Трэці раўнд перамоваў паміж Украінай і Расіяй пройдзе 5 або 6 сакавіка
Трэці раўнд перамоваў паміж Украінай і Расіяй чакаецца 5 або 6 сакавіка. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі дарадца кіраўніка Офіса Зяленскага Міхаіл Падаляк.
Ён растлумачыў, што перамовы праходзяць у Беларусі, таму што Расія адмаўляецца ад іншых краін-пасярэднікаў. «Магчыма, пазней, будзе іншая краіна — Турцыя, Венгрыя, напрыклад, Польшча, таму што, на жаль, Беларусь выкарыстоўваецца інфраструктурна як плацдарм для нападу на нашы гарады», — сказаў Падаляк.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта падкрэсліў, што галоўнай мэтай перамоваў з'яўляецца спыненне агню. «Дзеля таго, каб не забівалі нашых людзей, мы гатовыя ехаць у любы час і працаваць далей», — падкрэсліў Падаляк.
Падаляк таксама заявіў, што перамовы з Расіяй будуць ісці цяжка, аднак Украіна не пойдзе на саступкі, піша РБК-Украіна.
Акрамя таго, Давід Арахамия дадаў, што члены дэлегацыі не могуць раскрываць дэталі перамоваў, паколькі абедзве краіны працуюць па ўзгодненых камюніке, каб не парушыць логіку.