Улада зрабіла памылку, калі пасадзіла патрыётаў

Фігурант «Справы патрыётаў» Сяржук Стрыбульскі падзяліўся з чытачамі «Новага Часу» сваімі ўражаннямі ад зняволення, распавёў пра тых, каго сустрэў за кратамі, ды пра перспектывы разгортвання працэсу над фігурантамі справы.

Сяржук Стрыбульскі і Айва — першая сустрэча

Сяржук Стрыбульскі і Айва — першая сустрэча

Сяржук адразу па выхадзе сустрэў сяброў ды журналістаў у прыватным доме на Грушаўцы. Туды ж брат прывёз яму сабаку Айву, за якую «легіянер» хваляваўся ці не найбольш. Толькі абняўшы Айву, Стрыбульскі, мабыць, упершыню за некалькі гадзін усміхнуўся. Паразмаўляць з Сяргеем мы вырашылі ўжо праз дзень па вызваленні.

Сяржук Стрыбульскі і Айва — першая сустрэча

Сяржук Стрыбульскі і Айва — першая сустрэча

 На вобшуку папракнулі «натаўскай» аптэчкай

— Сяржук, давай з самага пачатку: як праходзіла тваё затрыманне? Ці было яно чаканым?

Тэарэтычна, канешне, рыхтаваўся і да такога варыянту. Шмат хто папярэджваў, што напярэдадні 25 сакавіка могуць быць прэвентыўныя затрыманні. Таму, калі па вяртанні з крамы з курыцай у руках я ўбачыў, што на мяне з розных бакоў бягуць людзі ў масках, а адзін з іх здымае гэта на тэлефон, я не быў моцна здзіўлены. Таму і супраціву ніякага не аказваў, спакойна здаўся: мяне паклалі тварам на асфальт, апранулі кайданкі, закінулі ў машыну.

І павезлі дадому рабіць вобшук, які трываў прыкладна чатыры-пяць гадзін. Я ніколі дагэтуль не быў на такім мерапрыемстве, тым больш, вобшук не праводзілі ў мяне дома. Я не хаваў, што некалі ездзіў у Кіеў вучыцца на інструктара на курсах дамедычнай дапамогі. Таму забралі жгуты, турнікеты, аптэчку… Мяне нават папракнулі, што аптэчка «натаўская». Тое ж было з камуфляжам, на якім на цэтліку было напісана: «NATO Army». «О-о-о, натаўскі камуфляж!» Але нават ахова СІЗА на Валадарцы зараз выкарыстоўвае камуфляж па прыкладзе амерыканскага мульцікама, гэта смешна.

Пазабіралі нават магніцікі з лядоўні з лагатыпамі «Правага сектару» і выявамі Пагоні. Прычым, усім вядома, што ва Украіне і магніты «Правага Сектару», і «візіткі Яраша» прадаюцца свабодна як турыстычная прадукцыя. Ніякага крыміналу тут няма.

strybulski_4_logo.jpg

Калі сказалі, за што затрымліваюць і што шукаюць падчас вобшуку?

— Адразу ж, як зайшлі ў кватэру, мне далі пастанову на вобшук і назвалі мой артыкул. Імаверна, яны шукалі зброю. Але зброі ў мяне няма, таму забралі ўсё камуфляванае адзенне, нават заплечнік. Забралі таксама спальнік, рыдлёўку, нейкія нажы, хоць нічога з пералічанага не з’яўляецца забароненым у нашай краіне. Па-мойму, нават нажы, прызнаныя халоднай зброяй, нельга пераносіць, але па захоўванні няма абмежаванняў.

 Сукамернік чакаў суда ў СІЗА 2,5 гады

Пасля цябе павезлі ў СІЗА КДБ, сумнавядомую «Амерыканку»?

— Так, і гэта акурат было нечакана. Я быў упэўнены, што затрыманне звязанае з Днём Волі і мяне павязуць у ІЧУ на Акрэсціна, які знаходзіцца праз дарогу ад майго жытла. Думаў, ну адляжуся там нейкія содні, пасля пайду дадому. Атрымалася ж па-іншаму: на кальцы машына, якая мяне везла, завярнула ў іншы бок, я адчуў нядобрае… Калі завезлі ў комплекс КДБ на Незалежнасці, дзе і месціцца «Амерыканка», зразумеў, што справа сур’ёзная.

