Месяц — медытацыя для абнаўлення і перазагрузкі
Калі цяжар перажытага цісне і не дае ісці наперад, калі нейкая сітуацыя ўвагнала вас у поўны ступар, памедытуйце на святло ўласнага Месяца.
З даўніх часоў Месяц прыцягваў увагу людзей. Існуе версія, што ў нашых продкаў культ гэтага нябеснага свяціла нават больш старажытны за культ Сонца.
Адметнай рысай Месяца з’яўляецца яго зменлівасць. То маладзік, то поўня, то сыход, то ветах — і гэта ўсё адзіны Месяц. Існуюць розныя паданні, чаму так адбываецца. Адно з іх распавядае, што Месяц падобны да хлеба, які выпякае Бог. Калі «бохан» чарсцвее, нябесны ўладар крышыць яго рэшты на зоркі, пакідаючы маленькі кавалак для расчынення новага цеста. І як тая рошчына, гэты акраец расце, набухае, каб зноў стаць круглым прыгожым, цэлым.
У гэтым сэнсе Месяц і сімвалізуе абнаўленне, «перазапуск» новага цыкла.
Перад медытацыяй:
- Паклапаціцеся, каб хвілін 20-30 вас ніхто не турбаваў (адключыце тэлефоны, пазакрывайце месенджары на камп'ютары/планшэце, зачыніце дзверы, здыміце фітнес-бранзалеты ды смарт-гадзіннікі).
- Праветрыце памяшканне, папіце вады, наведайце прыбіральню.
- Паздымайце ўсе ўпрыгожанні з валасоў, гадзіннікі, паясы (ці проста расшпіліце). Уладкуйцеся ў зручнай позе (цягам медытацыі варушыцца можна, калі ўзнікне такое жаданне).
Вітаем у падарожжы ў Сусвет!