Пра «Справу патрыётаў» распавядуць Еўракамісіі і «Міжнароднай амністыі»
На форуме «Свабоду палітвязням» вырашылі звярнуцца ў міжнародныя структуры з апісаннем справы арыштаваных за нібыта «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» і «стварэнне ўзброенай арганізацыі».
Праз адсутнасць Паўла Севярынца, які толькі што выйшаў пасля 15 содняў арышту, форум вяла грамадская актывістка Ганна Шапуцька. Прысутнічалі таксама юрыст Міхаіл Пастухоў, былыя палітвязні Андрэй Бандарэнка, Мікалай Аўтуховіч, Сяргей Пальчэўскі ды іншыя.
У звароце форуму ідзецца аб тым, каб прызнаць усіх фігурантаў «Справы патрыётаў» палітвязнямі яшчэ да суду. Актывісты перакананыя, што калі міжнародная супольнасць не будзе рэагаваць, улады Беларусі будуць шукаць «баевікоў» сярод сваіх грамадзянаў і надалей.
«Беларускі народ памятае часы сталінскіх рэпрэсіяў, калі па падобных справах былі арыштаваныя тысячы беларусаў. Гэта не мае паўтарыцца!»
– кажацца ў тэксце звароту.
Чаму вязняў варта прызнаць «палітычнымі»? Сярод міжнародных крытэраў ёсць момант, згодна якому такі статус набываюць вязні, зняволеныя з-за палітычных матываў улады. Паводле актывістаў, акурат такім матывам стаў страх улады перад масавымі пратэстамі ў лютым-сакавіку 2017-га па ўсёй Беларусі, таму сілавікам і было загадана «навесці парадак».
«Такой справы ў Беларусі яшчэ не было, яно выбіваецца з агульнай каляіны, — кажа вядучая форуму Ганна Шапуцька, — Затое ў Расіі такое паўсюдна, і не толькі ў Чачні. Узяць хаця б справу супраць рэжысёра Сянцова, звінавачанага ў тэрарызме… Калі мы не адрэагуем, вельмі верагодна, што атрымаем і новыя пабодныя справы».
У міжнародныя структуры таксама будзе адпраўлена апісанне сітуацыі вакол «Вязняў Акрэсціна», як сімвалічна называюць усіх «сутачнікаў», якія атрымалі адміністратыўныя арышты падчас вясновых пратэстаў. Гэта не толькі вязні непасрэдна ізалятара на Акрэсціна, але і затрыманыя актывісты з рэгіёнаў, з якіх ці не самым вядомым стаў блогер Максім Філіповіч з Гомля.
Калектыўнае фота, якое будзе накіравана Сяргею Стрыбульскаму
Напрыканцы сустрэчы выступіла спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава, а таксама быў зроблены калектыўны здымак сяброў форуму з тэкстамі віншаванняў Сяргею Стрыбульскаму, фігуранту «Справы патрыётаў», якому сёння спаўняецца 41 год. Раздрукаванае фота будзе дасланае ў СІЗА на Валадарскага, дзе ўтрымліваецца вязень.