Дапамога стыхій. Медытацыя для паляпшэння агульнага стану і павышэння працаздольнасці

Калі адчуваеце, што ў бясконцым віры клопатаў і праблем вам неабходна падтрымка, звяртайцеся па яе да Прыроды. Яна абавязкова дапаможа!


З даўніх часоў людзі шанавалі зямлю, ваду, агонь, паветра, неба. Іх персаніфікавалі — кожнай стыхіі адпавядала пэўнае боства, а тое і не адно. У розныя моманты жыцця звярталіся да іх, прасілі дапамогі.

Для нашых продкаў неба сімвалізуе святасць і велічнасць. Гэта змясцілішча вільгаці, святла і агню — усяго неабходнага для жыцця. Тут жывуць багі. Калі ўмець «правільна» глядзець у неба, можна не толькі прадказваць, але і мяняць асабісты і нават калектыўны лёс.

Зямля асэнсоўвалася як усеагульная крыніца жыцця. Нездарма яе часта называюць «Маці-зямля». Зямля — першаэлемент, з якога створаны наш свет. Таму гэта сімвал грунтоўнасці, надзейнасці, прыроднай моцы.

Да ветру нашы продкі ставіліся амбівалентна. З аднаго боку, яго лічылі параджэннем (альбо праяўленнем) дэманічных істот, інструментам вядзьмарак і ведзьмароў. З іншага — вецер прыносіць дажджавыя хмары, спрыяе ўраджаю, працягу жыцця. Да таго ж «на вецер» адсылалі хваробы і няшчасці, верылі, што ён можа вызваліць чалавека ад усяго дрэннага.

Яшчэ адна паважаная стыхія — агонь. Праяў у яго шмат: непасрэдны агонь у печы, у вогнішчы; святло зор; маланка. Агонь — абавязковы атрыбут шмат якіх абрадаў і рытуалаў. Агонь — абаронца не толькі ад сцюжы, але і ад сурокаў, злых істот, магічных уздзеянняў. Таксама агонь — рухавік жыцця, дзейнасці (агонь у сэрцы, агонь у вачах).

Вада ў традыцыйнай карціне свету беларусаў — таксама першаэлемент, без якога проста немагчыма жыццё. Вада — ачышчальны сродак, без яе не абыходзіўся ні адзін знахарскі абрад. Вада — праваднік, без якога немагчымы пераходы душы паміж тым і гэтым светам. Вада (дождж) таксама звязвае Зямлю і Неба, нараджаючы жыццё.


Мантаж: Крылы

Музыка: Cosmic Meditation by Arko_S | sites.google.com/view/arkosmusic/

Music promoted by www.free-stock-music.com

Creative Commons / Attribution 3.0 Unported License (CC BY 3.0)


Перад медытацыяй:

  • Паклапаціцеся, каб хвілін 20-30 вас ніхто не турбаваў (адключыце тэлефоны, пазакрывайце мэсэнджары на камп'ютары/планшэце, зачыніце дзверы, здыміце фітнес-бранзалеты ды смарт-гадзіннікі).
  • Праветрыце памяшканне, папіце вады, наведайце прыбіральню.
  • Паздымайце ўсе ўпрыгожанні з валасоў, гадзіннікі, паясы (ці проста расшпіліце).
  • Уладкуйцеся ў зручнай позе (цягам медытацыі варушыцца можна, калі ўзнікне такое жаданне).

Вітаем у падарожжы ў Сусвет!