Да цябе ўжывалі гвалт?

— Пры затрыманні выкарыстоўвалі электрашокер, але нічога падобнага да заяваў Кунцэвіча (Сяргей Кунцэвіч заявіў, што яго катавалі электрашокерам, каб дазнацца, дзе Статкевіч.НЧ.) сказаць не магу.

Чым цябе ўразіла «Амерыканка»?

— Па-першае, уразілі тэрміны людзей, якія там знаходзяцца. Адзін мужчына адбыў у СІЗА два з паловай гады ў чаканні суда. Часам яго перавозілі то на Жодзіна, то на «Валадарку»… Увесь гэты час ён сачыў за сваёй фізічнай формай, і нават выглядаў даволі добра. Яго падазравалі ў нейкім фінансавым злачынстве — там, у асноўным, за такое і сядзяць.

cam05762_logo.jpg

А што наконт умоваў утрымання?

— Я ўпершыню трапіў у такое становішча, таму для мяне ўсё было незвычайным. Па сутнасці, за тры дні я там ужо асвоіўся. Сукамернікі нават сказалі, што выглядаю добра, бо бачылі папярэдне дарослых мужыкоў, якія ў стане шоку і роспачы плачуць у першыя ж дні зняволення. Спаў на дошцы, бо месца на шконках не было — нас сядзела пяцёра ў камеры. Матрац у мяне быў даволі прыстойны, нават лепшы, чым у іншых.

 Паводзіш сябе неадэкватна — чакай «катаванняў»

Пазней цябе перавялі на «Валадарку». Новы СІЗА, у параўнанні з «Амерыканкай», падаўся «іншым светам»?

— Атмасфера цалкам іншая, менш увагі да вязняў, больш свабоды, магчыма. Да людзей там адміністрацыя ставіцца нейтральна і, адпаведна, чакае да сябе такога ж стаўлення. Прынамсі, мне так падалося. Увесь час нас было двое ў камеры, але сукамерніка мне ўвесь час змянялі: нехта ехаў на этап, пасля яго засяляўся іншы. То бок перанасялення ў камеры не было. Так, прыкладна, і іншыя хлопцы сядзелі.

То бок і цябе, і іншых фігурантаў справы не кідалі ў камеры, дзе сядзіць па пару дзясяткаў чалавек?

— Не, магчыма, не хацелі розгаласу сярод зняволеных пра палітвязняў і канкрэтна «Справу патрыётаў». Магчыма, адміністрацыя лічыла, што пасля выхаду мы раскажам аб праблемах СІЗА і катаваннях, і таму не кідалі ў вялікія перанаселеныя камеры.

Наогул, калі хочаш, каб цябе «катавалі», варта наўпрост не выконваць загады адміністрацыі. Калі не ўстаеш на абходзе камераў, крычыш, паводзіш сябе неадэкватна, тады будуць санкцыі адміністрацыі. Па сутнасці, не супрацоўнікі СІЗА ж нас там утрымліваюць па сваёй волі, але Следчы камітэт ці КДБ. Таму наглядчыкам няма розніцы, палітычны ты ці не.

cam05775_logo.jpg

Збіраўся ў лагер, пакаваў цыгарэты…

Інфармацыя з волі даходзіла да цябе? Ці ведаў пра лёсы іншых хлопцаў?

— Поўны спіс абвінавачаных я ўбачыў у «Нашай Ніве» 5 красавіка, якая прыйшла да мяне, разам з фота, і нават днямі народзінаў. Мяне здзівіла, што газету прапусцілі. Атрымліваў «Народную Волю», «Белгазету», «Краязнаўчую газету». Мяне падпісалі таксама на «ARCHE», але часопіс так і не дайшоў. Навучыўся нават чакаць па днях тыдня, ведаючы, калі якая газета прыйдзе.

