілі ў Пентагоне.
У ведамстве сцвярджаюць, што расійскія вайскоўцы збіраюцца задзейнічаць 18-ю мотастралковую дывізію Узброеных сіл РФ для наступу на Краматорск.
«Можна гаварыць пра адно падраздзяленне — 18-ю мотастралковую дывізію, якая сфармаваная ў 2021 годзе. Складаецца з трох мотапяхотных палкоў, а таксама бранятанкавага палка. Паводле нашай ацэнкі, чакаецца, што яны будуць ужытыя там, дзе атакавалі чыгуначны вакзал (у Краматорску — Заўв. рэд.). Мы бачым перамяшчэнне падраздзяленняў і прымяненне сілы ў гэтай зоне», — паведаміў чыноўнік Пентагона.
«Гэта галоўны чыгуначны вузел усходняй часткі Украіны. І гэтае вельмі стратэгічнае месца. І мы бачылі, як яны спрабавалі перамясціць сілы ў Краматорск, дзе размешчаная гэтая чыгуначная станцыя», — дадаў ён. Паводле слоў чыноўніка, цяпер свае ваенныя падраздзяленні Расія перакідвае ў расійскія гарады Белгарад і Валуйкі з мэтай далейшага наступу.
«Бачым, што некаторыя падраздзяленні ідуць у Белгарад. Некаторыя дабіраюцца ў Валуйкі, размешчаныя на паўднёвы ўсход ад Белгарада ў Расіі і наўпрост ля мяжы з паўночнай часткай Данбаса», — паведамілі ў Пентагоне.
Паводле звестак Пентагона, з пачатку вайны Расія выпусціла ўжо 1500 ракет па Украіне. Высокапастаўлены чыноўнік таксама пацвердзіў інфармацыю Генштаба Узброеных сіл Украіны пра тое, што Расія пачала мабілізацыю 60 тысяч рэзервістаў, але ў Пентагоне кажуць, што пакуль незразумела, наколькі РФ зможа дабіцца поспеху ў гэтым.
8 красавіка расійскія вайскоўцы нанеслі ракетны ўдар па чыгуначным вакзале ў Краматорску Данецкай вобласці, дзе праходзіла эвакуацыя і знаходзіліся каля 4 тысяч мірных жыхароў. Па стане на вечар 8 красавіка вядома пра 52 загінулых, 5 з якіх — дзеці.
Адразу пасля абстрэлу шэраг расійскіх тэлеграм-каналаў паведамілі, што мэтай абстрэлу былі ўкраінскія вайскоўцы і тэхніка, але пасля адрэдагавалі гэтыя паведамленні. Пасля ў Крамлі пачалі заяўляць, што Расія не мае дачынення да гэтага.
Паводле РС.