«Працягвае публічную клаўнаду». Ва Украіне каментуюць віншаванне Лукашэнкі
Лукашэнка павіншаваў Украіну з Днём Незалежнасці. Дапамогу беларускіх улад расійскай агрэсіі ён назваў «сённяшнімі супярэчнасцямі», і пажадаў украінцам «мірнага неба, талерантнасці, мужнасці, сілы і поспехаў у аднаўленні годнага жыцця».
Як ва Украіне адрэагавалі на віншаванне? Праз багацце абраз некаторыя паведамленні прыводзяцца з карэктурай.
«Навіна, якую складана каментаваць. Дыктатар, мабыць, адчувае, што перамога Украіны блізкая. Але ўкраінцы не забудуць, што ён рабіў. І пасля данатаў для УСУ нішто не перашкаджае зрабіць з палка Каліноўскага сурʼёзную сілу для вызвалення Беларусі», — напісаў у тэлеграм-канале Антон Герашчанка.
«Лукашэнка не пасаромеўся пажадаць украінцам мірнага неба і талерантнасці», — з такім загалоўкам апублікавала навіну пра віншаванне «Украінская праўда».
«Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які прадаставіў тэрыторыю сваёй краіны для наступу Расіі на Украіну і стаў саўдзельнікам Уладзіміра Пуціна ў вайне, павіншаваў народ Украіны з Днём Незалежнасці», — напісала выданне.
«Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і саўдзельнік ваенных злачынстваў Расіі на ўкраінскай зямлі павіншаваў Украіну з Днём Незалежнасці», — піша УНІАН.
Выданне нагадвае, што з Беларусі па Украіне была выпушчаная мінімум 631 ракета, прычым апошні раз даныя абнаўляліся ў маі. «Найбольшай бамбардзіроўцы з Беларусі Украіна падвергнулася 1 красавіка, у той дзень ракеты запускалі ў прамым сэнсе кожныя 10 хвілін, усяго — каля 56 боегаловак, якія прыкрывалі адступленне расійскіх акупантаў з тэрыторыі Украіны. Запускі з Беларусі працягваюцца і дагэтуль».
«Ці ёсць мяжа цынізму? Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які дазволіў Пуціну бамбіць Украіну са сваёй тэрыторыі, павіншаваў з Днём Незалежнасці. Дыктатар пажадаў “мірнага неба”, а таксама “мужнасці, сілы і поспехаў у аднаўленні годнага жыцця”. Віншаванні 24 жніўня апублікавалі на сайце Лукашэнкі», — напісала ТСН у тэлеграме.
«Лукашэнка павіншаваў Украіну з Днём Незалежнасці, цынічна пажадаўшы “мірнага неба”», — піша РБК-Украіна.
«Адзначым, што менавіта лідар беларускага рэжыму Аляксандр Лукашэнка дазволіў Расіі поўнамаштабна ўварвацца ва Украіну 24 лютага са сваёй тэрыторыі, менавіта з беларускага боку зайшлі тыя войскі, якія атакавалі Кіеў. Акрамя таго, расійская армія нанесла і працягвае наносіць ракетныя ўдары па Украіне з тэрыторыі Беларусі», — дадае выданне.
«Мяркую, што спадар Лукашэнка сурʼёзна лічыць, што свет не фіксуе саўдзелу яго палітычнай групы ў наўмысных злачынствах супраць Украіны. І таму працягвае ладзіць публічную клаўнаду. Учора актыўна распавядаў, што за тры-чатыры дні ўсё скончыцца і непаслухмяных украінцаў выражуць, а сёння, у лепшых традыцыях цынікаў, жадае Украіне “мірнага неба”, адпраўляючы з уласных аэрадромаў тоны смяротных снарадаў для нападу на мірныя ўкраінскія гарады», — пракаментаваў віншаванне дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
«Разумею, што камусьці здаецца, што можна пажыццёва бязбожна хлусіць ці рабіць выгляд, што ўсё гэта божая раса ў вочы. Але юрыдычна ўсё, што робіць спадар Лукашэнка, абсалютна дакладна і канкрэтна прапісана крывёй украінцаў. Таму проста неабходна дачакацца правільнага фіналу вайны, краху расійскай крывавай імперыі, каб дэталёва абмеркаваць усе аспекты адценняў “мірнага неба над Украінай” з прадстаўнікамі цяперашняй беларускай адміністрацыі», — дадаў ён.
Паводле НН