Чым у асноўным займаў свой час?

— Найбольш я нешта пісаў ці чытаў. Некаторыя зняволеныя банальна спяць, нехта стварае побыт, нехта яшчэ чым займаецца… Гэта збольшага лежачы і седзячы лад жыцця. Я адціскаўся ад падлогі, падчас шпацыраў займаўся кардыяпрактыкаваннямі.

Ты быў гатовы, што справа дойдзе да суда і атрымаеш вялікі тэрмін?

— Так, я рыхтаваў сябе маральна. Я не меў нейкіх ілюзіяў, бо быў сур’ёзны артыкул, і я ўжо праседзеў нейкі час. Смешна зараз, але я ўжо збіраўся ў лагер, рыхтаваў і пакаваў цыгарэты.

cam05754_logo.jpg

 Калі выйшлі на волю, то абмацалі траву і дрэвы

Ці адчуваў падтрымку з волі?

— Скажу болей, калі б не падтрымка, я не ведаю, у якім псіхалагічным стане я б апынуўся. Бо калі людзі табе пішуць нават нейкія побытавыя рэчы, якія яны зрабілі за дзень, гэта вельмі натхняе. Нехта пісаў, што пасадзіў бульбу, бачыў буслоў альбо апісваў, як квітнее яблыня. Не трэба гучных словаў, кшталту: «Трымайся!» — гэта пафас. Я і так там трымаюся, а вось расповеды пра жыццё — гэта вельмі прыемна.

Як ты даведаўся пра вызваленне? Ці стала гэта шокам?

— Пра вызваленне даведаўся ў сам дзень вызвалення. Мяне выклікалі, я паставіў подпіс у падпісцы аб нявыездзе — усё вельмі хутка. Праз гадзінку-паўтары мяне вызвалілі разам з яшчэ адным фігурантам справы — Алесем Зімніцкім, там мы і пазнаёміліся. Гэта быў шок, але прыемны шок. Калі мы выйшлі, мы дакрануліся да травы, дрэваў — трэба было ўзгадаць тактыльныя адчуванні.

sjarzuk_i_ajva___perszaja_sustrecza__5__logo.jpg

 Планы: знайсці працу і стварыць сям’ю

Як ты лічыш зараз, чаму паўстала гэтая справа і навошта?

— Я ўжо жартаваў, што, магчыма, хлопцаў такім чынам адбіраюць для тэрытарыяльнай абароны — гэта было б няблага. Я ўпэўнены, што шмат хто з нашых хлопцаў, якія сур’ёзна займаліся тым жа страйкболам, былі б гатовыя браць удзел у тэрытарыяльнай абароне. Бо людзі самі на гэта настроеныя, іх не трэба прымушаць бараніць Радзіму.

Я перакананы, што дзяржава зрабіла вялікую памылку, пасадзіўшы патрыётаў, гатовых бараніць свой край. Але ў той сітуацыі, якую маем, усім трэба захаваць твар: як уладам, так і грамадству. Таму паступова хлопцаў пачнуць адпускаць. Па маім меркаванні, не факт, што справа нават да суда дойдзе.

Чым зараз збіраешся займацца?

— Першасныя планы простыя: знайсці працу, займацца бытам, стварыць сям’ю. Там я перагледзеў пэўныя жыццёвыя каштоўнасці, усвядоміўшы, што не маю нават сям’і… Для бацькоў гэта было вельмі цяжка, тым больш што бацька інвалід першай групы, фактычна, не бачыць. Таму збіраюся вырашаць пакуль простыя жыццёвыя задачы. Па сутнасці, на мяне тэрмін паўплываў нават станоўча, я па-іншаму пачаў ставіцца да людзей, зразумеў, колькі ў нас годных беларусаў навокал.

sjarzuk_i_ajva___perszaja_sustrecza__3__logo.jpg

Фота Алеся Кіркевіча


Чытайце таксама:Неабыякавы чалавек з вялікім сэрцам 
          Стрыбульскі: «Нехта хоча, каб я ператварыўся ў ваўкалака»