Котка. Медытацыя на лёгкае засынанне

Калі вы пакутуеце на бессань, цяжкае засынанне, вір думак у галаве, а сон не прыносіць палёгкі і адпачынку, прапануем адправіцца на сустрэчу са сваёй коткай ды салодка заснуць пад яе ласкавае варкатанне.


Стаўленне да катоў у нашых продкаў было неадназначнае. З аднаго боку, катоў і котак часта вінавацілі ў дапамозе ведзьмарам і вядзьмаркам. А кашэчы кароль Варгін і сам лічыўся моцным чараўніком.

З іншага, паданні сцвярджаюць, што котка мае боскае паходжанне. У адным варыянце яе стварыў Бог, каб першаму чалавеку на зямлі не было самотна і было каго гладзіць.

Сустракаецца нават версія, што котку стварыла Панна Марыя (скінуўшы на зямлю сваю рукавічку), каб абараніць жанчыну ад д’ябла ў абліччы мышы (пацука). Праўда, у часы Панны Марыі коткі ўжо даўно захапілі свет, але паданне такое існуе.

А яшчэ адна легенда расказвае, што ў тым хляве, дзе Марыя нарадзіла Ісуса, жыла котка. Нованароджаны немаўля-Ісус доўга і гучна плакаў, пакуль котка не сагрэла яго сваім цяплом і не закалыхала варкатаннем. У падзяку ад Панны Марыі ў котак на лбе быццам бы засталіся палоскі, якія складваюцца ў літару М (першая літара яе імя).

І вядома казка, як першая котка дапамагала чалавеку закалыхваць немаўлят.

Прапануем і вам адправіцца на сустрэчу са сваёй коткай ды салодка заснуць пад яе пяшчотнае варкатанне!


Мантаж: Mocna

Музыка: Time to Think ад Purrple Cat / purrplecat.com

Музыка прасоўваецца / www.free-stock-music.com

Ліцэнзія: Creative Commons/Attribution-ShareAlike 3.0 Unported (CC BY-SA 3.0)


Перад медытацыяй:

  • Паклапаціцеся, каб усе дзённыя справы былі завершаны і вас ніхто не турбаваў (адключыце тэлефоны, пазакрывайце мэсэнджары на камп’ютары/планшэце, зачыніце дзверы, здыміце фітнес-бранзалеты ды смарт-гадзіннікі)
  • Праветрыце памяшканне, папіце вады, наведайце прыбіральню
  • Рассцяліце ложак, уладкуйцеся ў зручнай позе (цягам медытацыі варушыцца можна, калі ўзнікне такое жаданне) і спакойна засынайце

Вітаем у падарожжы ў Сусвет!