Прэмія, якую заснавала Асамблея НДА, уручаецца ўжо шосты раз. Пераможцы вызначаліся па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі рабочай групы Асамблеі (44 прадстаўнікі арганізацыяў), а таксама 56 запрошанымі экспертамі з ліку лідараў НДА, мінулагодніх пераможцаў прэміі.
“Ідэйнай натхняльніцай гэтай прэміі была Алена Валынец-Чарняева. Я напачатку дастаткова скептычна да гэтага ставіўся. Лічыў, што кожны, хто займаецца грамадскай дзейнасцю, варты таго, каб быць адзначаным. Але потым мы паглядзелі, што ўганараванне добра матывуе надалей займацца грамадскай дзейнасцю і тых, хто атрымаў прэмію, і тых, хто трапіў у намінанты, і ўвогуле тых, хто папрысутнічаў пры ўручэнні. Калі дзяржава нас не стымулюе, нам варта саміх сябе адзначаць”, — у каментары для “НЧ” адзначыў старшыня Асамблеі НДА Cяргей Мацкевіч.
У вітальным слове Cяргей Мацкевіч прапанаваў узгадаць хвілінай маўчання выбітных дзеячаў культуры, сапраўдных сейбітаў беларушчыны, якія сышлі ў 2014 годзе. Кіраўнік Асамблеі НДА таксама адзначыў, што ў 2014 годзе ў грамадстве пашырыўся інтарэс да беларускасці, да нацыянальных каранёў, што дазваляе з большым аптымізмам глядзець у будучыню.
У намінацыі “Грамадскі лідар года” перамаглі вядоўцы моўных шоў “Мова нанова”, “Моваведа”, “Мова тут” "Мова ці кава”. На ўручэнні прызоў былі Аляксей Шэін, Алена Шэрэмет і Валярына Кустава. Стваральнікі папулярных моўных курсаў зрабілі ў 2014 годзе вялікую супольную справу — у Мінску і ў рэгіёнах Беларусі істотна пашырылі беларускамоўную прастору.
У намінацыі “Кампанія году” перамагла кампанія “Пазнач сябе беларусам”, арганізаваная камандай “Арт Сядзібы”, у межах якой актыўна папулярызаваліся адзенне і стужкі з беларускім арнаментам.
Пераможцамі ў намінацыі “Новая ініцыятыва” сталі удзельнікі ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”. Кампанію судовага ціску на ўлады, каб юрыдычна абараніць ахоўныя межы Курапатаў ад незаконнага скарачэння і забудовы, група экспертаў распачала ў 2014 годзе. Адбыліся чатыры рэзанансныя судовыя паседжанні, праектаванне забудовы ахоўнай зоны прыпынілася. Кіраўнік Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, якая атрымлівала ўзнагароду, выказала падзяку ўсім, хто дапамагаў у высакароднай справе абароны ад забудовы месца расстрэлу і пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
У намінацыі “Рэгіянальная падзея” адзначаны Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Свіслачы. Прысутныя заслухалі аўдыёзварот аднаго з арганізатараў грамадскай акцыі Юрыя Глебіка.
За нестандартны падыход да актуалізацыі значнай для грамадства тэмы ў намінацыі “Крэатыў году” перамагла акцыя салідарнасці футбольных фанатаў на матчы “Беларусь — Украіна” у Барысаве.
“Гарбуз году” для Упраўлення па грамадзянству і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкаму і Аддзелу па грамадзянству і міграцыі Першамайскага РУУС Мінска за ануляванне віду на жыхарства праваабаронцы Алены Танкачовай атрымалі юрысты Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Андрэй Сушко і Аляксей Казлюк.
Найлепшым сайтам НДА прызнаны nastaunik.info. Узнагароду атрымлівалі яго рэдактарка Вольга Мазурава і ідэйная натхняльніца Тамара Мацкевіч.
Нефармальную частку імпрэзы ўпрыгожыў фуршэт і чароўныя гукі фартэп’яна ў выкананні Пятра Клюева.
Абмеркаванне:
ВР
Коваленко
Alexandr