Пуцін лічыць сябе Пятром I, а акружэнне баіцца сказаць яму праўду — СМІ

З’явілася расследаванне, нібыта вайна была распачата вузкім колам з некалькіх асоб, а астатнія ні пра што не ведалі і не маглі нават у такое паверыць. Цяпер Пуцін увесь час шукае апраўданне свайму рашэнню пачаць вайну — і пераконвае сябе і навакольных, што ў яго не было выбару.

Кадр з выступлення Пуціна на выставе «Пётр І — нараджэнне імперыі»

Кадр з выступлення Пуціна на выставе «Пётр І — нараджэнне імперыі»

Дзелавое брытанскае выданне «Financial Times» (FT) апублікавала ўласнае расследаванне абставін пачатку вайны, развязанай Крамлём год таму. Выданне апытала шасцярых прадстаўнікоў найбліжэйшага акружэння прэзідэнта Уладзіміра Пуціна (усе шэсць папрасілі «FT» аб ананімнасці) і такім чынам здолела аднавіць карціну таго, як прымаліся рашэнні па такіх пытаннях, як анексія Крыма і ўварванне ва Украіну.

У прыватнасці, «FT» піша, што рашэнне аб пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі» было прынята настолькі вузкім колам, што пастаўленыя перад фактам распачатага ўварвання чыноўнікі Крамля, чальцы кабінета і бізнес-эліты не маглі паверыць у тое, што адбываецца.

Адзін з суразмоўцаў «FT» распавёў выданню, што, калі зніякавелыя алігархі звярнуліся па тлумачэнні да міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова (які сам даведаўся пра вайну за пару гадзін да яе пачатку), той адказаў: «У яго [Пуціна] тры дарадцы — Іван Жахлівы, Пётр I і Кацярына Вялікая».

«Ён [Пуцін] сапраўды верыць ва ўсё, што кажа пра сакральнасць і Пятра I. Ён думае, што ўвойдзе ў гісторыю, як Пётр», — сказала «FT» адна з былых высокапастаўленых асоб Крамля.

Пуцін увесь час шукае апраўданне свайму рашэнню аб уварванні, кажуць крыніцы, і пераконвае сябе і навакольных, што ў яго не было выбару.



«Ён кажа свайму асяроддзю, што, маўляў, так, мы аказаліся зусім не гатовыя [да вайны], у войску хаос, прамысловасць у заняпадзе, але лепш так, чым нас будзе заваёўваць NATO», — распавядае суразмоўца газеты.

Крыніцы «FT» сыходзяцца ў тым, што пасля пачатку вайны расійскі прэзідэнт апынуўся ў яшчэ большай ізаляцыі ад сваіх падначаленых, чым раней.

«Сталін быў злачынцам, але добрым кіраўніком, таму што яму было зусім немагчыма схлусіць. А Пуціну ніхто не можа сказаць праўду, — тлумачыць іншая крыніца. — Чалавек, які нікому не давярае, пачынае абапірацца на меркаванне вельмі вузкага кола людзей, якія яму хлусяць».

Былы высокапастаўлены прадстаўнік Крамля распавёў у гэтай сувязі, як Пуцін паверыў Віктару Медведчуку, які запэўніваў, што Украіна гатова кінуцца ў абдымкі Расіі.

«Калі Медвядчук кажа, што ідзе дождж, лепш пераканацца ў гэтым асабіста — за вакном будзе сонца. Ёсць вынікі апытанняў, ёсць спецслужбы — як можна прадпрымаць што-небудзь сур'ёзнае на падставе таго, што кажа Медвядчук?» — здзіўляецца суразмоўца «FT».

Аднак прагнозы Медведчука пацвярджалі і ў ФСБ, што і пераканала Пуціна ў гарантаванай перамозе. Да таго ж, нагадваюць крыніцы, поспех павінны былі забяспечыць і велізарныя сумы, выплачаныя некаторым украінскім палітыкам ва ўладзе.



У асяроддзі Пуціна рабіліся спробы пераканаць яго, кажуць крыніцы. Напрыклад, Мікалай Патрушаў на пасяджэнні Савета Бяспекі за тры дні да ўварвання прасіў прэзідэнта не спяшацца.

«Ён ведаў, у якім вартым жалю стане знаходзіцца войска, і спрабаваў данесці гэта да Пуціна. Але Пуцін быў занадта самаўпэўнены. Ён ведае лепш за сваіх дарадцаў, гэтак жа, як Гітлер ведаў усё лепш за сваіх генералаў», — распавяла крыніца, блізка знаёмая з сітуацыяй у згаданы перыяд.

Што тычыцца магчымага прымянення ядзернай зброі ў вайне з Украінай, то Пуцін ужо адпрэчыў гэтую опцыю, сцвярджаюць два чалавекі, блізкія да расійскага прэзідэнта. Па іх словах, ён зразумеў, што нават абмежаванае тактычнае выкарыстанне не прынясе Расіі карысці ў гэтай вайне, а радыеактыўнае воблака можа трапіць на расійскую тэрыторыю.

Пры гэтым ён абсалютна гатовы да зацяжной вайны — і верыць у тое, што краіна знойдзе спосабы вытрымаць эканамічны ціск.

Ён ужо зразумеў, што працягваць казаць аб тым, што вайна не закране вялікую частку насельніцтва Расіі, далей немагчыма. Гэта было прымальна ў першыя месяцы пасля ўварвання, калі жыццё большасці сапраўды працягвала цячы ў звычайным ключы.

Цяпер ён абраў іншую рыторыку — гучныя словы аб мабілізацыі сіл і неабходнасці ўсеагульнага аб'яднання перад тварам пагрозы.

Аднак той факт, што ўлады не былі ўпэўнены ў здольнасці сабраць поўны стадыён на нядаўні патрыятычны канцэрт у Лужніках і сагналі дзясяткі тысяч шляхам грашовых выплат або пагроз, кажа пра тое, што новая рыторыка не асабліва дзейнічае на расіян, піша «Financial Times».



Калі ў 2014 годзе Пуцін прымаў рашэнне аб анексіі Крыма, ён не паставіў у вядомасць нават уласны Савет Бяспекі, успамінае адзін з блізкіх да прэзідэнта ў той час чыноўнікаў.

Дарадцы адгаворвалі яго ад ідэі паслаць у Крым войскі, распавядае крыніца, але Пуцін сказаў літаральна наступнае: «Гэта гістарычны момант. Калі вы з гэтым не згодны, можаце сыходзіць».

Многія з яго акружэння ўспамінаюць, што слабая рэакцыя Захаду, які збаяўся далейшай эскалацыі і разрыву эканамічных адносін з Расіяй, канчаткова запэўніла Пуціна ў тым, што ён правільна дзейнічаў у Крыме.

Паводле www.bbc.com

Пераклад «НЧ»